На вялікім мітынгу ў Тбілісі грузінская апазіцыя запатрабавала правядзення паўторнага галасавання.
Сярод іншых на мітынгу выступіла прэзідэнтка Грузіі Саламе Зурабішвілі, якая абвясціла, што «ніхто не зможа скрасці еўрапейскую будучыню Грузіі».
«Тыя, хто тут, — вы не прайгралі выбары […] У вас скралі галасы і пастараліся скрасці ў вас будучыню! Але ні ў каго няма права на гэта, і вы не дасце нікому на гэта права!» — заявіла яна.
«Магу паклясціся, што буду з вамі да канца на гэтым еўрапейскім шляху. Да таго часу, пакуль мы не дасягнем Еўропы, якая з'яўляецца не проста нашай марай, а рэальнасцю, бо ў нас няма іншай альтэрнатывы», — заявіла Зурабішвілі.
«Адзіныя перамовы з урадам будуць тычыцца таго, каб правесці новыя выбары пры дапамозе міжнародных назіральнікаў», — заявіў кіраўнік «Адзінага нацыянальнага руху» Георгій Вашадзэ.
Мяркуючы па фота і відэа, на гэты мітынг прыйшло дастаткова шмат людзей, паведамляецца пра прынамсі 15 тысяч чалавек.
Сілавікі ў Тбілісі збіраюцца на вуліцах, якія прымыкаюць да цэнтральнага праспекта Руставелі, дзе ідзе акцыя пратэсту. Пра затрыманні пратэстоўцаў або іх сутыкненні з сілавікамі пакуль не паведамлялася.
Каментары
гениально!!!