Арастовіч: Мы збіраемся будаваць доўгія і шчаслівыя адносіны з беларусамі
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч у чарговым інтэрв'ю «ФейгинLIVE» падрабязна закрануў беларускае пытанне і выказаў упэўненасць наконт светлай будучыні ўкраінска-беларускіх адносін, паколькі «наогул больш блізкіх нам людзей, чым беларусы, цяжка сабе ўявіць».
Арастовіч акрэсліў цяперашнюю палітыку, якая праводзіцца ў дачыненні да Беларусі, беларусаў і дзейнага ў Беларусі рэжыму, як Realpolitik:
«Таму што мы праводзім у дачыненні да Беларусі тое, што называецца Realpolitik, і яно заключаецца ў тым, што, з аднаго боку, мы выразна падзяляем беларускія ўлады і беларускі народ. З іншага боку, мы разумеем, што беларускія ўлады робяць тое, што называецца ў заходняй палітычнай навуцы «эфектыўны кантроль» — над сілавікамі, над дзяржаўнай машынай і гэтак далей.
А гэта значыць, што мы, напрыклад, карыстаемся іх паслугамі як пасярэднікаў, — карысталіся — на перамовах. І выдатна разумеем, што мы адмовілі Лукашэнку ў праве прадстаўляць свой народ, не прызналі абраным прэзідэнтам, вынікі выбараў не прызналі. «Рэальная палітыка», — сказаў ён.
Па словах дарадцы кіраўніка Офіса Зяленскага, галоўнай задачай цяпер з'яўляецца тое, каб у памяці беларусаў не засталося, «што хоць адзін украінскі салдат стрэліў у беларуса».
«Гэта нашы суседзі. Гэта наш, напэўна, найбольш блізкі па крыві народ. І дакладна нам не патрэбныя ў гістарычнай памяці ўкраінскія салдаты, якія стралялі ў беларусаў. Мы збіраемся будаваць доўгія і шчаслівыя адносіны з беларусамі. Таму адкрыццё другога фронту, пры ўсёй законнасці гэтага адкрыцця, таму што з тэрыторыі Беларусі супраць нас ажыццяўляюцца ваенныя дзеянні, не ўваходзіць у нашы планы.
Таму што лідары краін або лідары ў двукоссях прыходзяць і сыходзяць, а народ застаецца. І нам не трэба, паўтаруся, каб у памяці беларусаў засталося, што ўкраінцы стралялі ў беларусаў.
Таму мы не страляем, маючы поўнае законнае права і маючы ўсе баявыя магчымасці рабіць уздзеянне, не страляем. І беларусы нам, дарэчы, плацяць той жа самай манетай — беларуская армія адмовілася ўдзельнічаць па сутнасці, сабатавала аперацыі супраць Украіны. І гэта ўзаемна», — заявіў дарадца.
«Нам гэтага не трэба, дзеля аднаго таварыша ў Маскве або некалькіх таварышаў у Маскве ўступаць у бойку паміж сабой — гэта не тое, што трэба. У дачыненні да Беларусі ёсць пэўная пазіцыя.
Наш міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба запрашаў беларусаў у Люблінскі саюз, Люблінскую тройку — чацвёртым. І ёсць гістарычныя падставы — мы доўга жылі ў складзе адной дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага, Савецкага Саюза і гэтак далей. І наогул, больш блізкіх нам людзей, чым беларусы, цяжка сабе ўявіць.
І мы дакладна не пойдзем на гэта, калі нас не вымусяць, і я слаба ўяўляю, калі гэта можа здарыцца. Ну хіба што беларуская армія пяройдзе мяжу і адкрые агонь па нас непасрэдна», — запэўніў ён.
Арастовіч кажа, што раптоўная праверка сілаў рэагавання ў Беларусі не павінна выклікаць занепакоенасці, паколькі, паводле яго слоў, яна з'яўляецца рэакцыяй на польскія вучэнні DEFENDER EUROPE 2022 і SWIFT RESPONSE 2022.
Каментары