Новая норма ў ЕС дазволіць карыстальнікам сацыяльных сетак спакойна выйсці з матрыцы рэкамендацый ШІ
Інтэрнэт-карыстальнікі асноўных сацыяльных сетак у Еўрапейскім саюзе змогуць уздыхнуць з палёгкай дзякуючы паваротнаму закону, які дае магчымасць сказаць «не, дзякуй» штучнаму інтэлекту.
Дзякуючы Закону аб лічбавых паслугах (DSA), карыстальнікі Facebook і Instagram (ад Meta), TikTok (ад ByteDance) і Snapchat (ад Snap) могуць лёгка адхіляць «персаналізаваны» змест, які адлюстроўваецца на аснове «рэлевантнасці» (г. зн. праглядаў карыстальніка). Зараз карыстальнікі змогуць пераключацца на больш сціплы выгляд навін, які змяшчае пасты ад вашых сяброў, што адлюстроўваюцца ў храналагічным парадку.
І гэта толькі вяршыня нарматыўнага айсберга. Змены дастасоўваюцца да асноўных платформаў у ЕС, але некаторыя з іх распаўсюджваюцца ва ўсім свеце, бо тэхналагічныя гіганты вырашылі аптымізаваць некаторыя элементы.
Facebook на самай справе прыняў меры раней за крайні тэрмін адпаведнасці DSA, запусціўшы храналагічную новую ўкладку Feeds у ліпені. Наўрад ці Meta зрабіла б гэты крок, калі б еўрапейцы не прынялі закон, які абавязвае асноўныя платформы даваць карыстальнікам магчымасць прагляду неперсаналізаванага кантэнту.
Нядаўна мы таксама распавядалі, як YouTube абвясціў, што карыстальнікаў з адключанай функцыяй «Гісторыі праглядаў» не будуць турбаваць рэкамендацыямі відэа на аснове ранейшых праглядаў.
Выбар зместу, заснаваны на адсочванні кантэнту, што праглядаўся, дзейнічае даволі груба. TechCrunch прыводзіць просты прыклад. Пасля таго як карыстальнік выпадкова паглядзіць (і, крый божа, упадабае) відэа з коткай у Instagram, стужка навін будзе перапоўненая бясконцымі кацінымі відэа з адной толькі мэтай: пратрымаць вас на платформе як мага даўжэй.
Цяпер Марк Цукерберг вымушаны ўлічваць новы закон і прапанаваць карыстальнікам у ЕС магчымасць адключаць дэманстрацыю персаналізаванага зместу. У інстаграме пераключыцца можна, напрыклад, на ўкладцы «Explore» (значок лупы ўнізе), дзе трэба націснуць на тры кропкі ў правым верхнім куце і абраць «Not personalized» (па змоўчанні там выбраны алгарытмічны кантэнт «For you»).
Стужка зместу, які, паводле падлікаў штучнага інтэлекту Meta, лепш за ўсё прыцягне вашу ўвагу, будзе замененая сеткай неперсаналізаваных выяў — пераважна пейзажнымі фота, быццам натхнёнымі National Geographic. Выглядае крыху нудна, але, мабыць, у гэтым і сэнс. Пры выхадзе з сеткі, аднак, налады, здаецца, вяртаюцца ў стан «па змоўчанні».
Уключэнне гэтай рэтрафункцыі ў Facebook, які даўно ператварыўся ў хаатычны набор рэкламы ўперамешку з пастамі, адфільтраванымі ШІ па папулярнасці (на аснове ўзаемадзеяння), перанясе карыстальніка ва ўмоўны 2008 год, калі пасты паказваліся ў зваротным храналагічным парадку. На жаль, па змоўчанні галоўная старонка Facebook па-ранейшаму мае выгляд, адсартаваны ШІ, у тым ліку персаналізаваныя рэкамендацыі для Reels і Stories.
Пераключальнік «Выключыць ШІ» можа аказаць яшчэ большы ўплыў на TikTok, дзе менавіта алгарытму выбару кантэнту прыпісваюць асноўныя вірусныя тэндэнцыі, што спрыяюць агульнай шалёнай папулярнасці платформы, асабліва ў маладых людзей.
Але адыход ад «іголкі» штучнага інтэлекту ўсё роўна запатрабуе ад карыстальнікаў праявы свабоды волі, бо новы еўрапейскі рэгламент патрабуе толькі адно, каб платформы прапаноўвалі відэа на выбар. Але яшчэ трэба высветліць, ці сапраўды TikTok-супольнасць будзе аддаваць перавагу новым неперсаналізаваным стужкам.
Аднак сам факт дадавання новай (насамрэч старой) функцыі некаторыя карыстальнікі называюць магчымай «рэвалюцыяй кантэнту», якая так патрэбная сённяшняму грамадству, дыскурс якога накіроўваецца алгарытмамі ў сацсетках тэхналагічных гігантаў. У светлай будучыні ціхі выхад з гэтых алгарытмаў можа стаць наступнай вялікай тэндэнцыяй, даючы інтэрнэт-сэрвісам менш магчымасцяў для крадзяжу нашага вольнага часу.
Каментары