«Зробіць загароду непрыступнай». Польшча выдаткуе $375 мільёнаў на ўмацаванне агароджы на мяжы з Беларуссю
Існую агароджу лічаць часовым рашэннем.
Польшча збіраецца мадэрнізаваць плот на мяжы з Беларуссю. Пра гэта расказаў намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык.
Паводле яго слоў, Сілезскі тэхналагічны ўніверсітэт ужо распрацаваў праект, які зробіць загароду непрыступнай для мігрантаў, піша money.pl.
Томчык адзначыў, што цяперашняя агароджа, якую паставілі пры папярэднім урадзе, — часовая. Мігранты, якія спрабуюць прарвацца ў Польшчу з тэрыторыі Беларусі, адольваюць яе з дапамогай даволі простых інструментаў, такіх, як драбіны.
Дэталяў праекта мадэрнізацыі Томчык раскрываць не стаў. Аднак адзначыў, што ўмацаванне загароды будзе каштаваць бюджэту прыкладна 375 мільёнаў даляраў.
Пры гэтым будаўніцтва фартыфікацый на мяжы з Беларуссю, пра якія казаў прэм'ер-міністр Дональд Туск — гэта асобны праект. Мадэрнізацыя загароды неабходная для прадухілення нелегальнай міграцыі, а не для барацьбы з ваеннай пагрозай, адзначыў Томчык.
Распрацоўка сістэмы траншэй і дотаў на мяжы з Беларуссю вядзецца паралельна з распрацоўкай праекта па мадэрнізацыі загароды.
Каментары