Актывісты будуць аднаўляць пашкоджаны знак беларускім байцам у Кіеве
Ініцыятары ўсталяванага ў Кіеве з 2016 года памятнага знака беларусам, якія загінулі за Украіну, заявілі, што яны адновяць пашкоджаныя элементы.
Анжэла Душаева, прадстаўніца дабрачыннага фонду «Валошка», адна з ініцыятарак стварэння ў 2016 годзе ў Кіеве мемарыяла ў памяць пра беларусаў, якія загінулі ва Украіне, мяркуе, што пашкоджанне помніка мусіць расследаваць Служба бяспекі Украіны.
«Тое, што адбылося (знялі герб і надпісы «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне»), гэта дакладна зрабілі не ўлады. І да вандалізму гэта не падобна, бо ў такім выпадку хутчэй бы пашкодзілі партрэты. Гэта планамерная правакацыя, якая можа быць выгадная толькі спецслужбам Лукашэнкі», — сказала «Свабодзе» Анжэла Душаева.
Яна нагадала, што ў 2016 годзе для ўсталявання мемарыяла ініцыятары атрымалі дазвол кіеўскіх уладаў.
«Будзем разбірацца, яшчэ адны ініцыятары стварэння помніка будуць звяртацца з заявай у паліцыю. Хоць гэтай справай мусіла б заняцца СБУ, каб высветліць, каму трэба было пачынаць скандал у час ваеннага становішча. Мемарыял нікому ніколі не перашкаджаў. Магчыма, гэта звязана з новай абвесткай палка Каліноўскага пра набор у падраздзяленне», — дадала Анжэла Душаева.
Прадстаўніца дабрачыннага фонду «Валошка» разлічвае, што праваахоўныя органы змогуць знайсці тых, хто гэта зрабіў, на падставе відэазапісаў з камер, якія знаходзяцца побач з гэтым месцам.
Валанцёрка Вольга Гальчанка, якая ў 2016 годзе займалася афармленнем дазволу кіеўскіх уладаў на ўсталяванне помніка, паведаміла, што ён будзе адноўлены. Яна назвала цынічным пашкоджанне мэмарыяла добраахвотнікам 1 кастрычніка, калі ва Украіне адзначаюць Дзень абаронцаў.
«Нейкія ідыёты вырашылі пашкодзіць памятны знак нашым хлопцам… Сказаць, што я злая — гэта нічога не сказаць. Каму ўвогуле такое прыйшло ў галаву — у часе вайны ў Кіеве разграміць помнік загінулым добраахвотнікам?» — напісала Вольга Гальчанка на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Мэрыя накіравала ў адміністрацыю Шаўчэнкаўскага раёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца вуліца Беларуская і памятны знак. У раённай адміністрацыі на тэлефанаванні не адказваюць.
Урачыстая цырымонія адкрыцця помніка з удзелам ганаровай варты адбылася 28 сакавіка 2016 года. Мемарыял ініцыявалі некалькі ўкраінскіх арганізацый, а таксама тактычная група «Беларусь», у якую на той час былі арганізаваныя беларускія добраахвотнікі.
Каментары