Аксана Ючкавіч узятая пад варту па крымінальнай справе. Яе перавялі ў Жодзіна
Аксана — вядомая і паважаная ў рымска-каталіцкай супольнасці ў Беларусі хрысціянская актывістка, журналістка.
Затрыманая 23 студзеня Аксана Ючкавіч была ўзятая пад варту па крымінальнай справе па арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яе змясцілі ў следчую турму №8 у Жодзіне, паведамляе «Хрысціянская візія».
Аксана — вядомая і паважаная ў рымска-каталіцкай супольнасці ў Беларусі хрысціянская актывістка.
Яна нарадзілася 2 лістапада 1989 года ў Параф'янаве, часта наведвала Будслаў з пілігрымкай. Верніца жыла актыўным царкоўным жыццём — у кафедральным саборы Мінска спявала ў хоры «Глорыя», ездзіла ў экуменічную манаскую супольнасць Тэзэ, у студэнцтве ўдзельнічала ў кафедральных маладзёжных сцэнках на чуванні, пасля пераезду ў Заслаўе актыўна ўдзельнічала ў жыцці мясцовай парафіі.
Акрамя гэтага, Аксана была звенавой у арганізацыі каталіцкіх скаўтаў, навучаючы падлеткаў паважліва ставіцца да навакольнага свету. Вучыла яна і семінарыстаў міждыяцэзіяльнай семінарыі, выкладаючы ім падрыхтоўчы курс польскай мовы.
Працавала Аксана і ў каталіцкай журналістыцы — спачатку ў выдавецтве «Pro Christo», потым на афіцыйным агульнанацыянальным каталіцкім партале catholic.by. Яна шмат пісала аб людзях і іх цікавых лёсах. Падчас візіту дзяржсакратара Апостальскай Сталіцы кардынала П'етра Параліна ў Беларусь у 2015 годзе ад імя партала Аксана брала ў яго інтэрв'ю.
Шмат сваіх сіл і энергіі верніца аддавала дапамогі іншым людзям, тым, хто меў патрэбу ў дапамозе. Працавала ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры Дабрачыннай місіі добрага самараніна ў Мінску.
Адрас для лістоў і грашовых пераводаў:
Ючкавіч Аксане Станіславаўне
СТ-8, Жодзіна вул. Савецкая 22А, 222163
Каментары