«Мой каханы не чытае навіны, калі яны напісаныя па-беларуску». Дар'я Царык стала на абарону рускай мовы і прыпляла нават Пазняка
Сацыяльная менеджарка Дар'я Царык абурылася тым, што на сайце хуткай гуманітарнай дапамогі няма рускай мовы — толькі беларуская і англійская. Яна палічыла гэта палітычнай заявай.
«Хуткая гуманітарная дапамога» — гэта агульны сайт чатырох ініцыятыў, якія дапамагаюць рэпрэсіраваным беларусам («Байсол», «Байхэлп», «Краіна для жыцця» і «Дысідэнт.бай»).
У сваім допісе на фэйсбуку Дар'я напісала:
— Што мяне вельмі засмуціла і выклікала проста агіду. Наяўнасць палітычнай заявы на гуманітарнай ініцыятыве, а менавіта — сайт даступны ў беларускай і англійскіх версіях толькі. Чаму гэта менавіта палітычная заява — таму што гэта тэхнічная задача на 10 хвілін.
Дар’я сцвярджае, што такое рашэнне супярэчыць этыцы і прынцыпам гуманітарнай дапамогі. Бо дапамога павінна быць максімальна даступнай і сяброўскай для сваіх бенефіцыяраў, родная мова якіх і руская, і беларуская.
Яна таксама кажа аб тым, што выключэнне рускай мовы скароціць аўдыторыю праз алгарытмы пошуку Гугла і Яндэкса, што тэарэтычна можа перашкодзіць людзям знайсці інфармацыю пра дапамогу.
Дзяўчына нават абвінавачвае стваральнікаў рэсурсу ў булінгу рускамоўных беларусаў.
Сярод аргументаў, якія прыводзіць Дар’я, ёсць і меркаванне яе ананімнага каханага мужчыны, які нібыта прынцыпова не чытае публічныя паведамленні ці навіны, калі яны напісаныя на беларускай мове. І вось чым ён тлумачыць такую прынцыповасць: «Калі гэта недастаткова важна, каб уключыць рускамоўных беларусаў, то і мне не варта марнаваць час, каб іх чытаць. І я дастаткова стары, каб памятаць, што з гэтай жа прычыны — выключэнне рускамоўных беларусаў — Пазняк не дамогся падтрымкі на выбарах, і перамог Лукашэнка».
У каментарыі прыйшоў сузаснавальнік «Байхэпл» Аляксей Лявончык і пацікавіўся, калі Дар'я апошні раз змагалася за беларускую мову на сайтах, дзе ёсць толькі руская і англійская.
Медыяменеджарка, рэдактарка «Зялёнага партала» Яніна Мельнікава здзівілася:
— Украінская мова не замінае нам дапамагаць украінцам, а беларуская павінна замінаць беларусам дапамагаць і атрымаць дапамогу?
Рэдактарка «Белсата» Вольга Ярохіна напісала:
— Дзякуючы пастаянным лістам у Гугл (і не толькі), Гугл пачынае глядзець у бок беларускай мовы. Прынамсі стала магчымым зрабіць у гугл-ньюз навінавы беларускамоўны канал. Мяркую, гэта супольная перамога беларускамоўных медыя. … Мяне крыху зачапіла, што беларускую мову вы лічыце палітычным кантэкстам. Дзіўная заява.
А вось Юрый Мельнічак, заснавальнік картаграфічнага сэрвісу MAPS.ME, кампаніі AIMATTER, стаў на бок Царык. Ён нават прысвяціў гэтаму некалькі допісаў на сваёй старонцы:
— На жаль, сайт ініцыятывы не падтрымлівае рускую мову, якой карыстаюцца больш за 70% беларусаў. Гэта важна, таму што не ўсе беларусы валодаюць беларускай, асабліва старэйшае пакаленне. Я гатовы дапамагчы і/ці прафінансаваць даданне рускай мовы на сайт, каб уключыць у атрымальнікаў падтрымкі большую колькасць беларусаў. Калі вы не хочаце дадаваць рускую мову, і/ці калі гэта ваша палітычнае рашэнне, калі ласка, паведамце пра гэта публічна, каб рускамоўныя беларусы былі ў курсе.
Раней Дар'я Царык была дырэктаркай «Генома» (арганізацыі, якая займалася дапамогай людзям з рэдкімі генетычнымі нейрамышачнымі захворваннямі), а таксама сяброўкай праўлення арганізацыі «Радзіслава» (дапамагала жанчынам і дзецям, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту).
У студзені 2022 года Дар'ю затрымлівалі па палітычных матывах і асудзілі на 8 сутак арышту. У хуткім часе яна з'ехала ў Германію і пасялілася ў Берліне.
У сацыяльных сетках Дар’і пазначана, што яна працуе над тэсціраваннем праграмы, якая з дапамогай штучнага інтэлекту дапамагае высветліць дыягназ — пацыенту трэба паслядоўна і разгорнута адказваць на пытанні. Таксама Царык запусціла сайт, на якім абяцае аб'ядноўваць інвестараў і заснавальнікаў праектаў. Дарэчы, на сайце Дар'і выкарыстоўваецца толькі адна мова — англійская.
Каментары