Грамадства

Хто яны — трое рэйкавых партызан, якім пагражае расстрэлам СК

Следчы камітэт анансаваў перадачу ў суд справы светлагорскіх рэйкавых партызан. Аказалася, што затрыманыя — сваякі. Пастараліся высветліць, хто яны і чаму вырашыліся на такі крок.

Злева направа: Зміцер Равіч, Алег Малчанаў і Дзяніс Дзікун. Фота: сацсеткі

Зміцер Равіч, Алег Малчанаў і Дзяніс Дзікун спалілі рэлейную шафу на чыгунцы, каб перашкодзіць руху ваеннай тэхнікі праз Беларусь. Іх затрымалі 4 сакавіка.

Усе трое жылі ў Светлагорску і не ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года. Але з пачаткам вайны гэта змянілася.

Зміцер Равіч

Мужчыне 33 гады. Ён працаваў у філіяле «Беларусьнафты» вышкамантажнікам-электраманцёрам, а паралельна вучыўся на курсах ад расійскага ўніверсітэта «Сінергія».

Па паведамленнях тых, хто яго ведаў, мужчына быў спакойны і неканфліктны. Ягонае вялікае хобі — машыны. Зміцер часта браў іх у вольны час на рамонт, захапляўся дыягностыкай.

Ён любіць падарожнічаць і з сям'ёй вёў досыць актыўны лад жыцця. Таксама любіць спорт, наведваў трэнажорную залу.

У яго двое малых дзяцей. Знаёмыя апісваюць яго як узорнага бацьку і мужа.

Алег Малчанаў

На святкаванні дня ВМФ. Фота: сацсеткі

Мужчыне 52 гады. Ён — колішні вайсковец, служыў у ВМФ на выспе Рускі каля Уладзівастока. Цяпер часць закінутая, але за савецкім часам такая служба была вельмі прэстыжнай.

Пасля флоту Алег працаваў звычайным рабочым — садоўнікам, кіроўцам, слесарам, качагарам. Потым адкрыў ІП па грузаперавозках, а паралельна падпрацоўваў тым, што прывозіў у Светлагорск забавы ў паркі для дзяцей кшталту вялікіх машынак, у якіх яны маглі катацца. Час ад часу мужчына таксаваў.

Алег актыўны чалавек, які вельмі ганарыцца сваёй службай. З пабрацімамі яны арганізавалі музей у гонар ВМФ у Светлагорску і штогод адзначалі ліпеньскае прафесійнае свята. У Алега трое дзяцей — дарослая дачка і двое непаўналетніх сыноў.

Дзяніс Дзікун

Фота: сацсеткі

Дзянісу 29 гадоў. Апошнім часам ездзіў на заробкі ў Расію. Ягоная нявеста — дачка Алега Малчанава.

Хлопец — вялікі аматар футбола, калі быў маладзейшы, то гуляў сам. Ён і цяпер стараўся падтрымліваць сябе ў форме і рэгулярна хадзіў у спортзалу.

Брат Дзяніса Зміцер расказвае, што затрыманыя — сваякі.

Браты Дзяніс (злева) і Зміцер. Фота: сацсеткі

«Алег — бацька нявесты брата, а Зміцер — муж маёй сястры. Мы ўсе былі знаёмыя, усе разам часта на дачу ездзілі. 

У пратэстах 2020 года ніхто з іх не ўдзельнічаў. Алега аштрафавалі быццам бы ўдзел у пратэстах, але гэта была выпадковасць — ён працаваў у таксі, чакаў кліента і трапіў на камеру. 

Але я думаю, што яны не здолелі трываць бязладдзе, якое адбываецца ў Беларусі. А пасля пачалася вайна, праз Светлагорск пайшлі эшалоны і калоны з расійскай тэхнікай — усе бачылі гэта на ўласныя вочы. І я мяркую, што ў іх проста скончылася цярпенне і яны захацелі дапамагчы Украіне.

Падчас затрымання іх катавалі і збівалі — нам казалі, брат кульгаў і трымаўся за бок, калі яго вялі ў ІЧУ. Іх усіх развезлі па розных гарадах: Дзяніса — у Светлагорск, Змітра — у Рэчыцу, а Алега — у Жлобін.

Я ведаю, што цяпер трымаюцца яны цяпер даволі бадзёра. Але вельмі перажываю за тое, як і чым гэта скончыцца».

Мужчын абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму, здзейснены ў складзе арганізаванай групы, які пацягнуў цяжкія наступствы, што ствараюць пагрозу гібелі людзей і прычыненне ім цялесных пашкоджанняў), ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), ч.ч. 2, 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў злучэння, якое пацягнула цяжкія наступствы, а таксама стварыла пагрозу крушэння, аварыі і гібелі людзей) і ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве).

СК заяўляе, што ім пагражае смяротнае пакаранне. Аднак змены ў Крымінальны кодэкс былі ўнесены толькі 29 мая, таму па законе не распаўсюджваюцца на ранейшы перыяд (паколькі пагаршаюць стан зняволеных, а не змякчаюць яго). Да паправак абвінавачаных па ч.3 арт. 289 КК можна было прысудзіць да расстрэлу ў выпадку, калі загінулі людзі. Па абноўленым законе смяротнае пакаранне па гэтым артыкуле можна прызначыць і тады, калі ніхто не загінуў.

Каментары

Стала вядома, чаму пераможца беларускага адбору «Міс Сусвет» не едзе на конкурс. Яна знайшлася ў СІЗА6

Стала вядома, чаму пераможца беларускага адбору «Міс Сусвет» не едзе на конкурс. Яна знайшлася ў СІЗА

Усе навіны →
Усе навіны

Шольц сазваніўся з Пуціным — дэталі размовы9

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

21-гадовую беларуску згвалцілі ў адным з рэстаранаў Санкт-Пецярбурга. Яна ў бальніцы46

Пасажыры селі ў новыя аўтобусы МАЗ у Віцебску і «перанесліся» ва Уфу. Як так выйшла?6

Стрыжак: У новай атацы ў полі зроку сілавікоў некалькі сотняў чалавек1

У Санкт-Пецярбургу ваенкам з жонкай адпраўлялі на фронт «мёртвыя душы», а грошы пакідалі сабе1

У Польшчы арыштавалі кіроўцу аўтобуса «Гомель — Уроцлаў», які з'ехаў у кювет

У Беларусі могуць зрабіць бясплатнай і другую спробу ЭКА

Улады Абхазіі маюць намер адклікаць інвестыцыйнае пагадненне з РФ. Пратэстоўцы ўжо ўварваліся ў будынак парламента3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, чаму пераможца беларускага адбору «Міс Сусвет» не едзе на конкурс. Яна знайшлася ў СІЗА6

Стала вядома, чаму пераможца беларускага адбору «Міс Сусвет» не едзе на конкурс. Яна знайшлася ў СІЗА

Галоўнае
Усе навіны →