Апісалі маёмасць маёнтка «Падароск». У яго аднаўленне ўкладаліся прыватныя інвестыцыі
З 2013 года ў аднаўленне гісторыка-культурнай каштоўнасці ўклалі больш за мільён даляраў. Планавалася, што ў маёнтку «Падароск» будзе музей беларускай шляхты. Ужо праходзілі экскурсіі.
Пра апісанне маёмасці ў маёнтку «Нашай Ніве» паведаміў былы дырэктар турыстычнага прадпрыемства «Падароск» Андрэй Колас, які цяпер у эміграцыі. Ён расказаў, што маёнтак 14 снежня наведалі супрацоўнікі некалькі дзяржаўных службаў.
«Яны апісалі стан, у якім цяпер знаходзіцца маёнтак», — адзначыў Андрэй Колас.
Далей маёнтак будзе перададзены на баланс аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама, дзе ён знаходзіўся да 2013 года.
Ваўкавыскі суд пастанавіў скасаваць дамову набыцця Паўлам Падкарытавым маёнтка нібыта «з-за невыканання ўмовы па ўводзе аб’ектаў у гаспадарчы абарот». Рашэнне аб скасаванні дамовы суд прыняў на пазоў аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама.
Падкарытаў называў рашэнне незаконным. Паводле бізнэсоўца, патрабаваных законам акалічнасцяў, дастатковых для скасавання дамовы, не было. А справу мусіў бы разглядаць Эканамічны суд Гродзенскай вобласці, а не раённы суд.
Праблемы ў турыстычнага прадпрыемства «Падароск» з'явіліся летась, калі затрымалі кіраўніка Юрыя Меляшкевіча.
Пад крымінальны пераслед трапілі таксама фінансавы дырэктар Зміцер Карабач і бухгалтарка Вольга Балтрукевіч. Ім выставілі абвінавачанне ў нясплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў работнікаў амаль на 400 000 рублёў. Юрый Меляшкевіч правёў пад вартай паўгода і ў красавіку 2023 года быў вызвалены пад паруку.
Крыніца, знаёмая з сітуацыяй, адзначала тады, што справа супраць кіраўніцтва прадпрыемства палітычна матываваная.
Паводле яе, да падзей 2020-га «Маёнтак Падароск» працаваў добра, адносіны з уладамі былі нармальныя, прэтэнзій, у тым ліку эканамічных, не ўзнікала. З 2020-га стала зразумела, што калі-небудзь лёс рэпрэсій напаткае і «Маёнтак Падароск».
Сядзіба ў Падароску, што ў Ваўкавыскім раёне, у даўнейшыя часы належала роду Чачотаў і Бохвіцаў.
Занядбаны фальварак у 2013 годзе выкупіў за 118 тысяч даляраў расійскі інвестар з беларускімі каранямі Павел Падкарытаў.
Пакуль не пачаліся праблемы, у аднаўленне гісторыка-культурнай каштоўнасці было ўкладзена больш за 1 мільён даляраў. Быў упарадкаваны парк, будынкі, зроблена брама, дарога. Уведзеная сістэма каналізацыі і фільтрацыі.
Планавалася, што ў сядзібе будзе створаны музей беларускай шляхты. Там была разгорнутая часовая экспазіцыя. Было адкрыта 14 пакояў. Праходзіла шмат экскурсій.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Расійскі бізнэсоўца скупляе беларускія сядзібы
Сядзібу Абуховічаў у Нясвіжскім раёне зачысцілі ад гістарычных будынкаў
«Тут няма людскіх крам». Як жывецца на паўвостраве ля Свіслачы ў цэнтры Мінска
Каментары
Мільён даляраў уклалі ў рамонт! Можна
забіраць?
Калгасная галыцьба дарвалася да ўлады!
Забраць! Канфіскаваць! Падзяліць! Пасадзіць!
Ну, хто там яшчэ хоча купіць палац і адрэстаўраваць???