Агляд фільма «Усёбачнае вока»: ці варта глядзець новую стужку з Крысціянам Бэйлам на Netflix? Забойства, мутацыі і Эдгар Алан По
Першы фільм ад Netflix у 2023 годзе — «Усёбачнае вока» (у англійскім арыгінале «The Pale Blue Eye», ці «Бледна-блакітнае вока») — гэта сумесь крывавых сцэн і выбліскаў гатычнага настрою, а таксама адно вялікае адкрыццё, якое прымусіць вас будаваць тэорыі і біцца ў здагадках аж да самага канца стужкі.
Фільм, заснаваны на кнізе Луіса Баярда, пераносіць нас у 1830 год, у вайсковую акадэмію ЗША ў Нью-Ёрку. Пасля нібыта самагубства быў знойдзены мёртвы кадэт, але ўзнікаюць сумневы, калі выяўляецца, што ягонае сэрца было выдалена пасля смерці.
У спробе абараніць сваю рэпутацыю кіраўнікі акадэміі звяртаюцца да паважанага мясцовага дэтэктыва Агастэса Лэндара (Крысціян Бэйл), каб раскрыць забойства. Лэндар, у сваю чаргу, звяртаецца па дапамогу курсанта-ізгоя Эдгара Алана По (Гары Мелінг) — знакамітага пісьменніка — каб раскрыць усю праўду знутры. Але ці зможа малаверагодны дуэт разблытаць жудасную справу да таго, як ужо іншы кадэт стане мішэнню забойцы?
Тэхнічна «Усёбачнае вока» — гэта другі дэтэктыўны фільм пра забойства, выпушчаны «Нэтфліксам» праз некалькі тыдняў пасля «Шкляной цыбулі» (сіквел вядомага фільма «Дастаць нажы»). Тым не менш гэтыя два фільмы не могуць быць далей адзін ад аднаго ў сваіх падыходах да жанру. І калі вы чакаеце пабачыць складаную і закручаную гісторыю ў стылі «Шкляной цыбулі», то вы сапраўды глядзіце не той фільм на Netflix.
Сцэнарыст-рэжысёр Скот Купер, для якога гэта быў ужо трэці сумесны фільм з Бэйлам, не спяшаецца з расповедам гэтай страшнай і таямнічай гісторыі. Гэта не будзе нечаканасцю для тых, хто ўжо бачыў фільмы Купера, аднак для тых, хто ніколі не цікавіўся ягонай творчасцю, фільм можа выглядаць занадта спакойным і павольным.
Аднак свет, які стварыў Купер разам з мастачкай-пастаноўшчыцай Стэфаніяй Чэла, уражвае. Падчас прагляду «Усёбачнага вока» вам захочацца апрануцца цяплей, каб цалкам заглыбіцца ў суровую гатычную абстаноўку акадэміі.
На вялікім экране (у кінатэатрах гэты фільм быў выпушчаны абмежаваным накладам) вы будзеце атрымліваць асалоду ад знаходжання ў гэтым выдатна рэалізаваным свеце, як бы павольна ні развіваўся сюжэт. Аднак, калі глядзець фільм дома, можна высветліць, што вы да яго безуважлівыя, бо расследаванне больш прысвечана абмеркаванню тэмы смяротнасці, чым заблытаным сюжэтным адкрыццям.
Крысціян Бэйл і Гары Мелінг граюць у фільме галоўныя ролі, прычым Мелінг атрымаў больш яркую ролю Эдгара Алана По, а Бэйлу дасталася звычайная роля напружанага і панурага Лэндара. Эпатажны Мелінг з паўднёваамерыканскім акцэнтам і вялікай колькасцю выразаў у стылі Алана По надае фільму тую лёгкасць, якой яму момантамі так моцна не хапае.
Сярод другасных персанажаў ёсць шмат вядомых людзей, але ніхто з іх значна не ўражвае. Фільму было б лепей патраціць больш часу на развіццё герояў, а не на яшчэ адну сцэну з «задуменным Лэндарам».
За хвілін з 30 да канца «Усёбачнага вока» здаецца, што вось ён ужо і канец, але вось тут усё перакульваецца. Да гэтага моманту ўсё было настолькі недамоўленым, галоўнае адкрыццё прыходзіць нібыта зніадкуль, што гэта прымушае вас усумніцца ў яго лагічнасці, а не захапляцца яго нечаканасцю.
Калі пераглядаеш фільм яшчэ раз, ужо ведаючы сюжэт, многія моманты ўспрымаеш у іншым святле. Вы не знойдзеце адказу на ўсе свае пытанні, але насуперак вашым магчымым чаканням фільм з тых, якія пры пераглядзе ўспрымаюцца лепш, чым першы раз, хоць нечаканасці вас ужо не шакуюць.
Аднак пытанне ў тым, ці захочаце вы паглядзець «Усёбачнае вока» больш за адзін раз. Гэта добра прадуманая гатычная гісторыя з выдатнай акцёрскай ігрой, але яе атмасфера і тэмп аповеду прыйдуцца даспадобы не ўсім і могуць не зачапіць.
Каментары