Паўабаронца «Чэлсі» і зборнай Украіны Міхаіл Мудрык аказаўся пад пагрозай дыскваліфікацыі.
У кастрычніку гэтага года 23-гадовы футбаліст здаў станоўчы тэст на забароненыя прэпараты, піша ўкраінская «Трыбуна».
У канцы кастрычніка ў Мудрыка ўзялі допінг-тэст, у спробе «А» якога выявілі забароненае рэчыва. Паводле інфармацыі блогера Міхаіла Співакоўскага, гаворка ідзе пра мельдоній, які таксама вядомы як мілдранат.
Пакуль невядомы вынік адкрыцця пробы «Б». Гэта павінны зрабіць у найбліжэйшыя дні. Пасля гэтага стане зразумела, ці пагражае вінгеру зборнай Украіны і «Чэлсі» дыскваліфікацыя і, калі так, то наколькі працяглая. Тэарэтычна футбалісту пагражае да чатырох гадоў дыскваліфікацыі, як Полю Пагба, якую потым зменшылі.
Пазней Мудрык пракаментаваў сітуацыю: «Я пацвярджаю, што было паведамлена, што ўзор, які я прадаставіў FA (Футбольнай федэрацыі Англіі), утрымліваў забароненае рэчыва.
Гэта стала для мяне поўным шокам, паколькі я ніколі свядома не ўжываў ніякіх забароненых рэчываў і не парушаў ніякіх правілаў, і я цесна супрацоўнічаю са сваёй камандай, каб расследаваць, як гэта магло адбыцца.
Я ведаю, што не зрабіў нічога дрэннага, і па-ранейшаму спадзяюся, што хутка вярнуся на поле. Цяпер я не магу сказаць больш з-за прыватнасці працэсу, але зраблю гэта, як толькі змагу».
Міхаіл Мудрык перайшоў у «Чэлсі» з фармальна данецкага «Шахцёра» ў студзені 2023 года за 100 млн еўра з улікам бонусаў), што стала самым дарагім продажам з украінскай прэм'ер-лігі і «Шахцёра», самым дарагім зімовым трансферам у гісторыі англійскай прэм'ер-лігі на той момант, а таксама зрабіла Мудрыка самым дарагім украінскім футбалістам.
З гэтага часу згуляў за «Чэлсі» 53 гульні, забіў 5 мячоў.
Каментары