«Некаторыя гаварылі, што прадалі ўсё і гэтыя грошы ў іх тут адабралі». Настаўніца англійскай мовы з Ліды расказала, што ўбачыла ў «Брузгах»
Каб перакладаць мігрантаў на рускую мову, настаўнікаў англійскай мовы з Гродзенскай вобласці возяць у лагістычны цэнтр «Брузгі». Людзі ездзяць валанцёрамі па чарзе кожны дзень. «Нашай Ніве» ўдалося пагаварыць з адной з настаўніц, якая камунікавала з мігрантамі.
У ноч на 17 лістапада, пасля сутыкненняў мігрантаў з польскімі памежнікамі, пад кантролем беларускіх сілавікоў частку мігрантаў прытулілі ў лагістычным цэнтры «Брузгі». Падрыхтаваць цэнтр для прыёму мігрантаў Лукашэнка даручыў губернатару Гродзенскай вобласці Уладзіміру Караніку і свайму памочніку па рэгіёне Юрыю Караеву.
«Няшчаснымі і знясіленымі выглядалі многія з іх»
Літаральна праз суткі з’явілася інфармацыя, што 18 лістапада дзеля спрашчэння зносін з мігрантамі са школ Ліды сабралі настаўнікаў англійскай мовы і павезлі ў той самы лагістычны цэнтр. Нам удалося звязацца з адной настаўніцай, якая там пабывала.
«Усё адбывалася ў добраахвотна-прымусовым парадку. Нам абвясцілі, што мы валанцёры і што адмовіцца не можам, — гаворыць Алена (імя жанчыны змененае, яе звесткі ёсць у рэдакцыі — заўв. «НН»). — У лагістычны цэнтр нас адвезлі на мікрааўтобусе, які належыць Лідскаму выканкаму. Калі мы прыехалі, там ужо былі чыноўнікі з гуманітарнай дапамогай».
Жанчына расказала, што ад шоку пасля гэтай паездкі адыходзіла вельмі доўга.
«Нас прывезлі туды, каб мы змаглі перакласці, што кажуць уцекачы. Многія з іх гавораць на ламанай англійскай мове, але нават яе ні пагранічнікі, ні чыноўнікі не разумеюць, — кажа настаўніца. — Для тых, хто размаўляў на арабскай, былі спецыяльныя перакладчыкі. Яны перакладалі на англійскую, а мы ўжо на рускую.
Як я зразумела, была патрэбная прыгожая карцінка пра тое, як пра мігрантаў клапоціцца беларускі бок. Усё гэта здымала дзяржаўнае беларускае тэлебачанне.
Але, ведаеце, задаволенымі гэтых людзей назваць нельга — такімі ўжо няшчаснымі і знясіленымі выглядалі многія з іх».
«У мяне проста трэсліся рукі. Хацелася дапамагчы хоць нечым… Асабліва дзецям»
Па ацэнках Алены, у цэнтры знаходзіцца каля тысячы чалавек. Больш за ўсё мужчын, але ёсць жанчыны і дзеці.
«Многія брудныя, дрэнна пахнуць. У мяне проста трэсліся рукі. Хацелася дапамагчы хоць нечым… Асабліва дзецям, — кажа яна. — Але мігрантаў ахоўваюць і кантралююць, быццам бы злачынцаў. Лагістычны цэнтр акружаюць людзі са зброяй. Стаяць шчыльным колам.
Адзін англамоўны хлопец расказаў, што некаторых мігрантаў людзі ў форме (я не ведаю, каго менавіта ён меў на ўвазе) збівалі. Некаторыя гаварылі, што ў надзеі на лепшае яны прадавалі ўсё, што ў іх ёсць, а гэтыя грошы ў іх тут адабралі.
Некаторыя казалі, што цяпер засталіся літаральна ні з чым. Былі і тыя, хто са слязьмі на вачах расказваў, што польскія пагранічнікі падкормлівалі іх праз дрот. Некалькі чалавек — што ў іх забралі пашпарты, маўляў, цяпер з’ехаць яны адсюль проста не могуць», — дадае жанчына.
Па словах настаўніцы, доўга з мігрантамі іх стараліся не пакідаць.
«Напэўна, баяліся, што даведаемся шмат чаго лішняга. Чыноўнікам трэба было іншае. Каб мігранты падзякавалі ім за выязную лазню і іншыя паказухі, якія яны там учынілі», — лічыць Алена.
Нагадаем, што каля лагістычнага цэнтра працуе некалькі аўталавак, у тым ліку і з адзеннем, пункты абмену валют. Нядаўна там з’явілася лазня і «палявы» прэс-цэнтр.
«Памяшканне нібыта абагравае кацельня. Але ўсе там у кофтах, куртках і шапках»
Як расказала Алена, нейкі час яна перакладала англамоўных мігрантаў (у асноўным, гэта былі курды) для медыкаў з Чырвонага Крыжа.
«Людзі скардзіліся на болі ў нырках, моцны кашаль, тэмпературу і галавакружэнне. Многія жанчыны прасілі дапамагчы іх дзецям. Некаторыя прасілі псіхатропы, але іх медыкі Чырвонага Крыжа, зразумела, даць не маглі», — адзначыла настаўніца.
Пры тым самі ўмовы ў лагістычным цэнтры Алена называе непрыдатнымі для жыцця.
«Гэта вялізная прастора з вялікімі адсекамі для грузавых паддонаў. Людзі там спяць на некалькіх ярусах стэлажоў, адно над адным. Памяшканне нібыта абагравае кацельня. Але ўсе там у кофтах, куртках і шапках, — гаворыць жанчына. — Затое на камеры мігрантам паказушна раздалі гарачую гарбату і ежу з ваеннай палявой кухні. Цяпер беларускія ўлады з гонарам заяўляюць, што аказваюць мігрантам любую дапамогу».
-
Мінчук падышоў да зборшчыкаў за Лукашэнку і выказаў, што пра яго думае. Атрымалася крыміналка
-
Назва ад кінатэатра, выгляд ад аўтара віцебскай піраміды, на верхнім паверсе — дзеці. Што вядома пра гандлёвы цэнтр, які гарэў у Віцебску
-
Бізнэсу аддалі 10-15% ад дапамогі Еўрасаюза Беларусі — Ягораў адказвае на крытыку з боку Латушкі
Каментары