Грамадства11

«Калі ўварваўся АМАП, я падумала: як прафесійна граюць акцёры!» — былая палітзняволеная па справе гурта Irdorath 

Спявачка Юлія Марчанка, якая ўдзельнічала ў некаторых праектах Irdorath, была сярод затрыманых падчас святкавання дня нараджэння вакалісткі гурта Надзеі Калач на лецішчы. Пра тое, як усё адбывалася тады, і пра жыццё з чыстага ліста ў новай краіне музыкантка распавяла «Нашай Ніве».

Юлія Марчанка. Фота з асабістага архіва

Пытанне, ці было прадчуванне чагосьці благога ў той дзень — 2 жніўня 2021 года, — выклікае ў Юліі ўсмешку. Яна кажа, што такое прадчуванне з'явілася напярэдадні выбараў у 2020-м і потым ніколі не знікала. Адзіны дзень, які музыкантка адчувала сябе цалкам спакойнай і шчаслівай, быў якраз у дзень нараджэння сяброўкі. Жартуе, што была максімальна непадрыхтаваная да затрымання.

— Нас было чалавек 16, прыйшоў апошні ці перадапошні чалавек з запрошаных, і мы якраз хацелі пачаць казаць віншавальны тост. Але раптам у вароты заскочылі ўзброеныя людзі ў бронекамізэльках, касках. Яны крычалі: «Усім ляжаць! Тварам у падлогу!».

Дзяўчына прызнаецца, усё гэта так нагадвала фільм, што яна спачатку вырашыла, што гэта розыгрыш ад брата Уладзіміра Калача (мужа імянінніцы і фронтмена гурта Irdorath), які з’яўляецца прафесійным акцёрам.

— І вось я гляджу на людзей са зброяй і думаю: «Нічога сабе! Як прафесійна граюць акцёры!». Я не верыла, што сілавікі могуць прыйсці на дзень нараджэння і затрымаць там усю кампанію.

Юлія Марчанка. Фота з асабістага архіва

Пасля затрымання кампанію павезлі на Акрэсціна, і 10 дзён там Юлія лічыць самымі жудаснымі за ўсе свае паўтара гады зняволення.

— Пустая камера, адсутнасць пасцельнай бялізны, нармальнай ежы былі сапраўдным выпрабаваннем. Пасля 10 сутак нас перавезлі на Валадарку, дзе дзяўчаты ў камеры распавялі, што і ў душ водзяць, і на шпацыр — я нават неяк выдыхнула.

Юліі і яе мужу Пятру Марчанку прысудзілі па 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі.

— А вось калоніі я больш за ўсё баялася ва ўсёй гэтай гісторыі. Жудасна было пабачыць там вялікую колькасць нешчаслівых людзей, якія жывуць у гэтым месцы гадамі. Відавочна, што шмат у каго была парушана псіхіка яшчэ да калоніі, а пасля ў іх ментальныя праблемы толькі пагоршыліся.

Юлія Марчанка. Фота з асабістага архіва

Музыкантка кажа, што для любых побытавых умоў чалавек можа неяк прыстасавацца. А вось не вельмі прыемнае асяроддзе — гэта цяжка.

— На нас увесь час крычалі, плюс самі зняволеныя былі злыя. Я ніколі не бачыла людзей у спакойным стане — заўжды ўсе напружаныя. У калоніі такія ўмовы, што ты сам сабе не належыш, не можаш планаваць нічога. Па-першае, вельмі мала вольнага часу. Па-другое, нават у вольны час ты чакаеш, што цябе кудысьці дзёрнуць. У спецаддзел, ці ў рэжымны аддзел, ці на нейкае дзяжурства, калі трэба разгружаць мяхі з бульбай.

Дзяўчына адзначае: гэта цяжка як фізічна, так і маральна. Сваёй апорай яна называе іншых палітзняволеных.

— У мяне страх калоніі прапаў у той момант, калі я пабачыла іншую палітзняволеную. Яна на момант нашай сустрэчы ўжо адсядзела ўвесь той тэрмін, які далі мне. Гэта вельмі добрая і прыемная дзяўчына, калі мы сустрэліся, мне палягчэла. І ўвогуле калі ты можаш паразмаўляць з кімсьці сваім, гэта падтрымлівае эмацыянальна.

У кастрычніку 2022 года Юлія і яе муж выйшлі на свабоду і ў хуткім часе з’ехалі ў Польшчу. 

— Муж не сумняваўся ў тым, што трэба з’язджаць, а мне ў той момант ну зусім не хацелася гэтага рабіць. Я была эмацыянальна не падрыхтавана да пераезду.

Цяпер музыкантка лічыць, што ўсё ж эміграцыя была рацыянальным рашэннем.

— Жыццё тут значна спакайнейшае — ты сапраўды адчуваеш сябе ў бяспецы. Я ведаю, што мяне не затрымаюць, калі я іду і размаўляю па-беларуску. У Польшчы я магу быць беларускай — і мяне за гэта не пасадзяць.

Але адаптацыя далася ёй цяжка. Юлія прызнаецца, што доўга адыходзіла — не столькі ад досведу зняволення, колькі ад эміграцыі.

— Здаецца, першыя месяцы два ў Польшчы я днямі спала. Было такое адчуванне, што я страціла сваё месца сілы — свой горад. Я нарадзілася ў Мазыры, і думаць аб тым, што ў бліжэйшы час я не змагу туды прыехаць, пахадзіць там, было вельмі сумна. Апошнія гадоў 10 я не жыла ўжо ў Мазыры, мала пабыла там, калі вызвалілася — літаральна некалькі дзён. І чагосьці я так загрузіла сябе гэтымі думкамі, што звалілася ў дэпрэсіўны стан.

Вяртацца да музыкі Юлія не планавала і нават усім распавяла, што здымкі ў кліпе Irdorath «Зорамі» — гэта апошні музычны праект, у якім яна ўдзельнічае.

Юлія Марчанка. Фота з асабістага архіва

— Я пачала плесці дрэды — гэта такая наша агульная справа з Надзяй і Вовам Irdorath. Напісала ў інстаграме, што запрашаю ўсіх на дрэды ў Варшаве — і людзі пачалі пісаць. Вось з гэтага і пачалося вяртанне да камунікацыі з людзьмі. 

Юлія смяецца, што першы час у Польшчы часцей была ў кампаніі жывёл. Знаёмыя пакінулі ёй на месяц сабаку, які стаў матывацыяй для таго, каб двойчы на дзень выходзіць з дому ў парк і глядзець на вавёрачак, казуляй, зайцоў.

— Потым мяне запрасілі выступіць на хадулях разам з дзіцячым тэатрам. З імі нават паехалі ў міні-тур у Літву, дзе кожны дзень давалі спектаклі. І гэта таксама быў мой крок да звычайнага жыцця, бо да затрымання я грала ў тэатрах арыгінальнага жанру — там дзе фаершоу, акрабатыка, хадулі.

Музыкантка кажа, што пакуль была ў калоніі, асэнсоўвала свой працоўны досвед.

— У Беларусі я нейкі час працавала ў музычнай школе — кіравала хорам хлопчыкаў. І вось гэтыя 5 гадоў выкладання — шлях да моцнага выгарання. Гэта вельмі цяжкая праца: шмат задач, якія выканаць нерэальна, бо не ўсе дзеці мелі талент і жаданне займацца. Некаторых бацькі проста адпраўлялі ў музыкалку таму, што для шматдзетных гэта бясплатна. Вядома, што дзіця, калі яно малое, стамляецца і проста ў школе — а потым яму трэба зрабіць хатняе, схадзіць у музыкалку, а пасля яшчэ самастойна займацца музыкай дома. Таму што калі дзіця не зробіць гэтага, то мы не выканаем усю праграму музыкалкі. Вельмі цяжка выцягваць з дзяцей тое, на што не ўсе здольныя.

За такую працу ў Беларусі плацяць сімвалічна. Юлія прызнаецца, што ёй заўсёды не хапала грошай. Бо заробак на стаўку складаў каля 500 рублёў, а калі працаваць на дзве стаўкі (што значыць удвая больш гадзін), атрымлівалася б менш за 800 рублёў. 

Юлія Марчанка. Фота з асабістага архіва

Але пераломны момант адбыўся зноў жа на дні нараджэнні Надзеі Калач. Там Юлія пазнаёмілася з Паўлам Трыпуцем, які шукаў выкладчыка ці выкладчыцу вакалу. Для эксперыменту яна пагадзілася ўзяць аднаго вучня.

— Мы пачалі займацца, і нечакана я зразумела, што гэта зусім іншы досвед, калі да цябе прыходзяць матываваныя людзі. Бо адна справа, калі чалавек займаецца пад прымусам — бацькоў, музычнай школы, — і зусім іншая, калі ён сам хоча нешта рабіць, слухае ўважліва, вучыцца. 

Таму калі Павел вырашыў адчыніць школу вакалу OpTeamist Vocal Studio, Юлія пагадзілася выкладаць там.

— Мне вельмі падабаецца назіраць за вучнямі. У мяне ёсць вучаніца, у якой усе эмоцыі адлюстраваны на твары. Калі нешта атрымоўваецца, у яе бясконца мілы здзіўлены выгляд. У той момант, калі голас маіх вучняў гучыць лепш, я нарэшце адчуваю шчасце.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Трям
    24.05.2024
    Хочется искренне пожелать удачи такому светлому человеку ❤️

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за12

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за

Усе навіны →
Усе навіны

Улады Абхазіі маюць намер адклікаць інвестыцыйнае пагадненне з РФ. Пратэстоўцы ўжо ўварваліся ў будынак парламента3

Прэм'ер Венгрыі Віктар Орбан заклікаў перагледзець санкцыі супраць Расіі4

Мужа першага віцэ-мэра Мінска сфатаграфавалі са свежай газетай, каб даказаць, што інфармацыя пра яго арышт — фэйк. Непераканаўча — вось чаму9

Амаль дабудавалі — Нацыянальны стадыён у Мінску знялі з дрона ВІДЭА1

Аліна Коўшык прызначана дырэктаркай «Белсата»25

Алексіевіч: Дыктатура робіць нас дурнейшымі, бо мы абмяркоўваем гэта вар'яцтва9

Наколькі выгадна інвеставаць грошы ў золата?2

Пратэстоўцы ў Абхазіі паспрабавалі ўзяць штурмам будынак парламента2

Цэны на кватэры ў Мінску зноў паставілі рэкорд

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за12

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за

Галоўнае
Усе навіны →