Грамадства55

«Можна сказаць, дзяцінства не было». Сямейная пара ўдваіх пабудавала дом, жыве там у шчасці ўжо 62 гады і ганяе на матацыкле

Вокны, нібы вочы, адлюстроўваюць настрой і лёс. У шэра-блакітнай хаце са шлаку ў Задворанцах Ваўкавыскага раёна на падваконніках стаяць кветкі, мільгаюць цені Мікалая Фёдаравіча і Веры Антонаўны — адзіных пастаянных жыхароў вёскі. Яны разам ужо 64 гады. Удваіх пабудавалі хату, выгадавалі траіх дзяцей, згулялі ў гэтых сценах не адно вяселле, у тым ліку сваё — вянчанне праз 50 гадоў. Realt.by зрабіла рэпартаж пра людзей, якія захавалі павагу і інтарэс адно да аднаго і зрабілі цяжкі шлях «салодкім і без цукру».

«Трэба было аддаць дзяржаве малака 250 літраў, шэрсці і мяса»

Дамы ў вёсцы Задворанцы стаяць па абодвух баках вузкай дарогі. Тут зараз шмат пустых двароў, не тое, што яшчэ 10 гадоў таму, калі аднавяскоўцы сабраліся ў хаце Веры Антонаўны і Мікалая Фёдаравіча, каб сустрэць іх з вянчання. Зараз яны адзіныя пастаянныя жыхары вёскі.

Наш прыезд парушыў мясцовы спакой. Пра незнаёмцаў гаспадароў дома апавясцілі два сабакі, што гаўканнем адрэагавалі на чужых.

Менш чым праз хвіліну з дому выходзяць Мікалай Фёдаравіч і Вера Антонаўна. Здаецца, яны даўно чакалі наша з’яўленне. Іх радасць і клопат нагадвае паездку да бабулі і дзеда.

— Дзеці, пойдзем у дом. Коля, трэба ж пакарміць іх, — адразу выдае Вера Антонаўна. Для гэтага пакалення ўсе малодшыя — гэта дзеці і ўсё роўна, хто ты там і адкуль. А мы, ведаеце, не супраціўляемся.

З хаты павявае прахалодай — тое, што трэба, каб выратавацца ад спякоты. Пакой за пакоем, дзверы за дзвярыма — і мы нарэшце ў кухні — галоўным памяшканні вясковай хаты. Тут і печ, і стол, за якім звычайна ядуць муж і жонка.

Чамусьці менавіта ў такіх хатах разумееш, што за ўтульнасць адказваюць не дарагая тэхніка і заморскія шпалеры. Падлогу і сцены тут упрыгожваюць дываны і вышыўкі ручной працы — адзінае, што было даступна ў тыя часы.

Колькі родных пахаў прыглушаюць думкі і акунаюць у дзяцінства. Торбачка, што вісіць побач з хусткай, пахне хлебам, па жалезным кубку скочваюцца кропелькі вады з калодзежа. Адразу перасохла ў горле — неадкладна трэба папіць.

Пакуль мы аглядаемся, апускаючыся кожны ў свае думкі, Вера Антонаўна просіць прабачэння за такі просты інтэр'ер, не разумеючы, што ў гэтым яго хараство.

Мікалаю Фёдаравічу 88 гадоў, Веры Антонаўне — 84. І іх не пасадзіць! Носяцца па хаце адзін за адным, дастаючы і расстаўляючы посуд, відэльцы і шклянкі. І без яе слоў ён дастае кампот. Без яго просьбаў аб дапамозе яна прытрымлівае лыжкай клубніцы ў слоіку, пакуль ён разлівае напой. І так ужо 64 гады.

Мікалай і Вера — бацькі траіх дзяцей. Цяпер у іх яшчэ ёсць і пяцёра ўнукаў і трое праўнукаў. Дачка прыязджае некалькі разоў у месяц, сын даўно жыве ў Латвіі, таму бывае ў бацькоў радзей. Адну дачку яны нядаўна пахавалі. Яе партрэт стаіць на трэльяжу.

Раней вёска была больш гучная на галасы людзей, але за 10 гадоў практычна апусцела. Улетку кампанію старым складаюць пара дачнікаў. Раз на тыдзень заязджае ў вёску аўталаўка.

— Калісьці бывалі часцей, але што нам старым тут трэба? Купім булку хлеба, каўбасы і печыва — і на тыдзень хапае.

— Пад дом прыязджае і пошта, каб аддаць пенсію. Грошы атрымаеш, падзякуеш, а калі маеш сумленне, пачастуеш шакаладкай або цукеркамі, — падтрымлівае жонку муж.

Задворанцы — радзіма Мікалая Фёдаравіча. Ён называе вёску партызанскай гасцініцай, таму што яны тут былі часта.

— Гэтая камяністая дарога яшчэ пры Польшчы была зроблена. Я жыў у дзяцінстве на тым баку вуліцы, у доме, які дзялілі дзве сям'і: наша і майго дзядзькі, — распавядае Мікалай. — Нас у сям'і было 6 чалавек. Маці падымала адна, бацька памёр у 45 гадоў. Дзяцінства было цяжкім: зямлі было мала — 3 гектары, а падаткі вялікія. Трэба было аддаць дзяржаве малака 250 літраў, шэрсці і мяса. Можна сказаць, што і не было ніякага дзяцінства. Чатыры класы хадзіў у нашу мясцовую школу, астатнія — у другой вёсцы. Цяпер няма і тых школ. Дзяцей не хапае, таму і закрываюць.

У час вайны вёска была акупавана немцамі. Частка мужыкоў пайшла да партызанаў, жыхары, канешне, дапамагалі.

— Немцы правяралі сем'і раз на месяц. Была ў кожнай хаце такая кніга, дзе было запісана, колькі чалавек у сям'і і як іх зваць. Памятаю, што раз немцы атачылі вёску ды злавілі партызан. Тут, дзе я паставіў хату, у бацькі раней была пабудовачка з зярном. Тых партызан сюды загналі, а праз час у нас на агародзе расстралялі шэсць чалавек.

Вера Антонаўна з вёскі Малая Лапеніца. Вайна закранула і яе сям’ю. З фронту не вярнуўся дадому бацька.

— У трох вёсках ніхто з мужчын, хто быў на вайне, не вярнуўся да родных.

«За дзень тры калодзежы вады збіралі»

Мікалай Фёдаравіч лічыць, што такі цяжкі лёс, безбацькоўшчына, голад аб’ядналі іх з жонкай. Яны разумелі, што жадаюць ад жыцця і як цяжка будаваць шчасце.

— Салодка было без цукру — вось, што вам скажу. Добра было, але самі ўдваіх усё рабілі, — гаворыць гаспадыня. — У яго характар добры. А была б я кепская, гуляшчая, то яго сястра ніколі б не сказала ажаніцца. Ужо трэба разводзіцца, надакучылі адзін аднаму, — жартуе Вера Антонаўна і чакае рэакцыі мужа.

— Зараз я вам усю праўду раскажу, — тут ужо пачынае Мікалай Фёдаравіч і кажа, што сваю Веру пазваў замуж без кахання. Але тут жа гаворыць, што некалькі разоў спецыяльна прыязджаў на танцы, каб яе ўбачыць. — У яе тады другі кавалер быў, мяне нават пабіць спрабаваў з сябрамі. Раз прыйшоў да яе і сказаў, што хачу ажаніцца, а яна і пайшла. Вера знамянітая была па льну…

— Забыўся па чым, — чапляе Вера і глядзіць па-добраму на мужа.

— А, па кукурузе. Эксперыменты ў калгасе рабілі, садзілі кукурузу рознымі шляхамі. Яе і на выстаўку звалі ў Маскву, і на радыё выступала. Я вунь дома слухаў. Другое месца далі тады Веры, а ў падарунак — гадзіннікі Zvezda і імянныя «Эра». Потым ужо Ордэн працоўнага чырвонага сцяга і срэбны медаль, — з гонарам і хвальбой гаворыць Мікалай.

— Я гэтыя гадзіннікі і медалі аддала дзецям, як цацкі, каб гулялі.

Без працы абодва ніколі не сядзелі: ні ў калгасах, ні дома. Вера Антонаўна заўсёды працавала паляводам. І пасля шлюбу адразу пайшла ў новы калектыў свайго новага дома.

— Не цярпела без працы жыць яна. А я быў на розных месцах: асімінатарам, токарам, слесарам — так тады дыктаваў час. Але ўсё ж такі зрабіў тое, што трэба ад мужыка: сына вырасціў, дом пабудаваў, дрэвы пасадзіў. Хату мы ўдваіх рабілі.

Гісторыю дома слухаеш як нейкую казку. Адмысловай яна здаецца і таму, што сядзім мы ў яго пакоях. Гаспадары распавядаюць, колькі сілаў было патрачана на будаўніцтва, а бачна толькі яго лёгкасць і ўнікальнасць. Здзіўляешся печкай Мікалая, што ідзе па версе дзвярэй з пакоя ў пакой.

— Мы куплялі шлак — 20 капеек за куб у Ваўкавыску. Брат дапамог нам тады. Ён працаваў на чыгунцы ў кадравым аддзеле. Падагнаў нам шлак, які мы з Верай збіралі. Для хаты нам патрэбна было два вагоны. Потым наймалі машыну з калгасу, каб яго перавезці сюды.

Фундамент сям’я рабіла тыдзень пасля працы. Хата выйшла ў 80 метраў. Будаваць часам дапамагалі і родныя — як гаворыць Вера Антонаўна, «бясплатныя чалавекі».

— Сцены рабілі так: 90 вядзёр шлаку, мяшок вапны, мяшок цэменту. Усё залівалі вадой і перамешвалі, — яшчэ памятае працэс Мікалай Фёдаравіч.

— Тады за дзень тры калодзежы вады збіралі. Не ведаю, злаваўся можа хто на нас з суседзяў, — турбуецца і зараз гаспадыня. — Чарапіцу рабіла цётка тут жа, а крылі крышу таксама ўдвух з Колем. Пераехалі праз два гады, але на падлозе яшчэ быў пясок, спалі на жалезных ложках. І па сённяшні дзень на іх спім. Тады не было грошай купіць драўляныя, а потым ужо не патрэбны былі – і гэтыя добрыя.

Засталіся ў доме першыя доўгачаканыя пакупкі: шафа і круглы стол.

— Тады яны былі вельмі файнымі. 70 рублёў за шафу з люстэркам! Стол гэты круглы тады быў нечым«ваў», а зараз можа і непрыгожы. Так усё жыццё за ім збіраліся. У нас тут у вёсцы жыло многа жанчын, і калі хто народзіць, прыходзілі да нас рабіць «атветкі». Таму што, калі рыхтаваліся да шлюбу дачкі, набылі талеркі, чаркі, відэльцы — а гэта не ў кожнага было. Адной дачцэ шлюб рабілі ў хаце, другой — у двары. Мікалай тады сам і лясы ставіў, каб навес зрабіць, і сталы будаваў. Плясалі тут, таму што ў нас нідзе і клубу ніякага няма. Калі ўжо і пляменніка ажанілі, то зрабілі прыбудову з кухняй, каб да суседзяў не бегаць.

«Вось зараз у нас каханне»

Самае доўгае застолле было на гадавіну Мікалая і Веры — на 50 гадоў шлюбу. Тады яны вырашылі павянчацца. У іх маладосці царква не працавала, а зараз, праз столькі год, вырашыліся. Такому святу мабыць і маладыя пазайздросцяць:

— Прыехалі дзеці з Латвіі, з Гародні, прыйшлі суседзі — чалавек 60 было. Мы сцяну ў комнаце прыбралі і паставілі сталы літарай «П». Тры дні гулялі.

— Я была ў такой шэрай прыгожай сукенцы, нам кольцы давалі. Вянчаліся ў нашай царкве, дзе я зараз прадаю свечкі.

Мікалай Фёдаравіч і Вера Антонаўна з дабрынёй і любоўю ставяцца да кожнага метра сваёй гаспадаркі. Нягледзячы на сівыя валасы і лічбы ў пашпарце, Мікалай таксама з запалам гуляе з сабакам, наіўна абдымае тоўстыя дрэвы каля дома, што садзіў яго бацька, і з іскрынкай у вачах садзіцца за руль свайго матацыкла. А побач, у калясцы — яна. Ён як сапраўдны джэнтльмен давозіць яе да царквы і чакае, каб завезці дадому. А потым, як у фільмах, на хаду адчыняючы вароты, заязджае ў двор. Нельга тут не быць дзецьмі: стоўпіліся каля рарытэтнай машыны і цешымся таму, што Мікалай Фёдаравіч прапануе пакатацца. А гавораць жа, што ў старасці ў вёсцы няма чаго рабіць!

— У нас вялікая гаспадарка: два каты, два сабакі, куры, — смяецца Вера. — Раней былі каровы, свінні, а цяпер нам столькі не патрэбна. Вось зараз у нас каханне. Няма ніякіх прац: хочаш — ляжы, хочаш — працуй.

— Я ніколі яе і пальцам не чапаў. Бывае пасварымся, а праз некалькі хвілін ужо пачынаем размаўляць.

— Бо няма чаму злавацца. Усё робім разам: дровы рубаем, бульбу капаем. Ён яшчэ і перабярэ на насенне. Папросіць аладкі, дык пойдзе сам бульбу скрэбсці, а то ў меня рукі пераламаныя — мне цяжка.

— Што я люблю, то і гатуе. Асабліва бліны з цукрам. Іх ясі і хочацца.

Каментары5

  • часы луч
    03.09.2023
    — Зараз я вам усю праўду раскажу, — тут ужо пачынае Мікалай Фёдаравіч і кажа, што

    Вера знамянітая была па льну…

    — Забыўся па чым, — чапляе Вера і глядзіць па-добраму на мужа.

     Другое месца далі тады Веры, а ў падарунак — гадзіннікі Zvezda і імянныя «Эра». Потым ужо Ордэн працоўнага чырвонага сцяга і срэбны медаль, — з гонарам і хвальбой гаворыць Мікалай.

    — Я гэтыя гадзіннікі і медалі аддала дзецям, як цацкі, каб гулялі.

    Але ўсё ж такі зрабіў тое, што трэба ад мужыка: сына вырасціў, дом пабудаваў, дрэвы пасадзіў. Хату мы ўдваіх рабілі.


    🤭
    ну хоць прызнаўся ў канцы, што хоць хату разам з жонкай зрабіў...
    але сына вось сам 🤭

    і ў гэтым на жаль сутнасць бадай што ўсіх мусчинщин
  • невеста Азаренка
    03.09.2023
    Дзед, так они угостили в итоге журналистов?
    напоили хоть водой? или, как всегда?
    из текста непонятно 

    https://www.youtube.com/watch?v=r3sVAM5QOUg
  • Максим Дизайнер
    03.09.2023
    часы луч

    Каких мужчин?21-й век на дворе. Устроились хорошо. Равноправие получили, а что с ним делать - забыли. Точнее ничего не делать, и все иметь от каких-то мужчин.

У магілёўскай калоніі памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр7

У магілёўскай калоніі памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр

Усе навіны →
Усе навіны

У Брытаніі словам года стала слова «brat»2

У суботу і нядзелю ў Мінску моцна зменяцца маршруты грамадскага транспарту3

У Кіраўскім раёне хлопец з пнеўматычнага пісталета трапіў у вока 15-гадовай дзяўчыне

Малпы ніколі не змогуць надрукаваць усяго Шэкспіра5

Вяскоўца з-пад Касцюковічаў вызвалілі па амністыі, а цяпер перадумалі. Кажуць, здаровы

Таксі ў Беларусі пачынаюць працаваць па новых правілах1

Андрэй Дзмітрыеў не бачыць сэнсу вылучаць дэмакратычных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах-20256

Школьнікаў са Смаргонскага раёна звазілі з экскурсіяй на Акрэсціна4

Музыку Сяргея Горлава судзяць па чатырох палітычных артыкулах

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У магілёўскай калоніі памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр7

У магілёўскай калоніі памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр

Галоўнае
Усе навіны →