На тэрыторыі Каложскай царквы хочуць пабудаваць званіцу. Ужо прывезлі званы
Прыход сцвяржае, што пытанне будаўніцтва каля помніка гродзенскага дойлідства XII стагоддзя ўжо разглядаецца. Гэта можа не спадабацца ЮНЕСКА.
8 званоў былі дастаўлены ў царкву, чакаюць на дзявяты, які важыць 1300 кг.
Барысаглебская царква ў Каложы ўключана Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як помнік 0-й катэгорыі — гэта значыць, што каштоўнасць або ўключаныя або прапанаваныя да ўключэння ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
І сапраўды, Каложская царква была ўключаны ў так званы папярэдні спіс яшчэ ў 2004 годзе, але з таго часу работы ў кірунку прысваення статусу аб'екта сусветнай спадчыны шлі надзвычай марудна.
У 2018 годзе царква была на мяжы выключэння з прэтэндэнтаў у спіс ЮНЕСКА. Тады падчас капітальнага рамонту рэканструкцыю хацелі зрабіць з выкарыстаннем газасілікатных блокаў. Але гісторыкі і архітэктары адстаялі варыянт асцярожнай рэканструкцыі з захаваннем драўляных сцен.
Пасля поспеху суседзяў, якія змаглі дамагчыся сусветнага прызнання для гістарычнага цэнтра Кулдыгі і мадэрнісцкай спадчыны Коўна, у Беларусі зноў загаварылі пра беларускіх намінантаў.
Так у кастрычніку 2023 года ў Міністэрстве культуры Беларусі адбылося пасяджэнне міжведамаснай рабочай групы па падрыхтоўцы намінацыйных дасье для падачы заяўкі «Каложская (Барысаглебская) царква ў г. Гродна як прыклад гродзенскай архітэктурай школы» ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Неабдуманае будаўніцтва можа прывесці не толькі да таго, што старажытны помнік ніколі не атрымае статусу аб'екта Сусветнай спадчыны, але і нават атрымаўшы, ён можа быць праз гэта яго пазбаўлены. Так у 2009 годзе са спісу ЮНЕСКА была выключана Дрэздэнская даліна Эльбы, якая была прызнаная Сусветнай спадчынай у 2006 годзе. Прычынай выключэння стала будаўніцтва маста, які «разбурыў культурны ландшафт».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары