Ціханоўская абмеркавала з міністрам замежных спраў Літвы праблемы беларусаў у гэтай краіне
Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс прыняў у сябе беларускую дэмакратычную лідарку Святлану Ціханоўскую. Паводле паведамлення прэс-службы Ціханоўскай, палітыкі абмеркавалі сітуацыю з легалізацыяй беларусаў у Літве, а таксама магчымыя новыя абмежаванні, якія маюць абмяркоўвацца ў літоўскім Сейме ўвесну.
Падчас сустрэчы Ціханоўская сказала, што разумее занепакоенасць Літвы ў пытаннях бяспекі і ў сувязі з патэнцыйнымі пагрозамі з боку рэжыму, але выказала спадзяванне, што Літва ўсё ж працягне выдаваць беларусам візы і дазволы на жыхарства. Таксама яна падкрэсліла, што нельга ўраўноваць абмежаванні супраць беларусаў і расіян, бо гэта толькі ідзе на карысць рэжыму Лукашэнкі.
Перад гэтым Літва прыняла рашэнне працягнуць тэрмін дзеяння літоўскіх гуманітарных дазволаў на жыхарства для беларусаў з аднаго да трох гадоў. Ціханоўская пры нагодзе падзякавала міністру за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, а таксама беларусаў, якія знаходзяцца ў Літве.
Каментары