Авіякампанія CSA Czech Airlines («Чэшскія авіялініі») спыніла сваё існаванне. Паводле інфармацыі партала CTK, з 27 кастрычніка рэйсы «Чэшскіх авіяліній» выконвае Smartwings, найбуйнейшая камерцыйная авіякампанія ў краіне.
Самалёты CSA захаваюць колеры і лагатып «Чэшскіх авіяліній», але ў сістэмах продажу квіткоў і на табло вылету рэйсы цяпер пазначаюць кодам, які выкарыстоўвае Smartwings. Захаваюць і ўсе кірункі палётаў.
У той жа час CSA перастае быць членам Міжнароднага авіяальянса SkyTeam, у які ўваходзіла больш за 20 гадоў.
Авіякампанія «Чэшскія авіялініі» была заснавана ў 1923 годзе і лічылася адной з найстарэйшых у свеце. Да 2013 года больш за 95% акцый прадпрыемства належалі дзяржаве. Пазней Smartwings стала мажарытарным уладальнікам акцый CSA.
У сакавіку 2021 года «Чэшскія авіялініі» прызналі банкрутам з-за высокіх запазычанасцяў. З пачатку кастрычніка 2024-га CSA ўваходзіла ў групу Smartwings.
Каментары