Літва развярнула на мяжы больш за 20 машын з Беларусі — у тым ліку з грамадзянкай Літвы за рулём
18 ліпеня пачала працаваць забарона на ўезд аўтамабіляў з беларускімі нумарамі ў Літву.
Літоўскія мытнікі раніцай 18 ліпеня павярнулі на мяжы з Беларуссю не менш за 26 машын з беларускімі нумарамі.
У 0:00 гадзін запрацавала забарона на ўезд у Літву аўто з беларускай рэгістрацыяй. Да 16 жніўня заехаць у краіну дазволена толькі тым аўто з беларускімі нумарамі, якімі кіруе сам уладальнік. Астатніх зараз разварачваюць, піша LRT.
У пункце пропуску «Меднікі» раніцай разгарнулі каля дзясятка легкавых аўто. Прычым не пусцілі ў краіну ў тым ліку грамадзянку Літвы — яна ехала на машыне з беларускімі нумарамі.
«У нашых афіцэраў ёсць пэўныя алгарытмы, калі гэта не ўладальнік машыны. Пры супрацоўніцтве з Пагранічнай службай такія грамадзяне былі вернуты ў Беларусь.
Сярод іх была адна грамадзянка Літвы — яна ехала з беларускімі нумарамі», — распавёў начальнік пагранперахода Арунас Даўбарс.
Ён дадаў, што многія беларусы не ведалі пра забарону і спрабавалі настаяць на тым, каб іх прапусцілі. Мытнікі вярталі іх у Беларусь.
У пункце пропуску Шальчынінкай да 7 раніцы не прапусцілі 16 аўто з беларускімі нумарамі без уладальніка ў салоне.
Латвія і Эстонія таксама забаранілі ўезд для аўто з беларускай рэгістрацыяй. Польшча прапускае аўто з беларускімі нумарамі толькі пад кіраваннем уладальніка.
Каментары
Нібыта ў беларусаў зараз ніякіх іншых праблем няма.