«Я не збіраюся апраўдвацца перад жыхарамі іншай краіны!» Саліст «Пятлі прыхільнасці» адказаў на хэйт з боку расіян
Прэм’ера цалкам беларускамоўнага альбома, якая адбылася ўчора на музычных анлайн-пляцоўках, нечакана справакавала хвалю абурэння ў часткі расійскай публікі. У сацсетцы ВКонтакте ў адрас калектыва пасыпаліся абразы і папрокі.
«Не разумею, адкуль карані гэтай пагарды да беларускай мовы? Мы ні ў нікога не павінны пытаць дазволу. Мы — беларускі гурт і гэта наша поўнае права! — музыкант быў шчыра здзіўлены і абураны такой рэакцыяй ад часткі рускамоўнай аўдыторыі. — А калі б мы заспявалі на англійскай мове? Ці назіраўся б такі хэйт?! Я ўпэўнены, што не. Але ў дачыненні беларускай мовы такое дапускаецца!» — пракаментаваў ён сітуацыю на спантаннай сустрэчы з прыхільнікамі.
«Калі мы ствараем нешта, то робім гэта, сыходзячы з нашага ўнутранага жадання, — адказаў музыка на пытанне наконт таго, ці ўлічвае гурт магчымыя рызыкі страты пэўнай часткі аўдыторыі. —
Для нас гэта не кан’юнктура, а ўнутранае памкненне як творчых адзінак. Калі мы захочам зрабіць альбом на рускай мове, мы яго зробім. Зараз мы палічылі важным стварыць альбом на беларускай мове. Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусі, а не Расійскай Федэрацыі, паўтаруся. Вось і адказ на ўсе пытанні».
Ілья спадзяецца, што большасць расійскіх слухачоў гурта «Пятля прыхільнасці» ўсё ж мае іншую пазіцыю, чым хэйтары з ВКонтакте.
«А тыя, хто ад нас адпісаліся — мы гэтаму рады. Мы не жадаем, каб нас слухалі шавіністы», — кажа музыка.
Каментары