Памёр адзін са стваральнікаў дзяржаўнага герба Пагоня — Уладзімір Крукоўскі
Знакаміты мастак, выдатны графік, шчыры беларус, актыўны ўдзельнік адраджэння Беларушчыны. Пра смерць творцы паведамляе Белсат.
Уладзімір Крукоўскі разам з Яўгенам Куліком лічацца афіцыйнымі аўтарамі эталону дзяржаўнага герба Беларусі з 1991-га па 1995 год.
У 2000-я гады ён быў таксама аўтарам «Нашай Нівы».
Уладзімір Якаўлевіч Крукоўскі нарадзіўся 6 сакавіка 1937 года ў горадзе Асіповічы. Паходзіць са старажытнага шляхецкага роду герба «Корвін». Вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце, мастацкую адукацыю атрымаў у Віцебскім педагагічным інстытуце (графічны факультэт).
З 1970 года жыў і працаваў у Мінску. Аўтар кніг і шматлікіх журналісцкіх публікацый пра беларускую гісторыю і геральдыку. У мінулым — мастацкі рэдактар часопісаў «Літаратура і мастацтва», «Маладосць», «Спадчына».
Сябра Беларускага саюза мастакоў, Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Быў узнагароджаны медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве».
Каментары