Краіна, якая мае звыш 1300 кіламетраў мяжы з Расіяй, не баіцца эскалацыі, бо здольная даць адпор пры любых сцэнарах.
У лістападзе гэтага года Фінляндыя з удзелам саюзнікаў па НАТА правяла вайсковыя вучэнні Dynamic Front 2024 — самыя буйныя артылерыйскія вучэнні ў гісторыі альянсу і першыя такога характару на сваёй тэрыторыі. Некалькі тысяч салдат з 28 краін адпрацоўвалі ўзаемадзеянне ў планаванні і кіраванні артылерыйскім агнём на тэрыторыі Лапландыі ўсяго за сто кіламетраў ад Расіі.
Як піша Welt.de,
Фінляндыя, якая ўступіла ў НАТА ў красавіку 2023 года, адразу стала ў альянсе адным з галоўных ястрабаў.
«Важна разумець, што мы не можам быць вінаватымі ў абвастрэнні сітуацыі, бо дзейнічаем строга ў межах міжнароднага права», — цытуе выданне словы міністаркі замежных спраў Фінляндыі Эліны Валтанен.
З самага пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны Фінляндыя падтрымлівае Кіеў пастаўкамі зброі без усялякіх абмежаванняў і заклікае іншых заходніх партнёраў дэманстраваць Расіі сілу.
Краіна ўжо зрабіла пастаўкі ўзбраенняў Украіне на суму каля 2,5 мільярда еўра, што ў прапорцыі да ВУП робіць Фінляндыю адным з лідараў падтрымкі Украіны. На ўласную абарону Хельсінкі патрацілі ў гэтым годзе каля 2,4% ВУП і збіраюцца ў далейшым толькі павялічваць гэты паказчык.
«Бяспека каштуе дорага, але вы пачынаеце цаніць яе яшчэ больш, калі вы яе губляеце. Гэта неабходныя інвестыцыі», — прыводзіць выданне словы кіраўніка аналітычнага цэнтра Інстытута замежнай палітыкі Фінляндыі Хіскі Хаўкала (Hiski Haukkala).
Як заўважаюць аналітыкі, палітыка Фінляндыі адносна Расіі з'яўляецца яскравым прыкладам ястрабінага падыходу да бяспекі, які прадугледжвае ў якасці стрымліваючага фактару агрэсіі нарошчванне вайсковага патэнцыялу і цвёрдую пазіцыю адносна палітыкі бяспекі.
Фінляндыя ніколі не адмяняла абавязковую службу па прызыве і таму мае адну з найбольшых армій на еўрапейскім кантыненце. З прыкладна 900 тысяч рэзервістаў (пры агульнай колькасці насельніцтва 5,6 мільёна) пры патрэбе траціна можа стаць пад ружжо імгненна.
Фінляндыя таксама мае развіты вайскова-марскі флот і звыш 60 сучасных знішчальнікаў — лепшых, чым расійскія, у тым ліку суперсучасныя F-35. У яе на ўзбраенні стаіць больш артылерыі, чым у Германіі і Францыі разам узятых.
У краіне вельмі добра развітая грамадзянская абарона. Насельніцтву даступныя звыш 50 тысяч бункераў па ўсёй краіне. Толькі ў сталіцы налічваецца каля 5500 бамбасховішчаў (калі ўлічваць станцыі метро і падземныя аўтастаянкі), якія здольныя змясціць 900 тысяч чалавек, што на траціну больш за колькасць жыхароў горада.
Штогод улады друкуюць інструкцыі, у якіх апісваецца, як падрыхтавацца і паводзіць сябе ў магчымых крызісных сітуацыях.
У насельніцтва таксама вялікая воля да абароны краіны. Паводле даных сацапытанняў, 80% фінаў гатовыя са зброяй у руках абараняць сваю краіну ў выпадку нападу. У Германіі гэты паказчык напалову меншы.
Вялікую папулярнасць пасля пачатку вайны ва Украіне ў Фінляндыі набылі стралковыя курсы для жанчын, якія дзейнічалі і да гэтага. Як расказала журналістам адна з арганізатарак, здараецца, што месцы на іх разбіраюць за лічаныя хвіліны. Урад Фінляндыі абвясціў пра намер адкрыць дадаткова 300 новых стрэльбішчаў для павышэння абараназдольнасці краіны.
Большасць насельніцтва адназначна падтрымлівае дапамогу Украіне, хоць гэта дорага абыходзіцца бюджэту і скарачае выдаткі на сацыяльныя патрэбы. Для таго, каб зразумець, чаму так адбываецца, трэба згадаць гісторыю краіны. Як вядома, у выніку савецка-фінскай вайны 1939—1940 гадоў краіна страціла паўднёва-ўсходнюю частку.
Вопыт той «Зімовай вайны» да гэтай пары фарміруе фінскую палітыку бяспекі. У мэтах узмацнення ўласнай бяспекі ў красавіку 2023 года Фінляндыя ўступіла ў НАТА.
У 2023 годзе ў адказ на пасыланне мігрантаў у Фінляндыю Хельсінкі імгненна прыняў рашэнне закрыць памежныя пераходы з Расіяй, а ў ліпені 2024 года краіна дэ-факта дазволіла так званы push back («вяртанне мігрантаў») на мяжы з Расіяй нягледзячы на тое, што такія дзеянні парушаюць закон ЕС аб наданні прытулку. Свае паводзіны краіна тлумачыць выкарыстаннем мігрантаў афіцыйнай Масквой у якасці сродку гібрыднай вайны.
Кіраўніца МЗС Фінляндыі адкрыта крытыкавала рашэнне канцлера Германіі патэлефанаваць Пуціну ў сярэдзіне лістапада, не параіўшыся з саюзнікамі. Як яна лічыць, адзіным варыянтам для Еўропы з'яўляецца захаванне цвёрдага курса адносна Расіі.
«Нам пара пасталець. Гэта ўключае ў сябе сумеснае стварэнне стрымліваючага фактару. Не для таго, каб весці вайну, а каб прадухіліць яе», — цытуе выданне словы Эліны Валтанен.
Фінляндыя дазволіла Украіне выкарыстоўваць яе зброю на тэрыторыі Расіі
Сакрэтны шлях Фінляндыі ў НАТА
Прэзідэнт Фінляндыі: Расійскаму імперыялізму не відаць канца. Трэба быць гатовымі да ўсяго і не панікаваць
Зімовая вайна: у 1939-м фіны былі ў сітуацыі, у якой цяпер Украіна. Як фіны адстаялі сваю незалежнасць
Фінляндыя ў НАТА: вось чаму гэта змяняе баланс сілаў і вакол Беларусі
Каментары
Тот ресурс, который имеет Финляндия, достаточен для отпора любых поползновении с стороны РФ, особенно в военном плане.
В гибридной срани не всё однозначно, слишком много игроков, не зависящих от Финляндии, втянуто в гибридную срань России.