За шпіянаж на карысць Літвы затрымалі былога галоўнага доктара санаторыя «Беларусь»
Андрэй Кобель, былы галоўны доктар санаторыя «Беларусь» у Літве, а потым — у Сочы, быў затрыманы паўгода таму за шпіянаж на карысць Літвы. Пра гэта паведамілі ў спецыяльным фільме пра выяўленых шпіёнаў на тэрыторыі Беларусі, паказаным на тэлеканале «Беларусь 1».
«Паўгода таму затрымалі Андрэя Кобеля. Асоба маштабная — 10 гадоў ён быў галоўным доктарам санаторыя «Беларусь» у Літве, потым на той жа пасадзе працаваў у Сочы, а пазней узначаліў аддзел РНПЦ у Мінску. Літоўцы абклалі яго па ўсіх правілах шантажу: пагражалі крымінальнай справай за махінацыю з зямельным участкам, крадзеж сродкаў пры рэканструкцыі санаторыя. Маўляў, пазбавяць яго і членаў сям'і дазволу на жыхарства, а сыну падкінуць у аўтамабіль наркотыкі», — сцвярджаецца ў сюжэце.
Маўляў, пад ціскам Кобель падпісаў абавязацельства аб супрацоўніцтве, збіраў і перадаваў даныя беларусаў, якія адпачывалі ў санаторыях, у тым ліку звесткі пра рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, якая знаходзіцца на тэрыторыі санаторыя. Цана пытання была некалькі соцень еўра.
Паведамляецца, што Кобель затрыманы па артыкуле «здрада дзяржаве».
Каментары