У топ-5 самых камфортных гарадоў Расіі ўключылі «прыфрантавы» Белгарад
Белгарад, які апошні год рэгулярна падвяргаецца абстрэлам, заняў чацвёртае месца ў рэйтынгу буйных гарадоў Расіі з самым камфортным асяроддзем для пражывання, вынікае з прэзентацыі расійскага Мінбуду «Індэкс якасці гарадскога асяроддзя» за 2023 год, піша The Moscow Times.
Белгарад паводле гэтага рэйтынгу набраў 250 балаў і зусім нязначна адстаў ад тройкі лідараў: Мыцішчаў, Хімак (Маскоўская вобласць) і Яраслаўля, у якіх 251 бал.
Пры разліку аналізаваліся 36 паказчыкаў, максімальна населены пункт мог набраць 360 балаў.
Акрамя Белгарада, у спіс трапілі яшчэ 10 гарадоў вобласці, у тым ліку Шабекіна (219 балаў), Грайваран (220 балаў) і Валуйкі (207 балаў), якія таксама рэгулярна з'яўляюцца ў хроніцы ваенных дзеянняў. У цэлым Белгарадская вобласць атрымала высокую ацэнку, доля камфортных гарадоў у ёй склала 91%.
Паводле слоў расійскага міністра будаўніцтва і ЖКГ Ірэка Файзуліна, ацэньваліся не толькі добраўпарадкаванне тэрыторый і грамадскай прасторы, але і развіццё дарожнай сеткі да транспартнай і сацыяльна-забаўляльнай інфраструктуры, пешаходнай даступнасці да гарадскіх пунктаў прыцягнення, а таксама бяспека.
З улікам апошняга не вельмі зразумела, як Белгарад мог апынуцца на такім высокім месцы ў сваёй групе, бо ён рэгулярна падвяргаецца абстрэлам, а іншыя гарады, якія таксама прызналі камфортнымі для пражыцця, — яшчэ і атакам дыверсантаў з боку Украіны.
У мінулым годзе, па выніках якога складзены рэйтынг, удзельнікі праўкраінскіх узброеных фарміраванняў пранікалі ў Белгарадскую вобласць некалькі разоў і нейкі час нават кантралявалі шэраг населеных пунктаў, уключаючы Новую Тавалжанку. У рэгіёне аб'яўлялі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Жыхары масава скардзіліся на адсутнасць абароны з боку ўладаў, нізкія кампенсацыі выдаткаў і марадзёрства расейскіх вайскоўцаў.
Абстрэлы, налёты дронаў, праца СПА і эвакуацыя сталі ў Белгародскай вобласці будзённай з'явай. Калі ў 2022 годзе губернатар Вячаслаў Гладкоў паведамляў пра атакі толькі час ад часу, то цяпер ягоныя зводкі ўяўляюць сабой зборку па ўсіх населеных пунктах за суткі.
Усяго з пачатку вайны ў выніку нападаў на рэгіён загінулі больш за 135 мясцовых жыхароў. Таксама на Белгародскую вобласць перыядычна падаюць фугасныя бомбы з самалётаў Мінабароны Расіі.
Акрамя таго, у Белгародскай вобласці апошнім часам да рэкордных значэнняў вырасла колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Паводле звестак МУС, летась там выявілі 5614 такіх дзеянняў. Гэта найбольшы паказчык як мінімум з 2010 года.
Беспілотнікі збілі над Яраслаўскай вобласцю, атакаваны Белгарад
У школах Белгарада і прыгранічных муніцыпалітэтаў у чацвёртай чвэрці ўвядуць дыстанцыйнае навучанне
Уладзімір Салаўёў назваў белгарадцаў, якія скардзяцца на абстрэлы, жывёламі
У выніку абстрэла Белгарада пацярпелі інтэрнат і жылы дом
Улады памежнага расійскага Грайварана заклікалі жыхароў эвакуіравацца
Каментары