Культура3131

Пра што вялася гаворка на першай сустрэчы інтэлектуальнага клуба Алексіевіч

Імпрэза адбылася ўвечары 7 снежня ў Галерэі TUT.BY. Размова з расійскай паэткай, празаікам і перакладчыкам Вольгай Седаковай, якую Святлана Алексіевіч запрасіла адкрыць інтэлектуальны клуб, доўжылася каля дзвюх з паловай гадзін. Каля 600 чалавек хацелі ўзяць удзел у сустрэчы, аднак трапілі на яе далёка не ўсе.

Святлана Алексіевіч.

У прывітальным слове Алексіевіч падкрэсліла, што яна хоча, каб у яе клубе не мітынгавалі, а глыбока прадумвалі пытанні. «Мы часта абыходзімся знешнімі эмацыйнымі парывамі, а ўсё нашмат больш складана», — заўважыла яна і выказала спадзяванне, што сустрэчы дапамогуць зразумець, у якім часе мы апынуліся.

На першую сустрэчу Алексіевіч запрасіла Седакову па многіх прычынах, у тым ліку і таму, што яны даўно сябруюць.

«У Волі ёсць нейкая чалавечая чысціня, вельмі тонкая мембрана ў слыхавым апараце, — сказала спадарыня Святлана. — Калі я жыла ў эміграцыі, раніцай я часта чытала інтэрв’ю Волі. І я разумела, што адбываецца ў Расіі і на постсавецкай прасторы. Разумела, што адбываецца з намі, чаму мы жывём з адчуваннем паразы, якое раз’ядноўвае людзей і робіць іх адзінокімі».

Акрэсліўшы тэму гутаркі, Алексіевіч заняла месца ў першым шэрагу і больш не ўмешвалася ў размову.

Вольга Седакова.

Тэма выступу Вольгі Седаковай называлася «Зло». Яна сканцэнтравалася на тым, як расіяне разумеюць паняцці дабра і зла. І як гэта звязана з рускай ментальнасцю.

На думку Седаковай, на Захадзе існуе дастаткова выразнае размежаванне гэтых паняццяў. Тым часам як у рускіх яны зліваюцца, і гэта адлюстроўваецца ў прымаўцы «няма ліха без дабра».

У рускім грамадстве знікла простая маральная інтуіцыя, што вось гэта — добра, а вось гэта — дрэнна, тлумачыць асаблівасці рускай ментальнасці спадарыня Вольга. Рускія несамакрытычныя і любую крытыку ўспрымаюць як варожасць. Яны нават сабе баяцца сказаць, што штосьці дрэнна.

Думаюць так: «Нельга асуджаць, бо гэта грэх». Пра самыя простыя рэчы любяць казаць «усё складана». Многае тлумачаць тым, што «так трэба было». Схільныя ўзважваць, нават на асобу Сталіна глядзяць як з негатыўнага, так і з пазітыўнага боку. І менавіта рускім уласціва ўсёдараванне, чаго, на думку Седаковай, не сустрэнеш на Захадзе.

Лектарка задае пытанне: чаму ў дурнога сёння столькі заступнікаў? І прыходзіць да высновы, што калі чалавек штосьці прызнае дрэнным, то яму складаней рабіць так. «У разумення ў канцы ёсць прасвет, у няведання — няма», — гаворыць паэтка.

У савецкі час паняцці дабра і зла былі перавернутыя. «Не было ні дабра, ні зла, а было тое, каму карысна. Калі нам — добра. Калі не нам — дрэнна. Я думала, як можна вучыць такому цынізму?» — разважае Седакова.

Цяпер у Расіі можна назіраць увогуле ледзьве не адкрытую пашану да зла, канстатуе лектарка.

«Адкрываюцца помнікі злачынным людзям, таму ж Івану Жахліваму. Тут не толькі помнікі нельга ставіць, можна было б прызнаць іх злачынцамі. Але не. Як патлумачыць гэтую дзіўную любоў да такіх фігур? І чым яны больш бязлітасныя, тым яны больш падабаюцца. Да іх адчуваюць нейкую дзіўную спагаду, быццам яны бедныя, яны пакутнікі, яны прыносяць вялікую ахвяру, праліваючы столькі крыві. Але што гэта за касмічнае заданне? Што за зачыстка светабудовы? — задаецца пытаннем спадарыня Вольга.

— А таму што няма веры, што дабро можа штосьці само. Думка, што толькі злом можна навесці на свеце парадак, і такія фігуры як Жахлівы ці Берыя служаць пачаткам светабудовы. Выконваюць законы, якія забяспечваюць на зямлі нейкі парадак. Маўляў, калі яны не будуць гэтага рабіць, то ўсё проста загіне. І ўсё таму, што так збудаваны свет».

Што заўсёды было ў еўрапейскім мастацтве і чаго ніколі не было ў рускім — гэта сцвярджэння сілы дабра, адзначае Седакова. У Расіі калі і вераць у гэта, то ніколі не скажуць.

Пасля лекцыі слухачы маглі задаць пытанні госці з Расіі. Аднак многія выходзілі да мікрафона і не задавалі пытанні, а выказвалі ўласныя думкі, рабілі заўвагі. На доўгія пытанні лектарка адказвала вельмі коратка, адзначаючы, што яна не дае адказы, а дзеліцца сваім меркаваннем.

Прысутных цікавіла, ці павінна быць царква аддзеленая ад дзяржавы. На думку Седаковай, найлепш, калі дзяржава застаецца свецкай, а царква не ўмешваецца ў дзяржаўныя справы.

Пыталіся, якая павінна быць надзея ў сучасным грамадстве. На чым можа грунтавацца жаданне пакаяцца? Як выхаваць дзіця так, каб у яго адчуванне дабра і непрыняцце зла з’явілася як мага раней і захавалася на ўсё жыццё? Як рабіць, калі часам непрыемная праўда можа выклікаць ланцуговую рэакцыю зла? Калі «добрымі намерамі брукуецца дарога ў пекла», то дзе дарога да дабра?

Філосаф і літаратар Ігар Бабкоў ужо пры канцы сустрэчы зазначыў:

«Маё пытанне будзе мець на ўвазе вяртанне да Сакрата і разумення зла як формы няведання. То бок не няведанне дабра, а няведанне саміх сябе. І ў гэтым сэнсе ці не падаецца вам, што беларускае зло і рускае зло — цалкам розныя рэчы? Руская форма няведання саміх сябе — гэта, хутчэй, самаасляпленне вялікай культуры. То бок ёсць вялікая культура, якая выходзіць на адкрытую прастору, дзе яе бачаць усе, а сама яна як бы сябе не бачыць, не разумее. І яшчэ ў большай ступені не бачыць і не разумее сваіх суседзяў. Беларускае зло — гэта, хутчэй, спроба схавацца за маскі. Мы як бы і беларусы, і рускія, і палякі, і ліцвіны і ў залежнасці ад кантэксту можам прадэманстраваць любыя маскі. Вось сёння ў вас магло скласціся ўражанне, што вы дзе-небудзь на Пскоўшчыне. Таму што гэта адна з нашых масак. Але беларускі страх — гэта страх не знайсці за маскай нічога. Не знайсці саміх сябе».

Седакова адзначыла, што калі ўзяць Пушкіна, Талстога ці ўвогуле што-небудзь вартае, то самааслепленасці там не будзе. А паняцце «рускі» сёння змешваюць з паняццем «нізкі», што не ёсць правільным. Тлумачыць паняцце зла з беларускага пункту гледжання паэтка не ўзялася.

Сустрэча скончылася каля 22 гадзін вечара. Госці маглі набыць кнігі Седаковай і Алексіевіч і атрымаць аўтограф.

На імпрэзе сярод іншых прысутнічалі экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч, пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, беларускі паэт Андрэй Хадановіч, кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка, пасол Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг, намеснік пасла Германіі Аня Лутэр, прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Аляксандр Калбаска і многія іншыя.

Праводзіць сустрэчы ў межах інтэлектуальнага клуба плануецца раз на месяц.

Некаторыя беларускія інтэлектуалы скептычна ацанілі лекцыю Вольгі Седаковай на адкрыцці «Клуба Алексіевіч»

Каментары31

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Усе навіны →
Усе навіны

Шведы прадалі мабільнага распрацоўшчыка з беларускімі каранямі больш чым за мільярд даляраў1

Мінчанка расказала, як змагла правезці ежу праз беларуска-літоўскую мяжу8

Лісты палітвязня Вацлава Арэшкі з турмы напісаныя чужой рукой

Трамп выбраў Роберта Кенэдзі-малодшага міністрам аховы здароўя13

У Беларусі прадаюць мёд за 300 рублёў — што за ён?2

«Калі ласка, памры». Нейрасетка з абразамі і праклёнамі накінулася на карыстальніка. Спыталі ў яе, чаму яна раззлавалася30

Па ўсёй Беларусі прайшла хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў7

23-гадовы хлопец загінуў у лабавым сутыкненні ў Светлагорскім раёне

Трэнеру брэсцкага «Дынама» стала кепска пасля перамогі над БАТЭ — яму тэрмінова зрабілі аперацыю на сэрцы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Галоўнае
Усе навіны →