Грамадства

У Віцебску судзілі евангельскую царкву — за гуманітарную дапамогу для інвалідаў

Cуд Кастрычніцкага раёна Віцебска 4 лістапада разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да евангельскай царквы з Новалукомля. Віцебская мытня, якая ініцыявала разбор, палічыла, што яе прадстаўнікі няправільна ўказалі гандлёвую марку некаторых тавараў і хацелі прыцягнуць абшчыну да адказнасці па ч.3 арт. 15.5 КаАП (падаванне недакладных звестак аб таварах). Суддзя спрабаваў дабіцца ад мытнікаў, якая розніца ў назвах гандлёвых марак, калі гуманітарная дапамога не абкладаецца мытамі.

Справу разглядаў суддзя Уладзімір Царыкаў. Згодна з пратаколам, 15 траўня 2021 года рэлігійная абшчына «Евангельская царква ў горадзе Новалукомль» падала для мытнага дэкларавання зборны груз, які паступіў на адрас царквы са Швецыі ў якасці гуманітарнай дапамогі, дапусціўшы недакладнае ўказанне звестак пра гандлёвыя маркі, паведамляюць праваабаронцы.

«Аліўкавы алей, кава, кандытарскія вырабы, мука, цукар, масла, мэбля, пальчаткі, мяккая цацка, канцтавары, аўтафатэль, чай «Ліптан», печыва, адзенне, абутак, каляска інвалідная, свяцільнік…» — пералічваў суддзя Царыкаў. У дэкларацыі было больш за 30 найменняў тавараў, якія вызваляліся ад выплаты падаткаў і збораў як гуманітарны груз.

Суддзя пацікавіўся ў прадстаўніка мытні, «ці магло паўплываць няправільнае ўказанне звестак аб таварнай марцы ў гэтай дэкларацыі на памер і паўнату плацяжоў, якія спаганяюцца, з улікам прэферэнцыяў, з гэтага тавару».

Галоўны інспектар аддзела мытных плацяжоў віцебскай мытні Вадзім Бандарэнка зразумелага адказу так і не даў. Спаслаўся адно на дэкрэт прэзідэнта № 3 ад 2020 году «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе» ды іншыя заканадаўчыя акты і заявіў, што тэарэтычна гэта магло паўплываць на памер пошліны, але ў рэальнасці — не паўплывала. Сказаў, што «гэтыя тавары не адпавядаюць тым таварам, якія ўзгадняліся кіраўніцтвам справамі і дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці».

Пастар евангельскай царквы Аляксандр Зарэцкі паведаміў, што частку тавару мытня прапусціла, а частка засталася на складзе.

«З пратакола, які склала мытня, не ўсе тавары трапілі ў дэкларацыю, частку тавару адвезлі ў Оршу на склад. Адвезлі, таму што скончыўся тэрмін часовага кантролю, адносна іх не прымалася рашэнняў, і яны не выпушчаныя», — патлумачыў пастар.

«Нейкія захады ў дачыненні да гэтага тавару вы гатовыя рабіць?» — пацікавіўся суддзя. «Мы нічога не будзем рабіць: ні забіраць, ні размытняць — няхай яны застаюцца», — адказаў пастар Аляксандр.

Прадстаўнік мытні Бандарэнка папярэдзіў, што калі не будуць зробленыя захады, то тавар пяройдзе на карысць дзяржавы і ў далейшым будзе «пушчаны ў рэалізацыю праз гандлёвую сетку».

Шведская арганізацыя, якая адправіла груз, патлумачыла, што «гуманітарны груз у Рэспубліку Беларусь прызначаўся для дапамогі шматдзетным і няпоўным сем'ям, пенсіянерам і інвалідам». 

Суддзя Уладзімір Царыкаў прыняў рашэнне евангельскую царкву вызваліць ад адміністрацыйнай адказнасці з прычыны малазначнасці ўчыненага правапарушэння. А адміністрацыйную справу спыніў.

У віцебскай мытні ёсць магчымасць абскардзіць рашэнне ў абласным судзе.

Каментары

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за4

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за

Усе навіны →
Усе навіны

Пратэстоўцы ў Абхазіі паспрабавалі ўзяць штурмам будынак парламента2

Цэны на кватэры ў Мінску зноў паставілі рэкорд

Больш за ўсё снегу нападала ў Лынтупах1

У Мінску грузавік МАЗ пратараніў трамвай

У 44 гады памёр начальнік міліцыі Слаўгарада. У 2020-м ён скардзіўся на надпіс «3%»25

«Дзімка? Дык які ён шпіён? Гэта проста смешна». Знаёмыя памерлага ў калоніі Дзмітрыя Шлетгаўэра расказалі пра яго і яго сям'ю3

З'явілася інфармацыя пра затрыманні на БЕЛАЗе. Праваабаронцы звязваюць іх з кпінамі з фірмовых ботаў23

13-гадовы хлопчык падпаліў у інтэрнаце сухое галлё. З яго бацькі спагналі 288 тысяч рублёў2

Самы вялікі карал у свеце знайшлі каля Саламонавых выспаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за4

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за

Галоўнае
Усе навіны →