Палітвязень Жамчужны расказаў, як яго спрабавалі атруціць у ШІЗА ў калоніі ў Горках
Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны ў выпуску ТОК расказаў, як зразумеў, што яго спрабуюць атруціць у ШІЗА, і як з гэтым змагаўся.
Міхаіл Жамчужны згадвае, што спроба атруціць яго і іншых асуджаных была, калі яго толькі перавялі ў штрафны ізалятар калоніі №9 у Горках.
«Аднойчы пры прыёме ежы я адчуў моцны прысмак шчолачы. (…) Пры кантакце шчолачы з кіслотным страўнікавым сокам адбываецца рэакцыя нейтралізацыі з выдзяленнем вялікай колькасці газаў. І ежа не пераварваецца, а пачынае гнісці», — тлумачыць Жамчужны.
Мужчына заўважае, што стаў вельмі ўважліва адносіцца да таго, што яму даюць есці, пасля таго, як у суседняй камеры загінуў асуджаны. Па словах Жамчужнага, гэты чалавек пасля ежы пачаў ванітаваць дзіўнымі выдзяленнямі. Яны пайшлі таксама і праз кішэчнік. Доктар, які гэта бачыў, быў вельмі здзіўлены, загадаў прыбраць і засыпаць усё хлёркай.
Як тлумачыць былы палітзняволены, шчолач у ежы — гэта рэшткі мыючых сродкаў. Калі з талерак і дробнага посуду яны падчас паласкання змываліся, то з вялікіх ёмістасцяў, з якіх раздавалася ежа, яны дрэнна прыбіраліся (Жамчужны мяркуе, што наўмысна) і назапашваліся на дне. У выніку зняволеныя з камер, якія апошнімі атрымлівалі ежу, мелі ў ёй вялікую колькасць шчолачы.
Камеру, у якой знаходзіўся мужчына, ён называе «камерай смяротнікаў» з-за таго, што яна якраз была апошняй падчас раздачы ежы. Акрамя таго, яна не была абсталяваная камерамі відэаназірання.
Па словах былога палітзняволенага, пасля таго, як ён адчуў дзіўны прысмак ежы, то ўзяў яе ўзоры, запатрабаваў ад пракуратуры выклікаць санстанцыю. Супрацоўнік апошняй прыйшоў, праверыў ежу і вызначыў факт атручвання. Ён жа правёў праверку прыгатавання ежы ў сталовай.
Былы палітзняволены адзначае, што пасля з ежай усё было нармальна.
Глядзіце цалкам:
Каментары