Некалькі беларусаў сышлі з Палка Каліноўскага і назвалі новае падраздзяленне «Танга-Рамэа»
Хлопцы перавяліся з палка імя Кастуся Каліноўскага і цяпер ваююць пад кіраўніцтвам Інтэрнацыянальнага легіёна ГУР. Колькі іх і хто камандзіры, не называюць.
Ад восені ва Украіне дзейнічае яшчэ адно беларускае падраздзяленне — «Танга-Рамэа». Ініцыятыва BySol праводзіць збор грошай для ваяроў новай адзінкі, яны патрэбныя на новыя аўтамабілі і дроны.
Радыё Свабода паразмаўляла з маладафронтаўцам Аляксеем «Оскарам» Вайцяховічам, які ваюе ва Украіне ад самага пачатку вайны. Ён расказаў, што ж такое «Танга-Рамэа», а таксама пра моманты, калі быў максімальна блізкі да смерці.
«Мы пакінулі батальён «Волат», але не рассварыліся з хлопцамі»
«Танга-Рамэа» — гэта адно з падраздзяленняў у складзе Інтэрнацыянальнага легіёну Украіны пад кіраўніцтва Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны. У асноўным «Танга-Рамэа» займаецца падтрымкай баявых падраздзелаў пры дапамозе цяжкога ўзбраення«, — кажа Аляксей.
Ён не можа гаварыць, колькі чалавек на гэты момант у «Танга-Рамэа» і хто ўвайшоў у кіраўніцтва адзінкі. Тым не менш кажа, што большую частку складаюць беларусы, а менавіта выхадцы з палка імя Кастуся Каліноўскага, а менавіта батальёну «Волат». «Оскар» не расказвае, што стала прычынай іх выхаду з ПКК.
«Мы перайшлі ў Інтэрнацыянальны легіён ГУР, бо гэта быў найпрасцейшы варыянт, не трэба было разрываць кантракты. Нас проста перакінулі з аднаго падраздзялення ў другое. Мы дагэтуль узаемадзейнічаем і сябруем з хлопцамі з батальёнаў «Волат«, «Ліцвін», з БПЛА імя Мікіты Краўцова, з 79-й брыгадай, з групай «Афіна». Тое, што мы выйшлі з палка Каліноўскага, не значыць, што мы з усімі рассварыліся, не».
Аперацыі ад Севераданецка да Бахмута
Увагу прыцягвае назва падраздзялення «Танга-Рамэа». Адкуль яно?
«Па правілах фанетычнага алфавіта NATO трэба было ўзяць назву з пэўнага спіса. У нашага камандзіра і намесніка камандзіра была спрэчка: адзін хацеў узяць «Танга», другі — «Рамэа». У выніку прыйшлі да кансэнсусу і назваліся «Танга-Рамэа». У нас ёсць на прыкмеце адно беларускае слова для назвы ў будучыні, але пакуль не скажу, якое», — кажа «Оскар».
Пра свае апошнія аперацыі ваяры «Танга-Рамэа» гаварыць пакуль не могуць. Аляксей Вайцяховіч падкрэслівае, што большасць хлопцаў ваюе ледзь не ад пачатку баявых дзеянняў.
«Мы ўдзельнічалі ў аперацыях ад Севераданецку да Бахмуту. Пра апошнюю нашу аперацыю я пакуль не магу сказаць, дзе яна праходзіла. Скажу толькі, што мы страцілі ў баях двух нашых пабрацімаў. Мы выконвалі задачы на першай і другой лініях фронту, прыкрываючы хлопцаў. Што тычыцца загінулых, то гэта былі выдатныя хлопцы, вельмі зацікаўленыя справай, аддавалі змаганню ўсіх сябе. На вялікі жаль, іх не стала».
«Оскар» кажа, што не дзеліць заданні на складаныя і менш складаныя, бо ўсе задачы патрэбныя, калі іх ставіць камандаванне.
«Максімальна складана мне было, калі мы стаялі пад Бахмутам і трэба было гадзінамі глядзець у неба, каб варожая авіяцыя не заляцела ў наш сектар. Калі ж нешта заляціць, то выкарыстоўваць зброю. Гэта сапраўды вельмі складана: заставацца ў прытомнасці, не заснуць і пры гэтым гадзінамі глядзець у неба, не прамаргаць».
«Мяне кантузіла, але ўсё абышлося»
Аляксей Вайцяховіч расказвае, што ўжо двойчы за час вайны быў вельмі блізкі да гібелі.
«Першая гісторыя дастаткова пацешная. Яна здарылася на запарожскім кірунку. Пасля дзённага дзяжурства я адпачываў у бліндажы. Прыкладна а пятай раніцы я прачнуўся ад таго, што пачуў свіст ля майго правага вуха, азірнуўся і пабачыў, што за некалькі мэтраў ад майго пляча ў сцяне дзірка ад кулі».
Другая гісторыя здарылася ўжо на бахмуцкім кірунку.
«Я сядзеў у «сакрэце« (гэта замаскаваны акоп, з якога вядзеш назіранне), час блізіўся да вечара. Праз хвілін 20-30 я збіраўся ўжо ісці ў бліндаж, і тут пачаўся абстрэл. За некалькі мэтраў ад мяне прызямліліся пару ВОГаў (аскепкавы боепрыпас. — РС) і 120-я міна. Мяне тады крыху кантузіла, але ўсё абышлося».
«Оскар» кажа, што на вайне ўсім бывае страшна, але самае важнае гэты страх умець пераадольваць.
«Бахмут — гэта сапраўды пекла. Нас накіравалі туды, калі горад яшчэ быў адносна цэлы і вораг быў далёка. Потым мы назіралі з ваколіц амаль зруйнаваны горад, бачылі з пагоркаў, як вывешваюцца там вагнераўскія сцягі. Нярэдка можна было бачыць, як гінула мірнае насельніцтва, якое не хацела выязджаць».
«Нельга ўсё кідаць на паўдарозе»
Аляксей расказвае, што на сёння самая галоўная праблема для падраздзялення — гэта аўтамабілі, якія часта ломяцца, патрабуюць дарагога рамонту.
«Мы шукаем фінансавую падтрымку. Трэба новыя машыны. Таксама нам трэба дроны-камікадзэ, цеплавізары, начныя візары і г.д», — расказвае «Оскар».
— Наколькі цяжка ваяваць зімой у параўнанні з іншымі порамі году?
«Зімой вельмі холадна; калі ты кепска падрыхтаваўся, то будзеш часта мерзнуць. Зімой трэба па-іншаму маскавацца. Самыя цяжкія перыяды на вайне — канец восені і пачатак вясны, калі пастаянна дажджы, гразь, слізка. Нярэдка хлопцы атрымліваюць траўмы нават ад таго, што дзесьці паслізнуліся».
Аляксей Вайцяховіч кажа, што хоць і ваюе ад лютага 2022 году, але фізічна не стаміўся, толькі маральна.
«Але трэба працягваць, нельга кідаць усё на паўдарозе», — упэўнены хлопец.
Самай цяжкай стратай для сябе ён называе гібель Іван «Брэста» Марчука і яго групы пад Лісічанскам.
«Гэта цяжка, калі гіне чалавек, якога ты добра ведаў. Балюча. Але даводзіцца звыкацца і з такім, бо гэта вайна. Мы былі гатовыя, што ў кожны момант з кімсьці з нашых можа такое здарыцца».
Каментары