Што вядома пра хлопцаў, затрыманых са стралянінай за дыверсіі на чыгунцы?
Сёння МУС апублікавала кадры жорсткага затрымання мужчын, датычных да сабатажу на чыгунцы. Некаторыя з іх былі параненыя пры затрыманні — сілавікі «стралялі на паражэнне». «Наша Ніва» расказвае пра трох бабруйчан, якіх узялі 30 сакавіка. Ніводзін з іх не быў работнікам чыгункі.
Як паведамляла МУС, у ноч на 30 сакавіка былі затрыманыя трое жыхароў Бабруйска, якія ўчынілі дыверсію 28 сакавіка ў Асіповіцкім раёне.
28-гадовы Яўген Мінкевіч вучыўся ў бабруйскай школе алімпійскага рэзерву, пасля завочна скончыў Мазырскі педуніверсітэт імя Шамякіна, факультэт фізічнай культуры.
Зусім нядаўна Мінкевіча шукалі — арыенціроўкі з’явіліся ў мяцовых пабліках. Паведамлялася, што хлопец кудысьці паехаў на сваім аўто, уначы з 30 на 31 сакавіка і перастаў выходзіць на сувязь.
Вопратка, якую ўказалі ў арыенціроўцы, супадае з вопраткай, у якой Мінкевіч на відэа сілавікоў.
Яго некалькі дзён шукалі валанцёры атрада «Фенікс». Яны не каментуюць абставіны пошукаў і прыватныя дэталі, але вядома, што «Фенікс» толькі сёння атрымаў дакладную інфармацыю пра Мінкевіча.
«Усё, што можам сказаць: сёння стала вядома, што ён жывы», — адказалі ў «Феніксе».
Пры гэтым, валанцёры «Фенікса» ў пошуках шчыльна супрацоўнічаюць з міліцыяй і МНС. Атрымліваецца, тыдзень сілавікі не давалі ніякай інфармацыі пра Мінкевіча, які лічыўся зніклым, хоць затрымалі яго 30 сакавіка.
Яўген працаваў санітарам на хуткай, пасля кіроўцам. Жанаты, мае малое дзіця. «Наша Ніва» звязалася з жонкай Яўгена, але яна катэгарычна адмовілася ад каментарыяў. Іншыя сваякі таксама не адказваюць.
Пра вяселле Мінкевіча нават пісала мясцовая прэса. Звычайны хлопец: любіць кулінарыць разам з жонкай, марыў пра дваіх дзяцей, хлопчыка і дзяўчынку, яшчэ да вяселля падарыў жонцы шчанюка.
Уладзіміру Аўрамцаву 27 гадоў. Ён таксама звязаны са спортам — займаўся грэка-рымскай барацьбой, грэплінгам. Працаваў трэнерам, настаўнікам фізічнай культуры.
«Наша Ніва» звязалася з бацькам Уладзіміра, ён раздражнёна адмовіўся ад каментарыяў. Цікава, што Аляксандр Аўрамцаў, бацька хлопца — былы сябар мясцовага казацкага конна-спартовага клуба. Раней Аляксандр Аўрамцаў працаваў у міліцыі, у аддзеле барацьбы з эканамічнымі злачынствамі.
Дзмітрый Клімаў, трэці з затрыманых мужчын, працаваў у сервісе таксі, быў рэгіянальным прадстаўніком у Бабруйску. Яму 28 гадоў.
Ён былы міліцыянт, працаваў у Калінкавіцкім аддзеле дэпартамента аховы. Пасля сышоў у таксісты. Клімаў і Мінкевіч нейкі час працавалі ў адной транспартнай кампаніі.
Клімаў жанаты, мае малое дзіця.
Пры якіх абставінах затрымалі мужчын, дагэтуль невядома.
Каментары