У народнай майстрыхі з Маларыты згарэла ўсё. Сама яна выпаўзла з агню, выбіўшы галавой шыбу
Бяда ў народнага майстра Беларусі Сцепаніды Сцепанюк з вёскі Дарапіевічы, што ў Маларыцкім раёне, здарылася а пятай раніцы 7 верасня.
У доме здарыўся пажар, згарэлі натканыя ручнікі, посцілкі, наміткі, спадніцы, буркі. Згарэў Сцепанідзін строй, які яна выткала сабе на смерць.
Аднак сама Сцепаніда, якая перанесла не адзін інсульт і была ўжо фактычна прыкавана да ложка, выратавалася, паведаміла ў сваім фэйсбуку Ларыса Быцько.
Старая жанчына, разбіўшы галавой акно, выпаўзла на двор.
Зараз Сцепаніда Аляксееўна знаходзіцца ў доме дачкі, што жыве побач.
Ацалеў толькі ордэн, якім уганаравалі яе за творчую дзейнасць да 80-годдзя, а выканаў яго вядомы берасцейскі мастак-эмальер Мікола Кузьміч.
«Расціснуўшы кулачок, паказала яго, ордэн «За вернасць Бацькаўшчыне» — піша Ларыса Быцько.
***
Сцепаніда Сцепанюк — вядомая ткачыха, яна выткала шмат ручнікоў, посцілак, адзення. Усё гэта захоўвалася ў яе доме.
Каментары