Па французскім пашпарце Дураў — Paul Du Rove. Раней ён расказваў пра гэту гісторыю як пра першакрасавіцкі жарт
Выданне BFM TV піша, што пры атрыманні французскага грамадзянства імя заснавальніка Telegram Паўла Дурава было натуралізаванае. Па французскім пашпарце ён Paul Du Rove, звярнула ўвагу «Еўрарадыё».
Раней Дураў сам расказваў пра гэта. У Дзень смеху, 1 красавіка 2023 года, у сваім канале ён падзяліўся пацешнай гісторыяй з жыцця.
Паводле яго, у 2022 годзе заснавальнік «УКантакце» і Telegram выпадкова змяніў імя і прозвішча ў сваім французскім пашпарце.
«Будзьце асцярожныя з гэтым днём [1 красавіка]! Роўна год таму мой памочнік жартам заўважыў, што раз я стаў грамадзянінам Францыі, то павінен дадаць прабел у прозвішча і стаць «Дзю Роўв» (Du Rove). Гучна рагочучы, мы запоўнілі форму для «афранцужвання» майго імя, якое пасля яшчэ некалькіх штрыхоў стала «Поль дзю Роўв» (Paul du Rove)», — распавёў Дураў.
Паводле яго слоў, тады ён хутка забыўся на заяўку, аднак французскія ўлады сапраўды прынялі яе і апрацавалі.
Каб падкрэсліць камічнасць сітуацыі, Дураў, як ён сам напісаў, пераназваў свой канал у Du Rove's Channel.
«Успамінаючы гэты дзень, я ўдзячны лёсу за тое, што крэатыўнасць майго памочніка не распаўсюдзілася на мой эмірацкі пашпарт. У адваротным выпадку вы б чыталі гэты пост на «канале Аль Дура», — дадаў ён.
Цяпер затрыманы ў Парыжы Дураў чакае судовага пасяджэння, дзе будуць агучаныя абвінавачанні і вырашаць, ці пакінуць мільярдэра за кратамі.
Каментары