У бальніцы Ірыны Абельскай некаторых пацыентаў пазначаюць «чорнай меткай»
Дзіўная інавацыя выкарыстоўваецца ў «Лечкамісіі» ў рамках інфекцыйнага кантролю.
Загадчыца інфекцыйна-эпідэміялагічнага аддзела бальніцы Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі Алена Качанка распавяла, што ў стацыянары некаторых пацыентаў пазначаюць «чорнай меткай».
Расказ Качанкі пра гэта ноу-хау заўважылі «Белыя халаты».
«Калегі з Нацыянальнага медыка-хірургічнага цэнтра імя М. І. Пірагова пры ізаляцыі пацыента з мультырэзыстэнтнай флорай на палату вешаюць таблічку «Не чапаць! Халат, шапачка, маска, пальчаткі».
Мы ж у сябе ў стацыянары прыдумалі назву «чорная метка». Такім чынам, санітарка выразна разумее, што палату, у якой знаходзіцца пацыент з «чорнай меткай», трэба памыць у апошнюю чаргу; таксама і буфетчыца прыносіць туды ежу ў апошнюю чаргу, а хірург ведае, што перавязку трэба зрабіць апошняй справай у палаце», — расказала Качанка на старонках «Медицинского вестника».
«Белыя халаты» адзначаюць, што заходзіць у такую палату ў апошнюю чаргу — адэкватная практыка, але наколькі падобная «маркіроўка» адпавядае этычным нормам, не зусім зразумела. Звычайна ў такіх выпадках хапае стандартных папярэджвальных надпісаў, без малюнкаў з чэрапам і косткамі.
У 2024 годзе Качанка апублікавала вучэбна-метадычны дапаможнік «Элементы інфекцыйнага кантролю ў шматпрофільным стацыянары». Рэдагавала дапаможнік Ірына Абельская — галоўны доктар «Лечкамісіі» і мама Мікалая Лукашэнкі.
Інфекцыйны кантроль у бальніцах праводзіцца для паляпшэння якасці аказання медыцынскай дапамогі пацыентам праз зніжэнне колькасці выпадкаў інфекцый, звязаных з медыцынскай дапамогай.
Праграма інфекцыйнага кантролю павінна ўключаць, у першую чаргу, стандартныя меры засцярогі, кіраванне антыбіётыкамі, адкідамі, наяўнасць і даступнасць сродкаў індывідуальнай абароны, дэзынфекцыю і стэрылізацыю, бяспечнае выкарыстанне іголак, гігіену рук, а таксама навучанне.
Каментары