З Расіі прыехала выкрываць «міф пра Курапаты» гісторык, якая перапісвае гісторыю Катынскага расстрэлу на карысць чэкістаў
У прапагандысцкім рэпартажы на дзяржаўным тэлебачанні яна разабрала выдуманую ёю самой канспіралагічную тэорыю пра «пятую Катынь» у Беларусі, за якой быццам бы стаіць Польшча.
Да Ночы расстраляных паэтаў на «Беларусь 1» выйшаў матэрыял, у якім ізноў накінуліся на дыпламатаў краінаў Еўрасаюза, якія паводле даўняй традыцыі наведалі Курапаты, каб ушанаваць памяць пра ахвяр сталінскага тэрору.
У рэпартажы прызналі, што рэпрэсіі ў 1930-я гады сапраўды былі, бо «час быў такі», але Курапаты быццам бы ніяк з імі не звязаныя. Скончылася ўсё абвінавачваннямі краін Захаду ў духу знакамітага выразу «а ў вас неграў лінчуюць».
Спачатку для развянчання «міфа пра Курапаты» паказалі фрагмент архіўнага рэпартажу з адстаўным сілавіком Аляксандрам Плавінскім, вядомым адмаўляльнікам і фальсіфікатарам гісторыі Курапатаў, якога ўжо не раз лавілі на хлусні і маніпуляцыях.
Чытайце таксама: «Лом у мурашніку». Зірніце, з дапамогай якіх прыёмаў адстаўнік Плавінскі фальсіфікуе гісторыю Курапатаў
У другой частцы выпуску выкрыццём Курапатаў занялася новая гераіня з Расіі — Аксана Карнілава, кандыдат гістарычных навук і член Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства.
Перапісванне гісторыі Курапатаў
Яе адразу папрасілі распавесці тэорыю пра «пятую Катынь», якая быццам з'яўляецца часткай польскай прапаганды.
«У польскім гістарычным наратыве Курапаты называюцца «пятай Катынню», дзе планавалася і, напэўна, дагэтуль плануецца пабудаваць так званыя пятыя Катынскія могілкі. Тут цікава тое, што да 1992 года, то-бок на працягу доўгіх 40-50 гадоў палякі казалі толькі пра тры месцы, якія былі размешчаны на тэрыторыі Савецкага Саюза. Гэта Катынь, Меднае, Харкаў. […]
Ніякіх згадак ні пра 4-ю Катынь, гэта ўкраінская Быкоўня, ні пра 5-ю Катынь, гэта беларускія Курапаты, не было. Не было ні слова, ні згадкі, ніводнага сваяка, які б шукаў і казаў пра тое, што тут штосьці адбывалася», — заяўляе Карнілава.
Чытайце таксама: Курапаты: на сёння вядома амаль усё
Незразумела, як сваякі маглі згадваць пра месца пад Мінскам, калі яно было адшукана толькі ў 1988 годзе. Пра масавае забойства польскіх афіцэраў у Катыні іхнія сваякі таксама маглі б даведацца на паўстагоддзе пазней, калі б у 1942 годзе па наводцы мясцовых жыхароў пахаванні не выявілі немцы, якія вырашылі выкарыстаць іх у сваёй прапагандзе супраць бальшавікоў. Да таго моманту савецкія ўлады на запыты польскага ўрада ў выгнанні адказвалі, што ўсіх палякаў адпусцілі па амністыі і яны недзе «згубіліся».
«Сітуацыя змянілася пасля развалу Савецкага Саюза. У кастрычніку 1992 года з'явіўся так званы дакумент, закрыты пакет №1, запіска Берыі, у якой амаль 7500 новых катынскіх ахвяр: украінскіх катынскіх ахвяр і беларускіх катынскіх ахвяр», — працягвае расійскі гісторык.
З яе слоў можна зразумець, што запіска Берыі з закрытага пакета №1 узялася невядома адкуль. Але нават сёння яе можна адшукаць на дзяржаўным расійскім сайце «Электронная бібліятэка гістарычных дакументаў».
У публікацыі 1992 года прыведзены фотакопіі арыгінальнага дакумента з прапановай да Сталіна расстраляць не толькі 14,7 тысячы польскіх ваеннапалонных, але і 11 тысяч зняволеных у турмах БССР і УССР палякаў, у тым ліку памешчыкаў, фабрыкантаў, былых польскіх афіцэраў, чыноўнікаў і перабежчыкаў, а таксама абвінавачаных ва ўдзеле ў контррэвалюцыйных шпіёнскіх і дыверсійных арганізацыях.
Дакумент не ўзяўся з ніадкуль, крыніца ў публікацыі дакладна пазначаная — «Адміністрацыя Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, фонд 3. Закрыты пакет №1». У 2010 годзе Расархіў выклаў каляровыя копіі дакументаў, якія маюць дачыненне да Катынскага расстрэлу.
У лагерах і турмах Беларусі і Украіны ў выніку было расстраляна 7305 палякаў. Гэты лік вядомы з запіскі старшыні КДБ СССР Аляксандра Шалепіна да Хрушчова пра ліквідацыю ўсіх уліковых спраў на польскіх грамадзян, расстраляных у 1940 годзе, якая датуецца 1959 годам (дакумент таксама адсканаваны і выкладзены ў свабодны доступ расійскім архівам).
У 1994 годзе Служба бяспекі Украіны, пераемніца НКВД УССР, адшукала ў сваіх архівах і перадала Польшчы спіс з імёнамі 3435 польскіх грамадзян, расстраляных на тэрыторыі Украіны. Адпаведна, зыходзячы з простай арыфметыкі, у так званы «беларускі катынскі спіс» мусяць уваходзіць астатнія 3870 расстраляных.
Але ў Беларусі чэкісты захавалі свае пазіцыі пасля развалу СССР і пакінулі старую назву, ад якой адракліся нават у Расіі. Пераемнікі НКВД БССР імкнуцца захаваць пра сябе «светлую памяць», а таму архівы КДБ Беларусі дагэтуль застаюцца закрытымі. Польшча нягледзячы на ўсе свае высілкі так і не змагла атрымаць ад беларускага боку звесткі пра расстраляных польскіх грамадзян у БССР.
Аднак Карнілава называе звесткі з дакументаў «польскім канструктам», які быццам бы прыняла Украіна, але не прыняла Беларусь. Яна сцвярджае, што на тэрыторыі Беларусі палякі планавалі пабудаваць пятыя «катынскія могілкі», дзе быццам бы пахаваны 3500 палякаў. На яе думку, няма ніякіх дакументаў і сведчанняў, што гэтыя палякі ў беларускіх турмах існавалі.
Цікавая сітуацыя атрымліваецца — арыгіналы савецкіх дакументаў пра колькасць расстраляных палякаў у турмах БССР і УССР публікуюць расійскія дзяржаўныя інстытуты, але звесткі з іх чамусьці аказваюцца «польскім канструктам».
Атрымаць жа больш дэтальныя дакументы пра той перыяд з архіваў КДБ, вядома, немагчыма праз тое, што іх дагэтуль адмаўляюцца рассакрэціць у Беларусі.
Далей Карнілава распавядае быццам бы польскую версію пра тое, што ў мінскай турме НКВД стаялі ванны з салянай кіслатой, у якіх быццам бы растварылі 3 тысячы польскіх афіцэраў. «У гады вайны гэта ўсё прыдумаў Гёбельс», а пасля нібыта перанялі палякі.
Таксама яна расказвае, што польскі бок нібыта патрабаваў правесці раскопкі ў Курапатах, «але вельмі хутка ад гэтых раскопак, ад гэтых эксгумацый адмовіліся, таму што наўрад ці яны тут кагосьці знойдуць».
Насамрэч Польшча яшчэ з 2012 года дамагаецца таго, каб правесці раскопкі ў Курапатах. Але іх не праводзяць не таму, што палякі перадумалі, бо ведаюць нейкую таямніцу, а таму што не дае згоды беларускі бок: няма «катынскага спісу», значыць, не было і расстрэлаў, а таму і капаць няма што — вельмі зручнае замкнёнае кола. У 2021 годзе зноў пра неабходнасць эксгумацыі парэштак у Курапатах нагадаў польскі прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі — не вельмі падобна да таго, што палякі «адмовіліся».
«Пятая Катынь»
«Наша Ніва» паспрабавала адшукаць згадкі пра Курапаты як пра «пятую Катынь», якая, як сцвярджае Аксана Карнілава, існуе ў польскім гістарычным наратыве. За выключэннем тэкставых версій гэтага рэпартажа з «Беларусь 1» мы не адшукалі аніводнай згадкі па «Пятую Катынь» па-руску. Роўна нуль згадак знайшлося і па-польску пра «Piąty Katyń».
Няма ніякіх згадак і пра чацвёртую, і пра трэцюю Катынь. «Другая Катынь» існуе, але так называюць гібель польскіх элітаў у авіякатастрофе пад Смаленскам, радзей — апісваючы іншыя масавыя забойствы палякаў. Усяго адзін раз Курапаты параўнаныя з «другой Катынню» ў польскамоўнай газеце Głos znad Niemna ў 1989 годзе.
Выглядае, што «польскія наратывы» пра множныя Катыні госця, запрошаная з Расіі, папросту выдумала проста ў эфіры «Беларусь 1».
Хто такая Аксана Карнілава?
Пасля прагляду рэпартажу не пакідае адчуванне, што жанчыну запрасілі, бо ў Беларусі не знайшлося гісторыкаў, акрамя заезджанага Плавінскага, які насамрэч хімік па адукацыі, якія б змаглі вываліць за раз столькі трызнення па тэме Курапатаў.
Гісторык Аксана Карнілава пражывае ў Смаленску і сапраўды займалася тэмай сталінскіх палітычных рэпрэсій, а дакладней адным іх аспектам — савецкай пенітэнцыярнай сістэмы і лагерамі ГУЛАГа.
У 2013 годзе яна абараніла ў Смаленскім дзяржаўным універсітэце кандыдацкую дысертацыю па тэме выкарыстання прымусовай працы пры будаўніцтве аўтамагістралі Масква — Мінск у 1936—1941 гадах.
У 2000—2017 гадах яна кіравала навукова-экспазіцыйным аддзелам мемарыяла «Катынь», дзе знайшла сабе справу па душы — адмаўленне агульнапрынятай версіі пра тое, што адбылося ў Катыні. Гэта, вядома, многае кажа пра гістарычную навуку ў сучаснай Расіі. Па ступені абсурднасці сітуацыі яе можна параўнаць хіба толькі з тым, калі б адмаўляльнік Халакоста працаваў у мемарыяле Яд ва-Шэм.
Пасля Карнілава працавала галоўнай захавальніцай фондаў расійскага дзяржаўнага музея «Смаленская крэпасць».
Таксама паралельна ўдзельнічае ў розных інтэграцыйных праектах: раней была навуковай супрацоўніцай НАЦ «Расія і Беларусь», цяпер — член Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства і навуковы дырэктар Цэнтра вывучэння перспектыў інтэграцыі ЕАЭС, зарэгістраванага ў Мінску, якія арганізуюць прарасійскія і антыпольскія мерапрыемствы ў Беларусі. Так што яе візіты не выпадковыя.
Выступленні Карнілавай на такіх мерапрыемствах напоўнены такой жа ідэалагічнай дэзынфармацыяй, як тое, што яна агучыла пра Курапаты для беларускага тэлебачання.
Напрыклад, яна называе Катынскі расстрэл «правакацыяй», разлічанай на палякаў, параўноўваючы яго з нядаўняй разнёй у Бучы, учыненай расійскімі вайскоўцамі супраць мірнага насельніцтва. На яе думку абедзве «правакацыі» яднае быццам бы незвычайны выбар назвы. У адным выпадку немцы нібыта выбралі Катынь, бо тапонім сугучны польскаму слову «кат», а ў другім выпадку ўкраінцы выбралі Бучу, бо тапонім сугучны са словам «мяснік» у англійскай мове — «butcher».
Шмат у чым дзякуючы Карнілавай, якая называе трагедыю ў Катыні фэйкам, навязаным Расіі заходнім светам, адбываецца паступовае знішчэнне мемарыяла польскім ахвярам сталінскага тэрору і перафарматаванне яго ў помнік ахвярам нацыстаў. Абкатаную ў Расіі фальсіфікацыю гісторыі Карнілава, відаць, цяпер будзе дапамагаць рэалізаваць і ў Курапатах.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬМалады экс-дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі ўзначаліў мемарыял «Катынь» у Расіі
У Катыні і Медным знялі сцягі Польшчы на мемарыялах, створаных у памяць пра забойствы польскіх ваеннапалонных
У Расіі заявілі пра магчымы перагляд адказнасці Сталіна на Катынскія расстрэлы. Пасольства Польшчы абурылася
Прапагандысты пахваліліся вандалізмам у Курапатах ФОТЫ
Каментары
Сейчас у нас тоже есть свой Берия. Историю они не учат.
Што трэба рабіць у такіх выпадках? Яшчэ больш даносіць да беларусаў пра камуністычныя руска-савецкія злачынствы! Каб не пісалі пра нейкі абстрактны фашызм ці z, а разумелі, што гэта канкрэтна БАЛЬШАВІЦКІЯ КАМУНІСТЫЧНЫЯ РУСКІЯ (РАСЕЙСКІЯ) САВЕЦКІЯ злачынствы.