«Двойчы ўвайсці ў раку Ла-Плата майму пакаленню не дадзена». Беларуская перакладчыца прайшла аргенцінскімі сцежкамі старых успамінаў
У пошуках беларускіх слядоў пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута выправілася ў падарожжа па Лацінскай Амерыцы. Спачатку Ганна Янкута наведала Мантэвідэа — горад дзяцінства беларуска-іспанскага перакладчыка, пісьменніка, заснавальніка Беларускага ПЭН-цэнтра Карласа Шэрмана. Калі Карласу было 6 гадоў, яго сям’я пераехала з Мантэвідэа ў Буэнас-Айрэс. Туды скіравалася і Ганна Янкута, тым самым шляхам, што і сям’я Шэрманаў. Што ўбачыла ў дарозе і як сёння выглядае срэбная рака Карласа Шэрмана, яна апісала ў эсэ на Budzma.org.
Дарога з Мантэвідэа ў Калонія-дэль-Сакрамэнта
Еду аўтобусам з Мантэвідэа ў Калонія-дэль-Сакрамэнта, гэта тры гадзіны дарогі. Краявіды амаль беларускія: акуратныя палі з рэдкімі праслойкамі лясоў, Уругвай — раўнінная краіна з развітай сельскай гаспадаркай. На палях цвіце рапс. Калі не прыглядацца, здаецца, што ты дома. Калі прыгледзецца — у зарасніках сярод лісцвяных дрэваў высяцца пальмы, у лістоце пырхаюць чужыя птушкі.
Сям’я Шэрманаў перабралася з Мантэвідэа ў Буэнас-Айрэс, калі Карласу было шэсць гадоў. Гэта значыць, у канцы 1940-га ці ў 1941-м, калі дадаць шэсць гадоў да яго даты нараджэння — 25 кастрычніка 1934 года. У Аргенціну яны ўцяклі ад крызісу.
У 1929 годзе ў ЗША пачалася Вялікая дэпрэсія, якая неўзабаве распаўсюдзілася на іншыя краіны, у тым ліку на Уругвай: знізіліся цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю і вырасла беспрацоўе. А ў 1933 годзе ўладу ў краіне захапіў генерал Габрыэль Тэра, усталявалася дыктатура.
Новы ўрад зладзіў у 1934 годзе рэферэндум, прыняўшы сваю версію канстытуцыі, і паспрабаваў заткнуць дзіркі ў эканоміцы, пазбаўляючы людзей правоў. Праз 5 гадоў улада перайшла да паплечніка і сваяка Тэра Альфрэда Бальдаміра, які неўзабаве вярнуў ранейшую дэмакратычную канстытуцыю і ў 1943 годзе пакінуў прэзідэнцкую пасаду. Але Шэрманы гэтага ўжо не заспелі, на той момант яны трывала аселі ў суседняй краіне.
Жудасны вопыт бяссілля
Шукаю ў розных крыніцах, які дакладна гэта быў год: 1940 ці 1941-ы. Мне здаецца, усё ж 1941. Па-першае, Шэрман паспеў пахадзіць ва ўругвайскую школу (і саму школу, і сваю першую настаўніцу, сеньёру Элену, ён згадвае з вялікай цеплынёй), па-другое, у «Блуканцы» ён апісвае, як ягоны бацька, Гірш Шэрман, яшчэ ў Мантэвідэа сачыў за ходам Другой сусветнай вайны — на той момант яна ўжо дабралася і да Беларусі.
«Пачалося сусветнае гора вайны, якая ўстрывожыла свет, і бацька набыў у растэрміноўку вялізны ды ўрачыста аздоблены прымач «Тэлефункен». Штоноч адбываўся сеанс чарадзейнага пошуку нябачных хваляў ды слухання франтавых навінаў, якія немінуча тапталі, знішчалі бацькаву радзіму. <…> На сцяне каля прымача з’явілася мапа далёкай, невядомай мне Еўропы, і бацька прымацоўваў самаробныя сцяжкі, рушыў іх на ўсход, пакідаючы цэлыя вобласці ў жахлівых вядзьмарскіх праколінах».
Шэрман расказвае, як бацька перажываў катастрофу на адлегласці, калі няма магчымасці дапамагчы і «адно, што застаецца — гэта лавіць хвалі ды ведаць, асэнсаваць, трансфармаваць веды ў жудасны вопыт бяссілля».
Жудасны вопыт бяссілля — так могуць апісаць свой стан многія з нас, калі дзякуючы інтэрнэту за любой катастрофай можна назіраць ледзь не ў жывым эфіры і пры гэтым заставацца толькі маўклівымі сведкамі, аддзеленым ад месца дзеяння камп’ютарным экранам.
І спосабы справіцца з гэтым бяссіллем застаюцца тыя самыя: у «Блуканцы» згадваецца, як колішнія землякі збіраюцца разам і пакуюць дапамогу франтавікам — цёплую вопратку і абутак — і як пасля, нягледзячы на высокія тарыфы ваеннага часу, адпраўляюць усё гэта за акіян.
Шляхі да Буэнас-Айрэса
Карлас Шэрман так апісвае шляхі да Буэнас-Айрэса:
«…Колаваму параходу трэба было праплыць ноч, а раніцой маленькі гідраплан на тузін пасажыраў пралятаў над тым жа шляхам прыблізна за пару гадзін ды рабіў пасадку на рацэ побач з набярэжным праспектам ды муніцыпальным пляжам, насупраць аэрапорту імя Хорхэ Ньюбэры, заснавальніка аргенцінскай авіяцыі».
З той пары ні параходаў, ні гідрапланаў на гэтым маршруце не засталося, а час падарожжа зменшыўся ці проста адлегласці ў свеце зрабіліся карацейшымі. Цяпер дабрацца з Мантэвідэа да Буэнас-Айрэса можна прамым паромам за 2 гадзіны 45 хвілін, а самалёт даставіць з аднаго аэрапорта ў другі ўсяго за 55 хвілін.
Але я выбіраю таннейшы і крыху даўжэйшы варыянт: спачатку 3 гадзіны аўтобусам да старога гарадка партугальскіх перасяленцаў Калонія-дэль-Сакрамэнта (сама назва якога шмат гаворыць пра яго гісторыю) і адтуль яшчэ гадзіну 15 хвілін паромам да аргенцінскай сталіцы.
Маршрут цяпер вымяраецца строга да хвіліны, у адрозненне ад колішніх «прыблізна за пару гадзін» — зрэшты, судна ўсё адно адчувальна спазняецца, да таго ж даводзіцца пастаяць у чарзе на праверку пашпартоў.
Ла-Плата — бурая і хвалістая, і калі апошнія промні сонца на заходзе кранаюцца яе паверхні, колер набывае шаравата-блакітнае адценне, каламуць зноў ператвараецца ў срэбра. У гэтым месцы яна расцягнулася ўшыркі на 40 кіламетраў, да Атлантычнага акіяна тут далей, чым у Мантэвідэа, хаця адчування таго, што перасякаеш раку, усё адно няма.
Насустрач плыве судна іншай кампаніі — на гэтым маршруце дзейнічаюць два перавозчыкі. Усяго яны робяць 9 рэйсаў на дзень, нябачнымі сцяжкамі сшываючы процілеглыя берагі. Вецер моцны, і паром гайдае, з наветранага боку яго раз за разам абдае пырскамі. Я сяджу на палубе ля процілеглага борта, проста на дошках, бо крэслаў мала, яны ўсе занятыя. Нас такіх шмат — пасажыраў, што паселі там, дзе сушэй, не ўсім хочацца спускацца ў нутро карабля з шэрагамі сядзенняў як у самалёце і крамай дзьюці-фры (слодычы і алкаголь: усю дарогу там чэргі). Тым больш над вадой — такі заход.
Многія, нягледзячы на гайданку, п’юць матэ — насыпаюць здробненага лісця падубу ў кубак, падліваюць з тэрмаса гарачай вады і цэдзяць гаркавую вадкасць праз трубачку-бамбішу.
Падарожжа за часамі Карласа Шэрмана
Мне цікава, як такое падарожжа магло праходзіць за часамі Карласа Шэрмана. Шукаю ў інтэрнэце. У 1914 годзе спецыяльна для начных рэйсаў паміж аргенцінскай і ўругвайскай сталіцамі ў Вялікабрытаніі былі набытыя два параходы, якія атрымалі назвы «Горад Мантэвідэа» і «Горад Буэнас-Айрэс». Падарожнічаць на іх можна было першым ці трэцім класам, і яны набіралі хуткасць да 30 км/г.
Магчыма, гэтыя параходы Карлас Шэрман і згадвае ў «Блуканцы» і менавіта на адзін з іх яго бацькі набылі білеты, каб пачаць новае жыццё.
Рака і дзяржаўны тэрарызм
Расказваючы пра сваю Лацінскую Амерыку, Карлас Шэрман неаднойчы згадвае Ла-Плату.
«Калі ў нядзелю пасля сняданку ішоў з сястрою на шпацыры, я заўсёды прасіў яе пайсці да берагу. Там яна чытала на лаўцы, а я пазіраў на водныя прасторы, якія захоўваюць таямніцы неўтаймаванай моцы і шаленства».
Але ці тая самая рака коціць цяпер перада мной свае хвалі?
Моц і шаленства Ла-Платы ў тыя часы — не больш як вобразнае апісанне рачной плыні, паэтычнае вымярэнне яе гідралагічных характарыстык. Тады Карлас Шэрман наўрад ці мог уявіць, што яна зробіцца магілай для тысяч чалавек. Месцы, якія мы памятаем з дзяцінства, змяняюцца, зноў і зноў напаўняючыся трагедыямі.
У 1976 годзе ў выніку перавароту да ўлады ў Аргенціне прыйшла вайсковая хунта на чале з генералам Хорхе Рафаэлем Відэлам, і да 1983 года рэжым вёў са сваім народам «Брудную вайну», падаўляючы незадаволенасць людзей выкраданнямі, катаваннямі і забойствамі.
Адным са спосабаў знішчыць рэальных ці ўяўных апанентаў і зацерці сляды злачынстваў былі так званыя «палёты смерці» — людзей скідалі з верталёта ў Ла-Плату. Для гэтых і іншых злачынстваў аргенцінцы прыдумалі вельмі трапнае вызначэнне: дзяржаўны тэрарызм.
«Тут жыла Марыя Феліса Тырынанці, актывістка, — чытаю я на таблічцы, якую заўважаю падчас шпацыру ў Буэнас-Айрэсе, — 23 снежня 1978 года арыштаваная і зніклая без вестак праз разгул дзяржаўнага тэрарызму». Дакладная колькасць ахвяр «палётаў смерці» невядомая, як невядомыя імёны многіх забітых.
Я ў парку Памяці ў Буэнас-Айрэсе, гляджу на скульптуры, прысвечаныя ахвярам дзяржаўнага тэрарызму, у тым ліку «палётаў смерці». Адна з іх — у выглядзе геаметрычных контураў, яны як рамы, якія заключаюць у сабе фрагменты воднай прасторы. У скульптуры няма назвы, яе аўтар — Раберта Айзенберг, праца прысвечаная гісторыі яго сям’і.
Трое дзяцей яго партнёркі, Матыльды Эрэра, былі за часамі дыктатуры выкрадзеныя і зніклі без вестак — двое сыноў і дачка, яна была цяжарная. Пустата, выразаная з вакольнага пейзажу рамамі скульптур, сімвалізуе бясследнае знікненне іх целаў, іх растварэнне ў вадзе, і ў той жа час — нязменную прысутнасць побач з намі ўсе гэтыя гады, гаворыцца на шыльдзе з тлумачэннем.
Шлях у бок аэрапорта
«…На кожным скрыжаванні я любаваўся вулкамі, якія збягалі да зусім блізкага пясчанага берагу, да водных даляглядаў ракі Ла-Плата пад сонцам, якія раз-пораз мне дасюль сняцца. Мусібыць, далягляды рассоўваюць межы ўяўлення. Відаць, я нібыта насіўся па хвалях, шукаючы штосьці істотнае, што не знойдзена і па сёння» (Карлас Шэрман, «Блуканец»).
Ад парку Памяці рухаюся ў бок аэрапорта «заснавальніка аргенцінскай авіяцыі» Хорхэ Ньюбэры, аднаго з двух у аргенцінскай сталіцы. Гэты, меншы, абслугоўвае пераважна ўнутраныя рэйсы і рэйсы ў межах Лацінскай Амерыкі. Ён быў акрыты ў 1947 годзе, то-бок ужо пасля пераезду Шэрманаў — відаць, у «Блуканцы» згадка пра яго ў апісанне дарогі з Мантэвідэа ў Буэнас-Айрэс заблукала з іншага часу.
Другі, аэрапорт міністра Пістарыні, ці Эсэйса, дзейнічае з 1949-га; ён знаходзіцца ў прыгарадзе і прымае ў асноўным міжнародныя рэйсы. Цяпер я хачу паглядзець, ці застаўся ля аэрапорта Ньюбэры, ці, як яго тут называюць, аэрапарка, хоць нейкі след ад згаданага Шэрманам муніцыпальнага пляжа.
Крочу набярэжным праспектам, avenida costanera. Ад Ла-Платы пахне рыбай і вільгаццю — не акіянам. Неба ў доўгіх хвастах аблокаў — відаць, яго пакрэслілі самалёты. Адзін ідзе на пасадку, спераду ён падобны на НЛА, талерку з агнямі. З пляцоўкі на пагорку ўзбоч праспекта можна назіраць, як самалёты прызямляюцца, часта, кожныя пяць хвілін.
Аргенціна — вялізная краіна, тутэйшыя гарады аддзеленыя адзін ад аднаго прасторамі пампы ці пустыннымі горнымі ланцугамі. Таму ўнутраныя пералёты тут — такая ж будзённая з’ява, як паездкі аўтобусам, часам ляцець нават танней, чым ехаць. З пад колаў вырываецца воблачка дыму — першы раз бачу так блізка, як самалёт сядае.
Куды знік пляж
Не падобна, каб недзе побач быў пляж: дарога адгароджаная ад вады бетонным борцікам, да берага не спусціцца. За борцікам брудна ці, хутчэй, гразка, гэта не бераг нават, а проста намыла хвалямі пяску.
Уздоўж ходніка ідзе роварная дарожка, і ўсю дарогу я не бачу на ёй ніводнага ровара. Магчыма, несезон, пятнаццаць градусаў тут — ужо зіма, пры такой тэмпературы сабакам апранаюць цёплыя касцюмчыкі.
Затое на кожны зялёным лапіку зямлі — у скверыках і на газонах — адпачываюць людзі: тэрмасы, кубкі для матэ, бамбішы. У Буэнас-Айрэсе пятнаццаць мільёнаў жыхароў, гэта гіганцкі горад, які ўваходзіць у дваццатку самых вялікіх у свеце, і паркаў для такой колькасці людзей у ім замала. Зеляніны хапае хіба што ў дарагім і прэстыжным раёне Палерма. Наўзбоч — шапікі-кавярні з грыляваным мясам, латкі з салодкім і гронкі зялёных папугаяў на галінках, якія выпрошваюць ці крадуць ежу.
А вось муніцыпальнага пляжа нідзе няма.
І каб зразумець, куды ён знік, можна звярнуцца да іншага тэксту Карласа Шэрмана, эсэ «Аргенціна: вяртанне праз паўжыцця», якое ён напісаў пасля таго, як у 1988 годзе зноў пабываў у Буэнас-Айрэсе на міжнародным кніжным кірмашы. У гэтым эсэ Шэрман так расказвае пра сваю сустрэчу з ракой:
«А вось проста фізічна ўвайсці ў раку Ла-Плата, дзе я гэтак часта купаўся, адчуваючы свежасць бязмежнай воднай прасторы і паўднёвую ласку сонца нада мною, я ўжо не змог. Ціхі сум агарнуў душу, калі на беразе майго юнацтва выказалі мне яшчэ адну горкую праўду: забаронена купацца, не раіцца есці рыбу, якая надзіва дасюль жыве ў рацэ. Аргенцінскі, заходні бераг Ла-Платы атручаны моцнай глеістай плынню, якая з нізоўяў ракі Паранà нясе прамысловыя адыходы. <…> Двойчы ўвайсці ў раку Ла-Плата майму пакаленню не дадзена».
З тых часоў купацца ў Ла-Плаце ў Буэнас-Айрэсе і іншых гарадах аргенцінскага ўзбярэжжа так і не дазволілі, таму захоўваць старыя пляжы ці ўладкоўваць новыя, асабліва ў цэнтры горада, не мае сэнсу. Увайсці ў Ла-Плату можна хіба што на ўзроўні Мантэвідэа, там, дзе рачная вада ўжо змешваецца з акіянічнай. Гэтак жа было і ў 1988 годзе:
«А іншая плынь ракі нясе чыстыя, празрыстыя воды на ўсходні, уругвайскі бераг, на шырокую паласу тонкага, залацістага пяску. Там пакуль купаюцца, але наўрад ці мне давядзецца парушыць даўнюю філасофскую думку і ўлезці ў тую ваду яшчэ раз».
А вось з рыбай сітуацыя змянілася: цяпер на буэнас-айрэскім узбярэжжы рыбакоў хапае, і хаця іх усё яшчэ менш, чым у Мантэвідэа, жаліцца, што рыба не бярэ, яны напэўна не будуць. Кожны раз, гуляючы ўздоўж ракі, я бачу людзей з вудамі, і кожны раз дзе-нідзе паплавок пачынае тузацца і ў нейкі момант знікае пад вадой, пасля чаго шчаслівы лавец выцягвае на бераг срэбную рыбіну.
У Ла-Плаце нават ёсць свой від дэльфінаў, але колькі я ні ўглядалася ў далягляд, плывучы паромам ці шпацыруючы ўзбярэжжам, мне ні разу не пашчасціла іх заўважыць. Жнівень-верасень тут — гэта халодны сезон, і большая частка дэльфінаў яшчэ качуе на поўначы. Бо вырай у гэтай частцы свету — і ёсць поўнач, і толькі антыподы могуць сцвярджаць, што насамрэч усё мусіць быць наадварот.
«Дрэвы аказаліся больш трывалымі за дамы». Беларуская перакладчыца прайшлася па ўругвайскай сталіцы сцежкамі старых успамінаў
«Апавядаць пра Беларусь — частка нашага сэрвісу». Сёстры-беларускі жывуць у Бразіліі і робяць тату з нацыянальным арнаментам
Чаму беларускі едуць нараджаць у Аргенціну і колькі гэта каштуе
Каментары