Азаронак абвінаваціў прарасійскіх актывістаў у працы на заходнія разведкі
Прапагандыст абрынуўся з жарснай крытыкай на адрас «ісцінных патрыётаў».
Прапагандыст СТБ Рыгор Азаронак выступіў з чарговым крытычным постам. Аднак гэтым разам ён атакаваў не апанентаў Лукашэнкі, а фактычна сваіх хаўруснікаў з прарасійскага лагера.
Азаронак адрэагаваў на інтэрв'ю праўладнага блогера Цімура Прахіна пра «дыверсію на «Славянскім базары». Той у эфіры канала Уладзіміра Салаўёва расказаў пра тое, што дзіцячы блогер Дзім Дзімыч са сваімі паплечнікамі збіраюцца, маўляў, разбэшчваць беларускіх дзяцей песнямі пра алкаголь і наркотыкі.
Азаронку не спадабалася, што Прахін «напрасіўся ў эфір брацкай дзяржавы скардзіцца на сваё ўласнае». Прапагандыст назваў гэта ганьбай і яшчэ парачкай уласцівых яму каляцэнзурных слоў.
Азаронак заявіў, што інфармацыя пра ўдзел Дзім Дзімыча ў «Славянскім базары» была фэйкам. З ягоных слоў, «нармаваннем моладзевых блогераў заняліся даўно». І каля вытокаў гэтага працэсу стаяў ён сам, калі паклікаў Дзім Дзімыча на эфір і задаў усе пытанні.
Далей Азаронак абрынуўся з лютай крытыкай на групу актывістаў.
«Мы выразна бачым вельмі з'едлівае, істэрычнае асяроддзе, дзе дзяржаву і ўладу ганяць і зневажаюць кожны дзень. Дзе даўно гучыць адзін і той жа тэзіс «ды пофіг на гэтых змагароў, пляваць на іх, яны не небяспечныя, трэба мачыць унутранага ворага».
Пры гэтым я ўпарта спрабую шукаць адрозненні паміж гэтай групай і змагарамі, і не магу знайсці. Тая ж злосць, выскаленасць, «непрызнаныя геніі», любы, хто скажа слова папярок — вораг, гад, брыда, здраднік. Калектыўныя скаргі і звароты дзеля скаргаў і зваротаў — ну чым не Матолька», — заявіў Азаронак, відавочна намякаючы ў тым ліку на адну вядомую даносчыцу.
Азаронак абурыўся тым, што ўсё гэта адбываецца пад пралукашэнкаўскімі лозунгамі. У выніку, на яго думку, «многіх даверлівых людзей даводзяць да вар'яцтва».
Прапагандыст пайшоў яшчэ далей — і абвінаваціў прарасійскіх актывістаў у працы на замежныя спецслужбы.
«Паводле маёй інфармацыі — ёсць звесткі аб дачыненні некаторых «актывістаў», якія выдаюць сябе за «сапраўдных» патрыётаў і прыхільнікаў саюзнай дзяржавы, да дзейнасці заходніх разведак. Заданне цалкам канкрэтнае: разлажэнне патрыятычнага асяроддзя, распальванне варожасці, унясенне сумятні ў беларуска-расійскія стасункі», — піша прапагандыст.
І абяцае, што далей будзе «вельмі цікава».
Каментары