Меркаванні2525

«Мову сваю забылі, а гісторыю крадуць!» У Літве зноў выбухнула дыскусія вакол ліцвінізму

«Гэта добра, што беларусы глядзяць на гісторыю ВКЛ па-іншаму» — сказаў літоўскі гісторык Русціс Камунтавічус. Яго пазіцыя раззлавала частку літоўскай публікі.

Прафесар Альфрэдас Бумблаўскас і дацэнт Русціс Камунтавічус. Скрыншот з відэа / LRT / YouTube

Беларусаў трэба разумець

У аўторак на тэлеканале LRT выйшла амаль гадзінная перадача на тэму ліцвінізму. Асноўнымі ўдзельнікамі былі гісторыкі прафесар Альфрэдас Бумблаўскас і дацэнт Русціс Камунтавічус. 

Разгорнутыя каментары па тэме далі таксама палкоўнік запасу Саўлюс Гузявічус і палітолаг Вадзім Вілейта. 

Доктар Камунтавічус, вядомы работамі па беларускай гісторыі, выступае за плюралізм і прызнанне розных пунктаў гледжання. Як і падчас ранейшых выступаў, ён выкарыстоўвае паняцце «дзвюх праўдаў» і падкрэслівае важнасць разумення беларускага погляду на гісторыю ВКЛ.

На яго думку, гэта добра, што беларусы маюць уласны падыход да гэтага перыяду. «Літоўцы праз гэта могуць лепш зразумець і сябе, і суседзяў», — адзначае ён.

Беларускі палітолаг Вадзім Вілейта звяртае ўвагу, што ў паняцці «ліцвінізм» у Літве часта змешваюцца розныя з’явы. Ён адзначае, што не кожны беларус, які ганарыцца ВКЛ, з’яўляецца ліцвіністам. 

«Існуе тонкая мяжа паміж натуральнай цікавасцю да гісторыі і агрэсіўнай ідэалогіяй», — тлумачыць Вілейта. На яго думку, вывучэнне і асэнсаванне беларусамі сваёй гісторыі ВКЛ — гэта хутчэй пошук уласнай ідэнтычнасці і месца ў сусветнай гісторыі, а не праява ліцвінізму.

Вілейта таксама падкрэслівае, што ў Беларусі няма шырокага руху, які б сур’ёзна аспрэчваў прыналежнасць Вільні да Літвы. Большасць дэмакратычных сіл у краіне арыентаваныя на еўрапейскія каштоўнасці і мірнае суіснаванне.

Літоўскі палкоўнік Саўлюс Гузявічус значна больш занепакоены патэнцыялам ліцвінізму. Спасылаючыся на словы ананімнага «лідара беларускай апазіцыі», ён заяўляе: «Калі беларуская дыктатура прыдумае ўварвацца ў Літву, то найміты «Вагнера» не спатрэбяцца, бо [сярод саміх беларусаў] знойдуцца ахвотнікі, якія захочуць вярнуць Вільню».

У цэлым перадача вытрымана ў духу павагі да беларусаў. Дамінуе ў ёй голас Камунтавічуса, які настойвае на неабходнасці паважаць меркаванні беларусаў пра ВКЛ і іх ролю ў беларускай гісторыі. 

Што абурыла некаторых гледачоў

Аднак пазіцыя Камунтавічуса выклікала неадназначную рэакцыю часткі аўдыторыі. Гэта можна ўбачыць па каментарах пад публікацыяй перадачы на YouTube-канале LRT

Цалкам магчыма, што гледачы, якія згодныя з гэтай пазіцыяй, не палічылі патрэбным актыўна выказвацца ў каментарах, абмежаваўшыся лайкамі. Аднак той факт, што з 75 каментароў абсалютная большасць крытычныя да меркаванняў Камунтавічуса, заслугоўвае ўвагі.

Кароткі прагляд каментароў паказвае шырокі спектр настрояў і эмоцый. Напрыклад, адзін з карыстальнікаў пад нікам @airisfinglas2628 піша:

«Ён [Камунтавічус] не гісторык, а прапагандыст. Ён сцвярджае, што толькі «беларускія маргіналы» прысвойваюць сабе літоўскае імя. Гэта хлусня. Большасць беларускіх апазіцыянераў пастаянна называюць літоўцаў «жмудзінамі», «летувісамі» і заяўляюць, што беларусы — гэта сапраўдныя літоўцы».

Іншы карыстальнік, @DK-lr5yu:

«Гісторык [Камунтавічус] увесь час паўтарае, што кожная еўрапейская нацыя інтэрпрэтуе гісторыю суседзяў інакш. Ключавое слова — еўрапейская. Беларусь не з’яўляецца еўрапейскай краінай. Вось у чым праблема».

(Аўтар допісу так хацеў падкрэсліць «нееўрапейскасць» Беларусі, што не заўважыў, што спарадзіў недарэчнасць: з допісу вынікае, што нееўрапейскія краіны не могуць або не маюць права інтэрпрэтаваць сваю гісторыю інакш, чым суседзі.)

Дасталося таксама і прафесару Бумблаўскаму, хоць ён у ходзе размовы займаў даволі «літоўскацэнтрычную» пазіцыю. Карыстальнік з нікам @arturasandriusaitis8832 нават перакруціў яго прозвішча на польскі манер: «Bumblowski» замест «Bumblauskas», відаць, каб падкрэсліць яго «нелітоўскую» пазіцыю:

«Bumblowski, надакучыла слухаць тваю заезджаную пласцінку пра тое, што Літоўская метрыка напісаная не на літоўскай мове. А чаму ўсё справаводства Мангольскай імперыі вялося на старажытнай кітайскай мове? Ці зрабілася Мангольская імперыя ад гэтага «кітайскай імперыяй»? (…) Надакучыла, нецікава».

(Бумблаўскас не сцвярджаў, што Літоўская метрыка не мае нічога супольнага з Літвой. Ён звярнуў увагу ўсяго толькі на гістарычны факт напісання яе на славянскай мове, што як мінімум сведчыць пра моўна-культурную неаднароднасць ВКЛ.) 

З’явіліся каментары і больш агульнага характару.

@IRKUTVINK: «Беларусы русіфікаваныя ўжо даўно, 65 гадоў таму. У дзяцінстве мяне здзіўляла, як яны саромеюцца сваёй мовы, культуры, не вучыліся пісаць [па-беларуску], размаўлялі толькі па-расейску, саромеліся хадзіць у касцёл. (…) Яны, як і расейцы, ненавідзяць літоўцаў. Мае сваякі, я іх ведаю».

@raimundascerniauskas482: «Усе нацыі абапіраюцца на мову. Беларусы пра гэта не ведаюць — яны забылі сваю мову, а гісторыю крадуць».

Два апошнія каментары, хоць напісаныя ў непрыемнай форме, усё ж прымушаюць пра тое-сёе задумацца.

Каментары25

  • Літвін
    12.12.2024
    А можа хтосці пабудавай гісторыю сваю і нацыянальную ідэалогію на пясчаным падмурку ?
  • Мх
    12.12.2024
    Хай жмуды успомняць сваю гісторыю у лясах і на балотах. І кланяюцца Кацярыне II за тое, што аддала гісторыю ВКЛ (сучаснай Беларусі) жмудам. інакш ад сучаснай т.зв. "ліетувы" будзе "Жмудская народная рэспубліка".
  • Мову забылі
    12.12.2024
    А гісторыю памятаюць.
    Таму штогод красці гісторыю становіцца менш выгадна.
    ))

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы4

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы

Усе навіны →
Усе навіны

П'яны беларус у адных трусах напаў на паліцэйскіх на Пхукеце і раскідаў іх ВІДЭА29

Памятаеце Арцёма, які адкрыў махлярскі збор у Польшчы? Ён знайшоўся ў Беларусі. За кратамі

Сірыйскія паўстанцы атрымлівалі і беларускую зброю2

У ноч на чацвер Грозны падвергнуўся нападу беспілотнікаў1

У Ізабеліне аднаўляюць сінагогу, пабудаваную ў часы Вялікага Княства Літоўскага9

Трамп запрасіў Сі Цзіньпіна на сваю інаўгурацыю1

«Буду змагацца да канца». Прэзідэнт Паўднёвай Карэі адхіліў абвінавачванні ў мяцяжы1

32-тонную піўную цыстэрну каля мінскай плошчы Бангалор паднялі ВІДЭА

Камунальнік замяніў на мінскім даху чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы, каб «пажартаваць з апазіцыянераў»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы4

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы

Галоўнае
Усе навіны →