Гары Кейн стаў уладальнікам «Залатой буцы» як найлепшы бамбардзір еўрапейскіх ліг
Экс-форвард «Тотэнхема» ў мінулым сезоне забіў 44 мячы ва ўсіх турнірах.
Форвард «Баварыі» Гары Кейн стаў уладальнікам «Залатой буцы» як найлепшы бамбардзір еўрапейскіх ліг па выніках сезона-2023/2024.
Англійскі гулец завяршыў сезон з 36 галамі ў чэмпіянаце Германіі. Яго найбліжэйшым пераследнікам стаў форвард «Штутгарта» Серу Гірасі (28 забітых мячоў). На трэцім радку форвард «ПСЖ» Кіліян Мбапэ (27 галоў).
У мінулым сезоне ў складзе мюнхенцаў (у тым ліку ў Кубку Германіі і Лізе чэмпіёнаў) за 45 матчаў Кейн забіў 44 галы і аддаў 12 выніковых перадач. У апошні раз на футбольнае поле 30-гадовы англічанін выходзіў 4 мая ў матчы са «Штутгартам». Пасля гэтага ён не гуляў з-за траўмы.
Нагадаем, гэты сезон у «Баварыі» стаў для Кейна дэбютным у Бундэслізе. Па выніках сезона Гары і яго клуб не змаглі выйграць ніводнага тытула.
Каментары