Памёр выкладчык журфака БДУ. Пасля 2020 года ён даносіў на студэнтаў
50-гадовы Уладзімір Капцаў выкладаў на журфаку БДУ рускую літаратуру.
«Сумная навіна. Пайшоў з жыцця дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Уладзімір Анатольевіч Капцаў», — паведамілі ў тэлеграм-канале факультэта і выказалі спачуванні блізкім выкладчыка.
Памёр Уладзімір Капцаў сёння, 26 лістапада. Абставіны ў афіцыйным паведамленні не прыводзяцца. На факультэце меркаванай прычынай смерці называюць інфаркт.
Уладзіміру Капцаву было 50 гадоў, Нарадзіўся ён у Аршанскім раёне (вёска Барань), скончыў філфак БДУ па спецыяльнасці «руская мова і літаратура», а пасля атрымаў вучоную ступень кандыдата філалагічных навук. На журфаку працаваў 23 гады. На працу штодзень ездзіў электрычкай з Барысава.
Пра лекцыі выкладчыка па рускай літаратуры былыя студэнты адгукаюцца пазітыўна, называючы іх натхняльнымі і цікавымі, а выкладчыка харызматычным.
Аднак у 2020 годзе, паводле сведчанняў былых студэнтаў, Уладзімір Капцаў, як і некаторыя іншыя выкладчыкі журфака БДУ, даносіў на пратэстна настроеных калег і студэнтаў установы, а таксама ўдзельнічаў у пастанове пра вымовы апошнім за акцыі пратэсту на факультэце.
«Апошнім часам у яго была вельмі моцная, так бы мовіць, дэпрэсія. Казалі, што нават на лекцыях выглядаў выпіўшым, а першакурснікі кпілі з гэтага», — кажуць студэнты.
Каментары