Гэтая страва аб’ядноўвае ў сябе два класічныя рэцэпты — яблычны пірог і дэсерт «крамбл». Праявіце ў рэцэпце сваю творчасць: смела замяняйце садавіну ці цукар на іншы або дадавайце ў рэцэпт арэхі, якія вам падабаюцца.
Каб згатаваць яблычны пірог з крошкай, вам спатрэбіцца:
- 375 грамаў гатовага салодкага пясочнага цеста
- 4—6 яблыкаў (вагой каля 800 грамаў)
- сталовая лыжка лімоннага соку
- паўтары сталовыя лыжкі мукі + 85 грамаў мукі для верхняга слою
- 85 грамаў масла, нарэзанага на кубікі
- палова чайнай лыжкі молатага мускатнага арэху
- палова чайнай лыжкі молатай карыцы
- 100 грамаў цукру + 4 сталовыя лыжкі цукру для верхняга слою + дадатковы цукар для пасыпання
- 50 грамаў разынак ці свежай ажыны (калі маеце)
- дробка солі
- жменя аўсяных шматкоў (па жаданні)
- Падрыхтуйце форму для пірага, пажадана дыяметрам 23 сантыметры. Трохі пасыпце працоўную паверхню мукой, потым раскачайце на ёй цеста, пакуль яно не стане ў памеры на 3 сантыметры шырэйшым за форму.
- Перавярніце цеста на качалку і з яе дапамогай перанясіце цеста ў форму. Уцісніце цеста ў яе і абрэжце лішнія часткі вострым нажом. Астудзіце цеста, пакуль вы будзеце рабіць начынне.
- Разагрэйце духоўку да 190 градусаў і пастаўце бляху для выпякання на сярэднюю паліцу ў духоўцы.
- Прасейце ў вялікую міску 85 грамаў мукі і дробку солі, дадайце масла. Пальцамі ўцірайце масла ў муку, пакуль не атрымаеце цеста, падобнае па кансістэнцыі да буйной крошкі.
- Дадайце 4 сталовыя лыжкі цукру і, калі хочаце, аўсяныя шматкі. Пастаўце крошку ахалоджвацца ў халадзільнік.
- Аблупіце яблыкі, дастаньце з іх сярэдзіну і нарэжце яблыкі на буйныя долькі. Перамяшайце яблыкі з лімонным сокам у асобнай місцы.
- Прасейце паўтары сталовыя лыжкі мукі, карыцу і мускатны арэх, добра перамяшайце. Дадайце 100 грамаў цукру, а таксама разынкі ці ажыну, калі выкарыстоўваеце. Перамяшайце.
- Выкладзіце яблыкі ў форму з цестам, пасыпце крошкай, а потым сумессю з пункта 7. Не пужайцеся, калі цеста занадта высокае, бо падчас выпякання яно асядзе. Выпякайце пірог 30 хвілін ці пакуль цеста і крошка не стануць залацістымі і хрумсткімі. Падавайце пірог з вяршкамі ці марожаным.
Каментары