Пасля выступлення ў панэльнай дыскусіі «Адзіны фронт у абароне Еўропы» на форуме ў Давосе Святлана Ціханоўская правяла кароткую размову з міністрам замежных спраў Украіны Дзмітрыем Кулебам. Пра гэта паведаміла прэс-служба Ціханоўскай.
Як паведамляецца, Святлана Ціханоўская выказала Кулебу словы падтрымкі Украіне. Таксама палітыкі абмяняліся думкамі пра ўзаемадзеянне і магчымую супрацу.
Акрамя таго, падчас удзелу ў Давоскім форуме Ціханоўская сёння ўжо мела размовы з прэзідэнткай Венгрыі Каталін Новак, са спікеркай Сената Швейцарыі Евай Герцаг, міністаркай замежных спраў Нідэрландаў Ханке Бруінс Слот, прэм'ер-міністрам Балгарыі Мікалаем Дэнкавым, міністаркай замежных спраў Эквадора Габрыэлай Самерфельд, прэм'ер-міністрам Бельгіі Аляксандрам дэ Кру.
Сусветны эканамічны форум у Давосе больш за 50 гадоў служыць платформай, на якой бізнэс, урад, навуковыя колы, грамадзянская супольнасць і іншыя зацікаўленыя бакі могуць сабрацца разам для вырашэння і абмеркавання найважнейшых глабальных праблем. Асноўная тэма форуму 2024 года — аднаўленне даверу.
Сёлета ў форуме ўдзельнічаюць больш за 60 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў еўрапейскіх краін (у тым ліку Іспаніі, Францыі, Ірландыі, Нідэрландаў, Бельгіі, Польшчы, Сербіі, Грэцыі), арабскіх дзяржаў (Лівана, Ірака, Іарданіі, Катара, Саудаўскай Аравіі), Афрыкі (Кеніі, Нігерыі), краін Азіі, у тым ліку Кітая, Лацінскай Амерыкі, а таксама Ізраіля і Украіны. Таксама на ім прысутнічалі сотні прадстаўнікоў сусветнага бізнэсу, лідары грамадзянскай супольнасці, вядомыя эксперты, сацыяльныя прадпрымальнікі і СМІ.
Каментары