Вайна

Зяленскі абвергнуў, што падчас еўрапейскага турнэ ён абмяркоўваў пытанне перамір'я з Расіяй

За апошнія 48 гадзін Зяленскі наведаў Лондан, Парыж, Рым і Берлін, імкнучыся заручыцца вайсковай і фінансавай падтрымкай.

Уладзімір Зяленскі і прэм'ер Італіі Джорджа Мелоні. Фота: president.gov.ua

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў чацвер абвергнуў паведамленні пра тое, што ён абмяркоўвае з еўрапейскімі саюзнікамі ўмовы перамір'я з Расіяй, і заклікаў Захад узмацніць падтрымку Кіева напярэдадні складанай зімы, піша «Голас Амерыкі».

За апошнія 48 гадзін Зяленскі наведаў Лондан, Парыж, Рым і Берлін, імкнучыся заручыцца вайсковай і фінансавай падтрымкай Украіны на фоне трывог адносна магчымай перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША ў наступным месяцы.

Украінскі лідар накіраваўся ў Рым на рабочую вячэру з Джорджа Мелоні, пасля якой прэм’ер-міністр Італіі абвясціла, што ў італьянскай сталіцы пройдзе наступная канферэнцыя па дапамозе ў аднаўленні Украіны. Канферэнцыя адбудзецца 10-11 ліпеня 2025 года.

«Украіна не адна, і мы будзем падтрымліваць яе столькі, колькі спатрэбіцца», — заявіла Мелоні журналістам пасля вячэры.

Да гэтага Зяленскі правёў перамовы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам у Парыжы, пасля якіх украінскі лідар абверг паведамленні СМІ пра тое, што ён абмяркоўвае з заходнімі саюзнікамі ўмовы перамір'я з Расіяй.

«Гэта не было тэмай нашых перамоваў, — сказаў ён журналістам у сталіцы Францыі. — Гэта не так. Расія актыўна працуе, укідваючы дэзінфармацыю ў СМІ, таму такія паведамленні цалкам зразумелыя».

Зяленскі адхіляе любыя мірныя планы, якія ўключаюць саступку тэрыторый Расіі, настойваючы, што Масква павінна спачатку вывесці ўсе свае войскі з тэрыторыі Украіны.

Зяленскі таксама паведаміў, што ён і Макрон абмеркавалі «план перамогі» Кіева ў вайне з Расіяй.

«Да зімы нам патрэбная ваша падтрымка», — дадаў ён, прызнаўшы «складаную сітуацыю на ўсходзе» і «вялікі дэфіцыт» некаторых відаў узбраенняў.

Не ўдаючыся ў падрабязнасці, Макрон сказаў, што Зяленскі выклаў «план дзеянняў Украіны на найбліжэйшыя тыдні», і яны абмеркавалі стратэгію на будучыя «тыдні і месяцы».

Макрон падкрэсліў, што ён пацвердзіў падтрымку Францыі «ўкраінскаму супраціву супраць расійскага ўварвання».

Пазней Зяленскі напісаў у сваім тэлеграм-канале, што яны абмеркавалі магчымасць сумеснай вытворчасці зброі Францыяй і Украінай.

Украіна рыхтуецца да найбольш складанай зімы з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022 года, паколькі Расія наносіць удары па энергетычнай сістэме краіны і прасоўваецца на ўсходнім фронце.

Зяленскі прыбыў у Парыж з Лондана, дзе правёў перамовы з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам і кіраўніком НАТА Маркам Рутэ.

Пасля сустрэчы на Даўнінг-стрыт Зяленскі заявіў, што ён выклаў «падрабязнасці нашага плана перамогі», дадаўшы, што план «накіраваны на стварэнне ўмоў для справядлівага завяршэння вайны».

Стармер сказаў, што сустрэча была магчымасцю «прайсціся па плане і абмеркаваць яго больш падрабязна».

Зяленскі заявіў, што Украіне тэрмінова патрэбна дадатковая дапамога, каб супрацьстаяць расійскаму захопу дзясяткаў малых гарадоў і вёсак на ўсходзе.

Ён таксама дамагаецца дазволу на выкарыстанне дальнабойнай зброі, прадастаўленай саюзнікамі, для нанясення ўдараў па ваенных мэтах у глыбіні Расіі.

Вашынгтон і Лондан марудзяць з ухваленнем з-за асцярог, што гэта можа ўцягнуць саюзнікаў па НАТА ў прамы канфлікт з Расіяй.

Зяленскі заявіў, што ўзняў гэтае пытанне на сустрэчы на Даўнінг-стрыт.

Рутэ заявіў журналістам: «Юрыдычна Украіна мае права выкарыстоўваць сваю зброю для паражэння мэтаў у Расіі, калі гэтыя мэты ўяўляюць пагрозу для Украіны. Аднак рашэнне аб пастаўках кожны саюзнік прымае індывідуальна».

Рутэ і Вялікабрытанія перасцераглі Зяленскага ад празмернага акцэнтавання на дальнабойных ракетах.

Прадстаўнік Стармера сказаў, што перамовы тычыліся «ўсяго спектру падтрымкі» Украіны.

Запланаваная на суботу сустрэча саюзнікаў Украіны ў Германіі была адкладзена пасля таго, як прэзідэнт Джо Байдэн адмяніў свой візіт у сувязі з пагрозай урагану «Мілтан».

У чацвер Крэмль заявіў, што яго ракеты паразілі дзве пускавыя ўстаноўкі амерыканскай сістэмы СПА Patriot, якую Украіна выкарыстоўвае супраць расійскіх ракет.

Каментары

Вучылася на настаўніцу беларускай мовы, строіла палкоўнікаў. Шэсць фактаў пра Вольгу Чамаданаву, якая ідзе на выбары19

Вучылася на настаўніцу беларускай мовы, строіла палкоўнікаў. Шэсць фактаў пра Вольгу Чамаданаву, якая ідзе на выбары

Усе навіны →
Усе навіны

Журналіста Ігара Ільяша перавялі ў СІЗА ў Калядзічы1

Гэта іншае? На чым падстаўляюць удзельнікаў флэшмобу «Надо!»18

«Усе атрымалі кухталёў за афармленне». У Брэсце забаранілі Хэлоўін ва ўстановах грамадскага харчавання1

У Варшаве плануюць правесці Вялікі беларускі дзіцячы фэст1

Мужчына з Чыты 70 гадоў шукаў бацьку-беларуса, а знайшоў на шоу Малахава братоў

Сіноптыкі прагназуюць пад канец тыдня пахаладанне і мокры снег2

Закрытая справаздача Мінздароўя пацвярджае дэмаграфічную катастрофу19

У Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі тыкток-старонкі Славы Камісаранкі і Аляксандра Івуліна

У Гродне правераць бяспеку Замкавай гары — каб Стары замак не споўз у Нёман

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вучылася на настаўніцу беларускай мовы, строіла палкоўнікаў. Шэсць фактаў пра Вольгу Чамаданаву, якая ідзе на выбары19

Вучылася на настаўніцу беларускай мовы, строіла палкоўнікаў. Шэсць фактаў пра Вольгу Чамаданаву, якая ідзе на выбары

Галоўнае
Усе навіны →