Арастовіч расказаў, як на пачатку вайны заходнія палітыкі чакалі ад Украіны кампрамісу
«Сучасны свет так створаны, што там чакаюць міру і перамоў, нават калі забіваюць дзяцей і сыплюцца на галовы па 150 ракет за дзень», — кажа былы дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч. Ён расказаў журналісту Дзмітрыю Гардону, як у першыя месяцы вайны даводзілася пераконваць заходніх партнёраў у неабходнасці падтрымкі, якая, паводле яго, на пачатку была невідавочная.
На пачатку вайны Украіна вымушана была дэманстраваць гатоўнасць да перамоў з Расіяй аб спыненні ваенных дзенняў, бо гэта было неабходна яе заходнім партнёрам, кажа Арастовіч. Ён адзначае, што ўкраінцы ў тыя перамовы не верылі.
«Але я цудоўна разумеў, што многія сілы на Захадзе і ў свеце марылі, каб гэтыя перамовы былі. Ім патрэбны быў перыяд кансультацый, каб угаварыць сваіх скептыкаў. Нашаму прэзідэнту і ўраду трэба было прадэманстраваць, што мы адэкватныя людзі і мы гатовыя гаварыць», — кажа Арастовіч.
Па яго словах, у сакавіку фінансавая і вайсковая падтрымка Захадам і ўсім светам Украіны была абсалютна не відавочная. У красавіку ўкраінская армія не мела ўжо патронаў.
«А ў гэты час партнёры, якія былі за нас, пераадольвалі найцяжэйшае супраціўленне апазіцыі, прарасійскіх сіл, проста скептыкаў у сябе ў парламентах, у сваіх палітычных элітах. І гэтыя перамовы былі неабходныя», — гаворыць далей Арастовіч.
Палітык кажа, што перамовы ўвечары 24 лютага першым прапанаваў расійскі бок.
«Нам сказалі: прадэманструйце адэкватнасць. Тады лозунгі «Вайна да апошняга ўкраінца», «Пераможам Расію», як цяпер, абсалютна не ўспрымаліся ў свеце. Скептыцызм быў заўважны ў кожным тэлефанаванні, у кожнай кансультацыі, у кожным запыце журналістаў. Дапамога была далёка не відавочнай», — расказвае Арастовіч.
«Калі ж мы прадэманстравалі гэту прытомнасць, то ўсе зразумелі, што кіраўніцтва Украіны адэкватнае і можа прымаць адэкватныя рашэнні, значыць з ім можна наладжваць нармальнае ўзаемадзеянне», — працягвае ён.
Арастовіч кажа, што Крэмль з усіх сіл намагаўся стварыць у свеце ўражанне, што ўкраінская ўлада не здольная да самакіравання. Трэба было даказаць адваротнае.
«Вы ж ведаеце, як сучасны свет створаны: ён абавязкова кажа пра мір і перамовы.
Нават калі вас забіваюць, дзяцей, па 150 ракет за дзень сыплецца на галовы — усё адно мір і перамовы. Мы паказалі, што гатовыя да міру і перамоў. Але ў гэты час баі не перапынялі ні на секунду», — згадвае Арастовіч.
Расія чакала ў сакавіку падпісання Украінай поўнай капітуляцыі. Паводле плана агрэсара, даводзіць Арастовіч, Данбас і Крым афіцыйна адыходзілі Расіі, Украіна адмаўлялася ад намераў уступлення ў НАТА і Еўрасаюз, праводзілася раззбраенне і выбары праз месяц ці два.
«Мы ім рагаталі ў твар і казалі, што яны вар’яты і паступова адбівалі тыя [патрабаванні]. На Стамбульскай сустрэчы ад патрабаванняў практычна нічога не засталося. Яны ўжо былі такімі зайкамі. І нічога не хацелі — ні рускай мовы, ні царквы, ні астатняга», — кажа Арастовіч.
За паўтары гадзіны гутаркі Арастовіч і Гардон толькі аднойчы згадалі Беларусь, калі гаварылі пра Януковіча, які «перамогі Расіі чакаў у Гомелі».
Арастовіч упэўнены, што для перамогі Украіны зараз патрэбная зброя, а найбольш запатрабаваная дальнабойная артылерыя, якая б даставала да тэрыторыі Расіі, каб знішчаць склады з расійскім узбраеннем.
Па яго словах, 90 працэнтаў рашэнняў па Украіне былі прынятыя заходнімі палітыкамі пасля эмацыйнага досведу ад яе наведвання.
«Олаф Шольц памяняўся цалкам за тры гадзіны, — адзначае Арастовіч. — Ён радыкальна стаў іншым чалавекам. У Бучу заехаў адзін, а выехаў другім. Усю палітыку нямецкую потым развярнуў».
На думку Арастовіча, Пуцін разгублены і баіцца, але спрабуе дэманстраваць спакой.
«Для многім палітыкаў на Захадзе перамога Украіны — гэта ўжо іх асабістая перамога, — настойвае Арастовіч. — А адсутнасць перамогі Украіны ці замарожаны канфлікт — гэта іх асабістая няўдача».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Военная помощь Запада - ослабляет Россию, но сильнее она сокращает население Украины.