Жыхар Гродна Ігар у часе прагулкі па горадзе зняў на відэа, як яму падалося, даволі рэдкую для Беларусі птушку. Шустрая, маленькая, завісае ў паветры як верталёт — быццам бы ўсё падыходзіць пад апісанне калібры. Ролік хутка набраў больш за паўмільёна праглядаў, але арнітолагі, энтамолагі і простыя дачнікі ўжо спяшаюцца вас расчараваць, піша Onliner.
На відэа насамрэч матылёк сямейства бражнікаў, хутчэй за ўсё, языкан. Некаторыя падобныя асобіны вырастаюць да дастатковых памераў, каб іх можна было зблытаць з птушкай, а манера перасоўвання, характэрны хабаток-«дзюба» і здольнасць завісаць у паветры сапраўды родніць іх з калібры.
Некаторыя спецыялісты тлумачаць, што з прыкметных візуальных адрозненняў у калібры і языкана толькі наяўнасць вусікаў, так што пераблытаць іх сапраўды лёгка.
Што і адбываецца плюс-мінус штогод з неспрактыкаванымі гарадскімі жыхарамі.
Вось як раней каментавала падобны выпадак спецыяліст Акадэміі навук Кацярына Сетракова:
— На вочы гэты матылёк трапляецца не ўсім, таму многія так і рэагуюць, калі ўпершыню яго бачаць. Яго можна сустрэць па ўсёй краіне, але шанцуе далёка не кожнаму. Як правіла, гэту казурку складана заўважыць: матылёк мае не вельмі яркую афарбоўку і дасягае невялікіх памераў (у параўнанні з іншымі бражнікамі), паводзіць сябе як калібры, гэта значыць не садзіцца на кветкі і не дае магчымасці сябе разгледзець.
Каментары