Уцюрын быў прысуджаны да 12 гадоў зняволення за хабар, але правёў за кратамі пяць з паловай гадоў.
Аляксандр Лукашэнка памілаваў былога намесніка дзяржсакратара Рады бяспекі і былога кіраўніка сваёй службы бяспекі Андрэя Уцюрына. У 2020 годзе той быў прысуджаны да 12 гадоў зняволення за карупцыю.
Пра вызваленне Уцюрына паведаміў былы палітвязень Сяргей Пятрухін. Крыніцы «НН» пацвердзілі гэту інфармацыю.
Уцюрын быў адным з самых адданых лукашэнкаўскіх гвардзейцаў. Некалі яшчэ ягоны бацька ўзначальваў элітную часць Унутраных войскаў 3214, а сам Андрэй пайшоў у Службу бяспекі прэзідэнта ў 1995-м і даслужыўся да начальніка ў гэтым ведамстве, да якога ў Лукашэнкі самы вялікі давер. Ён узначаліў Службу бяспекі ў 2007 годзе і кіраваў ёй сем гадоў. Пасля стаў намеснікам дзяржсакратара Рады бяспекі.
Уцюрына затрымалі ўвесну 2019 года ў момант атрымання хабару ад расійскага бізнэсоўца. Пазней Лукашэнка паведаміў, што Уцюрын «трапіў пад прыцэл» сілавікоў, калі яшчэ ўзначальваў службу аховы.
Суд над Уцюрыным праходзіў з красавіка па ліпень 2020 года. Яго, кавалера ордэна «За службу Радзіме» і ўладальніка медаля «За бездакорную службу», прызналі вінаватым у атрыманні хабараў на агульную суму 192 тысячы долараў.
Такія грошы яму плацілі за лабіраванне інтарэсаў пры пастаўцы тэлекамунікацыйнага абсталявання для ДВП МУС, у прыватнасці для турмы №8 у Жодзіне.
Уцюрыну прысудзілі 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама пазбавілі звання палкоўніка.
Пакаранне былы высокапастаўлены сілавік адбываў у калоніі ў гарадскім пасёлку Віцьба Віцебскай вобласці. Усяго па «справе Уцюрына» асудзілі 16 чалавек. Сярод іх — чыноўнікі Міністэрства фінансаў, а таксама менеджары Нацбанка, БПС-Сбербанка, Беларусбанка, кіраўнік «Белтэлекама», прадстаўнікі камерцыйных структур. Акрамя таго, тэрміны атрымалі расійскія бізнэсмены, якія давалі хабары.
Усяго ў датычных канфіскавалі больш за $1,65 мільёна.
Такім чынам, Уцюрын адсядзеў менш за палову з прызначаных яму 12 гадоў.
***
Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў 1971 у Пензе. У 1992 скончыў Саратаўскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча МУС Расіі, а ў 2002 — Акадэмію МУС Беларусі. Ад 1995 — у службе аховы Лукашэнкі. Узнагароджаны ордэнамі «За бездакорную службу» і «За службу Радзіме». Кіраўнік Службы аховы ў 2007-2014. Намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі (2014-2019). Знаходзіўся ў зняволенні з 2019 да 2024.
Каментары
Вот в кого превратил Лукашенко людей и это ужасно видеть, как люди превращаются в ничто.
И сколько поколений будет это исправлять?