«Як вызвалім Украіну, пойдзем вызваляць Мінск». Wall Street Journal апублікаваў вялікі артыкул пра добраахвотнікаў ва Украіне
Уплывовае амерыканскае выданне Wall Street Journal пагутарыла з беларускімі і расійскімі добраахвотнікамі, якія лічаць, што шлях да вызвалення іх краін пачынаецца на ўкраінскім фронце.
З 24 лютага, калі Пуцін напаў на Украіну, сотні беларускіх добраахвотнікаў далучыліся да беларускага батальёна Кастуся Каліноўскага і іншых аналагічных фарміраванняў у складзе Узброеных сіл Украіны. Як кажуць кіраўнікі беларускай апазіцыі, яшчэ больш за тысячу добраахвотнікаў чакаюць разгляду іх заявак на ўваходжанне ў склад батальёна і адпаведнага навучання.
Іншае вайсковае фарміраванне, так званая «Свабода Расіі», зараз рыхтуецца да адпраўкі на фронт. Сярод яго членаў — былыя расійскія салдаты, што трапілі ў палон і перайшлі на іншы бок, а падтрымліваюць новы легіён уплывовыя лідары расійскай апазіцыі ў выгнанні, піша Wall Street Journal.
Батальён Каліноўскага зараз складаецца прыкладна з 200 асоб: ад актывістаў і блогераў, якія не маюць баявога вопыту, да ветэранаў вайны на Данбасе. Сам батальён ужо ўдзельнічаў у баявых падзеях: ён дапамагаў абараняць Кіеў, горад, які расіяне так і не здолелі ўзяць за пяць тыдняў жорсткіх баёў.
Зараз ва Украіне фарміруецца і іншы беларускі батальён — «Пагоня», беларускія часткі таксама ёсць ва ўкраінскай тэрабароне, гарадах Адэса і Луцк.
Таксама актывісты ў Беларусі спальваюць абсталяванне на чыгунцы, якую выкарыстоўвае расійская армія, каб перапраўляць зброю і грузы на кіеўскі фронт.
Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай, тлумачыць для Wall Street Journal: тыя беларусы, што зараз змагаюцца ў шэрагах украінскай арміі, стануць асновай арміі новай Беларусі, калі рэжым Лукашэнкі падзе.
Хутка пасля пачатку вайны Уладзімір Зяленскі запрасіў добраахвотнікаў з усяго свету прыязджаць і змагацца за незалежнасць Украіны ў наваствораным Інтэрнацыянальным легіёне. Батальён «Пагоня» з’яўляецца яго часткай. Батальён Каліноўскага, наадварот, уваходзіць у рэгулярную ўкраінскую армію, нават мае ўласнага беларускага кіраўніка. На сёння трое салдат батальёна загінулі ў баі.
Рускія змагаюцца супраць рускіх
Беларускую апазіцыю ўжо доўга натхняў прыклад украінскага супраціву Расіі. А вось для расіян ідэя змагацца супраць уласных суайчыннікаў — нешта даволі новае.
Пра фарміраванне «Свабода Расіі» стала вядома некалькі дзён таму, калі трое яго ўдзельнікаў выступілі на прэс-канферэнцыі ў Кіеве. Гэтыя мужчыны ў чорных балаклавах распавялі, што трапілі ва Украіну з расійскай арміяй, але потым апынуліся ў палоне і пачалі сумнявацца ў афіцыйнай расіяскай ідэалогіі. На канферэнцыі яны адмовіліся прад’яўляць нейкія доказы сваёй ранейшай службы ў расійскай арміі і не расказвалі дэтальна, у якіх вайсковых адзінках і ў якім рэгіёне Украіны ваявалі. Таксама гэтыя людзі не надта шмат распавядалі пра саму «Свабоду Расіі», але паведамілі, што ў яе склад уваходзяць, у тым ліку, беларускія салдаты.
Марат Гельман, расійскі апазіцыйны актывіст, кажа, што хаця расійскія добраахвотнікі на ўкраінскім баку і не выглядаюць як значная ваенная адзінка, іх палітычную важнасць цяжка пераацаніць. Гэтыя людзі, тлумачыць Гельман, даюць надзею, што калі вайна скончыцца і стане вядомым, што грамадзяне Расіі дапамагалі ўкраінцам змагацца з агрэсарам, гэта палегчыць будучы дыялог паміж рускімі і ўкраінцамі.
Што датычыцца Беларусі, то гэтая краіна зараз адчувае сур'ёзны рост уплыву Расіі. Сітуацыя пагоршылася пасля выбараў 2020 года, калі Лукашэнка жорстка задушыў масавыя пратэсты нязгодных з вынікамі выбараў.
Сяргей Бяспалаў — адзін з беларускіх добраахвотнікаў ва ўкраінскай арміі — з’ехаў з Беларусі ў 2020 годзе, калі некаторыя з яго сяброў былі затрыманыя за вулічныя пратэсты. Бяспалаў як журналіст і блогер, які кіруе некалькімі тэлеграм-каналамі, лічыў, што можа стаць наступнай цэллю.
Калі пачалася вайна, Бяспалаў знаходзіўся ў Кіеве. У тым хаосе, што адбываўся ў пачатку ўварвання, украінскія спецслужбы арыштавалі Бяспалава, бо падазравалі, што ён расійскі дыверсант. Каб даказаць ім, што гэта не так, Бяспалаў паказаў украінцам свае тэлеграм-каналы і тату «Стоп Лука».
Зараз Сяргей не толькі далучыўся да батальёна, але і дапамагае прыцягваць туды новых рэкрутаў. «Як толькі вызвалім Украіну, пойдзем вызваляць Мінск», — кажа ён.
Каментары