Зяленскі заявіў, што гатовы абмяняць Белгарад на членства Украіны ў НАТА
На супольнай прэс-канферэнцыі з прэм'ер-міністаркай Даніі Уладзімір Зяленскі зноў адказаў на пытанне аб магчымасці адмовіцца ад украінскіх тэрыторый у абмен на пуцёўку ў НАТА.
«Мы гатовыя абмяняць Белгарад на членства Украіны ў НАТА», — сказаў Зяленскі. Раней ён неаднаразова падкрэсліваў, што яго краіна не саступіць сваіх тэрыторый дзеля мірнага пагаднення.
Таксама Зяленскі выказаўся аб ходзе контрнаступлення УСУ.
«Мы наступаем, я лічу, што гэта пазітыў. Я б не забываўся, што мы наступаем і змагаемся не супраць кагосьці, а супраць Расійскай Федэрацыі. Яшчэ летась яна хацела поўнасцю нас знішчыць і захапіць — не атрымалася. А цяпер у нас ідзе контрнаступленне. Ведаю, што хочацца заўсёды хутчэй. Самалёты могуць паскорыць гэты працэс, бо ў небе дамінуе РФ, і самалётамі мы не абмяжуемся», — цытуе яго словы «РБК-Украіна».
Каментары