З'явіліся кадры з камеры Андрэя Зельцэра, якія не публікаваліся раней
На БТ паказалі кадры з камеры Андрэя Зельцэра, якія не публікавалі раней. На іх — тое, што адбывалася да прыходу сілавікоў і перад самым пачаткам перастрэлкі.
На відэа Зельцэр перагаварваецца з жонкай, якая здымае на тэлефон.
Відэа вышэй зманціравана ў адно з некалькіх кадраў, што паказалі ў эфіры дзяржТБ
— Я не магу ў воблака выкласці, яно на тэлефоне застанецца, — кажа Марыя на тых кадрах.
— У тэлеграм пасылай, — адказвае хлопец.
І крыху пазней наступны дыялог.
— Вышлі тое, што ўжо ёсць, — звяртаецца да жонкі Андрэй
— Так, адсылаю.
Гэтая размова адбылася да ўварвання атрада ў кватэру. Кадраў з тэлефона жонкі пры гэтым не паказалі.
У сюжэце сілавікі сцвярджаюць, што Зельцэр, пачуўшы, што яны ломяцца ў дзверы, падышоў да ўваходу і замкнуў дзверы яшчэ на адзін замок.
Адзін з афіцэраў групы «А» КДБ кажа, што яны пабачылі пасля некалькі хвілін пасля стрэлу: «На ложку ружжо, там жа пачак на 25 патронаў да гэтага ружжа, у кішэнях у гэтага мужчыны таксама былі патроны».
Нагадаем, што Андрэй Зельцэр — гэта 31-гадовы праграміст EPAM, які адкрыў агонь у супрацоўнікаў КДБ, што выбілі дзверы яго кватэры, каб правесці ператрус. Узброены паляўнічай стрэльбай, Зельцэр забіў афіцэра дзяржбяспекі, перш чым яго самога застрэлілі.
Удаву Зельцэра Марыю Успенскую арыштавалі па падазрэнні ў пасобніцтве мужу, і дагэтуль трымаюць у турме, прычым яе маці не атрымала ад яе ніводнага пісьма.
За размяшчэнне каментароў з асуджэннем дзеянняў кадэбістаў і ўхваленнем учынку Зельцэра было арыштавана не менш за 136 чалавек. Першы з арыштаваных ужо атрымаў за свае дзеянні два гады калоніі.
Дзяржаўная прапаганда таксама выкарыстала трагедыю для нагнятання варожасці да палітычных праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі і апраўдання масавых арыштаў.
Матывы дзеянняў Андрэя Зельцэра дагэтуль да канца няясныя, як і тое, для чаго ён з жонкай запісваў свае дзеянні на відэа. Няяснай застаецца і прычына ператрусу ў кватэры Зельцэра. Вобшукі ў грамадзянскіх актывістаў у 2021 годзе адбываліся тысячамі, але чаму прыйшлі таксама да Зельцэра, незразумела. Ëн не быў палітычным актывістам.
Святло магла б праліць удава загінулага.
«На 28 верасня 2021 года была запланаваная не спецаперацыя, а адпрацоўка канкрэтных адрасоў: ператрусы, затрыманні, — гаворыцца ў матэрыялах дзяржаўных СМІ. — Адрасоў, дзе маглі знаходзіцца асобы, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці».
Каментары