Грамадства

«Мы ўсё знойдзем, усё дакажам, і пойдзеце вы на 7 гадоў». Быхаўскі пісьменнік-фантаст расказаў, як яго пляжылі за супрацу з рэгіянальнымі СМІ

55-гадовы пісьменнік-фантаст Сяргей Антонаў пасля затрымання і штрафу з'ехаў з Беларусі ў Грузію. Да гэтага ён працаваў у быхаўскай раённай газеце, у культавым «Частном детективе» і напісаў 9 кніг з серыі «Сусвет Метро 2033». У снежні 2023 сілавікі затрымалі яго сына. Антонаў расказаў выданню «Медыязона» пра тое, як жыць у горадзе, дзе ведаеш і суддзю, і начальніка ІЧУ, а таксама пра тое, як рэальнасць пранікала ў яго фантастычныя кнігі.

Сяргей Антонаў (злева) і Дзмітрый Глухоўскі. Фота з асабістага архіва Сяргея Антонава

«Валянцінавіч, мы ўсё знойдзем, усё дакажам, і пойдзеце вы на сем гадоў»

Я ў БНФ з 12-га года — палітычны актывіст, так бы мовіць. Ведаў усіх начальнікаў КДБ — мяне часта выклікалі для прафілактычных гутарак. Да 20-га года гэта было, можна сказаць, на сяброўскай назе: «Ну навошта табе гэта? Ну чаго табе не сядзіцца?». Пасмяяліся — разышліся.

У нас змяніўся начальнік КДБ. 6 снежня [2023 года] мне патэлефанавалі з незнаёмага нумара, ён прадставіўся Дзмітрыем Андрэевічам, сказаў: «Сяргей Валянцінавіч, хачу вас бачыць у 16:20. У нас сур'ёзная размова».

Я тады яшчэ не ведаў, што «Магілёў. Media» абвясцілі экстрэмісцкім. Як зайшоў у кабінет, ён сказаў: «Ну вы і накасячыли». І паклаў перада мной дзве пастановы: на ператрус і канфіскацыю абсталявання.

У сына ў Быхаве была фотастудыя, я яму дапамагаў. Там у мяне было два камп'ютары. Як я зразумеў, яны нічога не знайшлі. Тэлефон я яшчэ на ўваходзе ў КДБ здаў, яны яго ўжо мне не вярнулі. Пасля гэтага паехалі да мяне дадому.

Выйшаў са спальні сын. Я сказаў, што дадому, магчыма, не вярнуся. Пасля гэтага мы паехалі ва ўпраўленне КДБ па Быхаўскім і Слаўгарадскім раёне. Начальнік сказаў: «Сяргей Валянцінавіч, расказвайце шчыра пра тое, як вы працавалі на «Магілёў. Media» і 6tv.by і са спакойным сумленнем ідзіце дадому».

«У іх з'явілася нагода мяне закрыць»

Я сапраўды даўно працаваў на 6tv.by. спачатку гэта былі артыкулы, потым відэа. Я ніколі не лез у вялікую палітыку, я заўсёды займаўся Быхавам — у мяне была аўтарская перадача. Я расказваў пра гісторыю, як у нас праходзілі пратэсты.

Сяргей Антонаў. Фота: з асабістага архіва

Неяк я чытаў на «Хартыі», як нехта абзываў Лукашэнку. Мяне гэта тузанула — чаму абзываюцца? Калі вы лічыце сябе інтэлігентамі, то давайце весці размову цывілізавана. Хай ён абзываецца. Пасля гэтага відэа самым мяккім словам, якім абазвалі мяне, было «чыстаплюй». Я спыніў рабіць відэа, а тут яшчэ і прызналі выданне «экстрэмісцкім».

Я сказаў, што пра мой удзел на 6tv вядома ўсім, а з «Магілёў. Media» я не супрацоўнічаў. Ён сказаў: «Валянцінавіч, мы ўсё знойдзем, усё дакажам, і пойдзеце вы на сем гадоў. А цяпер мы вас вязем у СІЗА. Вам прыйдзецца там здымаць шнуркі, папругу».

Я нахіліўся і стаў развязваць шнуркі. Ён здзіўлена на мяне паглядзеў:

— А, дык вы псіхалагічна гатовыя да паездкі.

— А ў мяне выбар ёсць, ці што? — Пачакайце.

Адвёў мяне ў іншы кабінет да свайго памочніка, і той стаў мяне дапытваць. Ён спытаў мяне пра чалавека, якога я не ведаю. Спытаў пра маё стаўленне да вайны ва Украіне. Я адказаў, што супраць любой вайны.

Была размова пра тое, чаму я не паехаў у Польшчу. Я сказаў, што не лічу патрэбным з'язджаць, не бачу за сабой ніякай віны і пішу новы раман. Мне гэты памочнік сказаў: «Наўрад ці вы яго напішаце».

«Укантакце» ў мяне былі выкладзеныя відэа 13-га года — пахаванне аднаго з заснавальнікаў магілёўскага тэлебачання Генадзя Судніка. Я не звярнуў увагу на тое, што гэта быў рэпартаж «Белсата» — гэта ўжо распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. У іх з'явілася падстава мяне закрыць.

«Сяргей, ноччу я цябе буду будзіць»

Мяне адвезлі ў Быхаўскі ІЧУ. Гадзіны тры я чакаў у «абязьянніку». Потым мяне ў кайданках адвялі ў адзіночную камеру. У адрозненне ад іншых затрыманых, мяне заўсёды вадзілі ў кайданках, курыць было нельга і не давалі пасцельнай бялізны. У першы дзень далі суп, а другое без катлеты. Напэўна, праз рэжым асобага ўтрымання.

Ноччу начальнік ІЧУ сказаў: «Сяргей, ноччу я цябе буду будзіць». Адчыняў акно і пытаўся:

— Не спіцца?

— Які сон.

Праз два дні мяне адвезлі ў суд. Гэта быў другі мой штраф. Першы ў 25 базавых быў за два месяцы да гэтага. Хтосьці нарыў у мяне ў «Аднакласніках» кліп «Ногу свело!» — «Маўчанне ягнят». Рэч не ў кліпе, там былі лагатыпы «Радыё Свабоды» і Tut.by.

Тады міліцэйскі палкоўнік выклікаў мяне, склаў пратакол і адвёз мяне сам у суд, а адтуль на працу — на асабістай машыне. Калі знаёмы суддзя даў мне другі штраф, ён сказаў: «Ну, Сяргей, у цябе шмат нядобразычліўцаў». Пазней мне патэлефанаваў начальнік КДБ і сказаў, што яны хочуць зняць са мной відэа.

Але ад галоўнага рэдактара паступіла прапанова не чакаць далейшага развіцця падзей, а эвакуявацца. Я паляцеў у Тбілісі з адным тэлефонам і без грошай. Беларуская дыяспара, можна сказаць, падабрала мяне ў аэрапорце, дапамаглі кватэру зняць. Чаго чакаць, я не ведаю — у візе мне адмовілі. Амбасада Польшчы не бачыць пагрозы, мяркуе, што Грузія — бяспечная краіна, я магу тут знаходзіцца колькі заўгодна доўга.

«Лукашэнка дэстабілізуе сітуацыю»

Я заўсёды чапляў уладу. Калі мне гэта не дазваляла журналістыка, я рабіў гэта ў літаратуры. Кнігу «Стабілізатар. Мінск 2041» я напісаў у 2015 годзе.

Гэта кніга пра тое, як пасля выбуху Астравецкай АЭС у Беларусі радыяцыя, краінай кіруе Вярхоўны старшыня. Усе ходзяць у аднолькавай вопратцы, усе працуюць, усе ўсміхаюцца. Гэта таму, што ў ваду падмешваецца сінтэтычны наркотык — стабілізатар. А для тых, хто п'е дажджавую ваду, створаныя стабілізацыйныя лагеры. А ў лесе хаваюцца партызаны, іх называюць дастабілы — яны дэстабілізуюць абстаноўку. У канчатковым выніку яны ўрываюцца ў прэзідэнцкі палац і высвятляецца, што прэзідэнт — гэта лялька, а краінай кіруюць зусім іншыя людзі. Гэта вясёлая антыўтопія, але я жорстка прайшоўся па ўладзе.

У «Метро» ў мяне ёсць станцыя Беларуская, якой камандуе начальнік Кулашэнка, і ён увесь час пагражае ўсім, што калі грошай не дасце, то пачне гандлявацца са станцыяй сатаністаў.

Адзіны мой беларускі раман — «Лапікавыя зоркі». Ён пра тое, як у Быхаве расстрэльвалі габрэяў у 45 годзе. Мне патэлефанавалі з «Беларусьфільма», мы сур'ёзна абмяркоўвалі сцэнар. Пачаліся пратэсты, і галоўны рэдактар, які са мной працаваў, у іх паўдзельнічаў. І пытанне з экранізацыяй адпала.

Я моцна завіс у Грузіі. Думаў, што буду чакаць візу і пісаць раман, але нічога пісаць я не магу, бо як на іголках. Паўтара месяца мне праз ноч сніцца Беларусь. Дзіма Глухоўскі таксама ў эміграцыі — яму завочна далі 8 гадоў. Друкаваны праект замарожаны, фільм, у якога гатовы сцэнар, таксама замарожаны. Добрыя ўспаміны пра гэтую серыю засталіся, я па ёй сумую.

Сяргей Антонаў і Дзмітрый Глухоўскі. Фота: з асабістага архіва Сяргея Антонава

Мой сын у Магілёўскім СІЗА

26 снежня арыштавалі майго сына Арцёма. Гэта мяне дабіла канчаткова. Арцём знерваваўся з-за майго ад'езду, сябе дзесьці не пракантраляваў, думаю, што ён сапраўды нешта ляпнуў пра Лукашэнку. Вынік — мой сын у Магілёўскім СІЗА.

Днямі мне тэлефанавала сваячка з Масквы — ёй тэлефанавалі з КДБ і цікавіліся, дзе я. Можа быць, Грузія бяспечная краіна, але пры такой пільнай увазе да маёй персоны я гэтага не адчуваю.

Сястра і жонка патроху прадаюць абсталяванне ў фотастудыі, якая прапрацавала тры гады. Яна была даволі папулярная ў Быхаве. Міліцыянты фатаграфаваліся на дакументы. Грошы, хутчэй за ўсё, пойдуць на адваката сыну.

Каментары

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава11

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава

Усе навіны →
Усе навіны

Робаты-забойцы — патэнцыял новых украінскіх дронаў уражвае8

За хабар затрымалі галоўнага інжынера на адным з прадпрыемстваў Мінгарвыканкама

Замест крэмаў і мазяў. Навукоўцы распрацавалі пластыр для эфектыўнага лячэння псарыязу

Пад Навагрудкам прапануюць заробак да 9500 рублёў — што за вакансія4

Названы топ найгоршых пароляў. Каб іх узламаць, спатрэбіцца менш за секунду4

У прыгарадзе Парыжа ў рэстаране захапілі закладнікаў

Пакуль Лукашэнка скардзіцца на беларусаў за любоў да Versace, прапагандыстка пахвалілася іх парфумай19

Нямецкую вёску назвалі найлепшым «разумным горадам» у свеце1

39-гадовы прэм‘ер Марыінскага тэатра ў Пецярбургу загінуў, калі палез праз балкон па наркотыкі11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава11

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава

Галоўнае
Усе навіны →