У Расіі тэрмінова шукаюць людзей для капання акопаў у Курскай вобласці
Працаваць прапануюць вахтамі, рэжым — кругласутачны.
У заходніх і паўднёва-заходніх рэгіёнах Расіі шукаюць рабочых для капання акопаў і ўзвядзення фартыфікацый у Курскай вобласці, дзе ўкраінская армія вядзе наступ.
Больш за 30 такіх вакансій апублікавана на расійскіх сайтах за апошнія дні, піша BBC.
У большасці аб'яў шукаюць рабочых-вахтавікоў для ўзвядзення фартыфікацыйных збудаванняў (акопы, доты, супрацьтанкавыя збудаванні) і за змену ім прапануюць ад 5 да 7 тысяч расійскіх рублёў (55-75 даляраў).
«Для ўзвядзення другой (рэзервовай) лініі абароны тэрыторыі, у Курскую вобласць на будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў (акопы, доты, супрацьтанкавыя збудаванні) патрабуюцца падсобнікі, рознарабочыя, без досведу», — гаворыцца ў адной з аб'яў, размешчаных Пецярбургскай будаўнічай кампаніяй.
Вакансіі размяшчаюць у асноўным будаўнічыя кампаніі і фірмы, якія спецыялізуюцца на падборы вахтавікоў. Адна і тая ж аб'ява дублюецца на розныя рэгіёны, уключаючы Маскву, Пецярбург і Арлоўскую вобласць. Вакансіі таксама абяцаюць далейшае працаўладкаванне ў будаўнічай кампаніі.
Пры гэтым указаны заробак складае ў сярэднім ад 150 да 210 тысяч расійскіх рублёў у месяц (1650-2300 даляраў), і да 371 тысячы (4000 даляраў) за 60 дзён працы ў некаторых аб'явах. Тым, хто вырашыць застацца на другі месяц, прапануюць больш шчодрыя выплаты.
Таксама шукаюць машыністаў гусенічнага экскаватара з прапанаваным заробкам да тысячы рублёў (11 даляраў) за гадзіну. У аб'яве таксама паказана што аб'ект знаходзіцца ў горадзе Курск, на «другой лініі абароны» і што праца заключаецца ў «капанні акопаў». Рэжым працы пры гэтым заяўлены як «кругласутачны».
У некаторых аб'явах указана абавязковая адпрацоўка на мясцовых пляцоўках два тыдні (Масква, Пецярбург, Уфа) да адпраўкі ў Курск, якая адбудзецца «толькі па жаданні кандыдата».
У большасці вакансій колькасць патрэбных работнікаў не пазначана, акрамя аднаго аб'явы ад прыватнай асобы ў Крыме ад 11 жніўня, які кажа, што патрабуецца «50-100 чалавек» на капанні акопаў у Курску.
У аб'яве падкрэсліваецца, што працаваць трэба будзе «па-за зонай баявых дзеянняў» і «небяспека на працы адсутнічае».
Каментары