«Каля 450 тысяч замежнікаў наведала Беларусь па бязвізе». Праўда? Выглядае, што ў разы менш
Прапаганда казырае лічбамі наведвання Беларусі па бязвізе для жыхароў трох суседніх краін ЕС. Па апошніх даных, магчымасцю наведаць Беларусь без візы скарысталася каля 450 тысяч замежнікаў. «Наша Ніва» разбіралася, з якімі мэтамі яны едуць у Беларусь.
Ці можна гэтых людзей называць турыстамі?
Бязвіз у цяперашнім выглядзе для жыхароў Латвіі і Літвы існуе з 15 красавіка 2022 года, а з 1 ліпеня 2022 года да іх дадалі грамадзян Польшчы. Такія правілы ўвялі да 31 снежня 2023 года. За мінулы год ад пачатку дзеяння бязвізу Беларусь наведала 386 145 замежнікаў, яшчэ каля 65 тысяч скарысталіся такой магчымасцю ў бягучым годзе.
Лічбы ўражваюць, але, па словах прадстаўнікоў турыстычнай і сумежных сфер, яны не адчуваюць наплыву турыстаў з ЕС, як гэта было да пандэміі, калі ў Беларусі таксама існаваў бязвіз, хоць і з больш складанымі ўмовамі карыстання.
Няма таго, што раньш было
Асноўным бенефіцыярам бязвізу былі Гродна і раён, пра гэта гаворыць не толькі афіцыйная статыстыка, але і мясцовыя экскурсаводы і рэстаратары. Яны з сумам згадваюць 2019 год, калі па горадзе хадзілі натоўпы замежных турыстаў, а на пляцоўцы для турыстычных аўтобусаў у выхадныя дні не хапала месца для ўсіх ахвотных.
Па іх словах, нягледзячы на тое, што наведвальнікаў з Польшчы і Літвы амаль няма, зусім без турыстаў горад не застаўся. Асноўную частку цяперашніх турыстаў складаюць беларусы з іншых рэгіёнаў краіны і расіяне, якіх за апошні год стала заўважна больш.
Гіды адзначаюць, што сітуацыя з турыстамі з суседніх краін ЕС спачатку пагоршала праз кавідныя меры, калі ў суседніх краіных былі ўведзеныя строгія абмежаванні.
«Мы спадзяваліся, што па заканчэнні пандэміі паток турыстаў адновіцца, але за гэты час у Беларусі адбыўся шэраг падзей, якія вельмі негатыўна адбіліся на іміджы краіны. Паездкі ў Беларусь з турыстычнымі мэтамі перасталі быць моднымі, мясцовыя тураператары не гараць жаданнем працаваць з сучаснай Беларуссю, ды і частка людзей лічыць такія паездкі небяспечнымі», — кажа суразмоўца.
Экскурсаводы адзначаюць, што зусім замежныя турысты не зніклі, але ў параўнанні з 2018—2019 гадамі гэта адзінкі ці рэдкія невялічкія групы, якія замаўляюць экскурсію па горадзе.
Пра тое, што ўжо даўно няма таго, што раньш было, кажуць і ўласнікі кавярняў у цэнтры. Па назіраннях некаторых з іх, колькасць наведвальнікаў з суседніх краін ЕС у параўнанні з 2019 годам паменшала ў 10 разоў.
«Раней лік ішоў на дзясяткі замежнікаў, у пікавыя дні гэта магло быць 50—60 чалавек, цяпер добра, калі такіх будзе 5—6», — кажа суразмоўца.
Недахоп турыстаў адчуваюць на сабе як невялікія кавярні, так і вялікія кафэ і рэстараны. Некаторыя з іх да пандэміі мелі дамовы з замежнымі турагенцтвамі на комплексныя абеды, якія ўваходзілі ў цану турпуцёўкі.
Іншыя гараджане адзначаюць, што бачаць у горадзе аўто на літоўскіх і польскіх нумарах, але едуць у Беларусь яны часцей за ўсё не ў турыстычных мэтах, а ў эканамічных, радзей, каб наведаць сваякоў.
Па іх назіраннях, найбольшая канцэнтрацыя літоўскіх машын назіраецца на АЗС, ля шапікаў з цыгарэтамі, у крамах і аптэках на выездзе з горада на літоўскім кірунку.
Прадаўцы цыгарэт кажуць, што з увядзеннем бязвізу ў іх паболела пастаянных кліентаў сярод літоўскіх і польскіх кантрабандыстаў, якія рэгулярна прыязджаюць і купляюць цыгарэты блокамі і нават карабамі.
Той факт, што бязвізавыя паездкі ў Беларусь з эканамічных інтарэсаў карыстаюцца попытам у жыхароў Літвы, падцвярджае і літоўскі бок.
Прадстаўнікі літоўскага Мытнага дэпартамента ў каментарах Delfi.lt паведамілі, што плынь машын з Літвы ў Беларусь вырасла ў 5 разоў, калі Беларусь увяла бязвіз для грамадзян ЕС.
Жыхары Літвы, па словах прадстаўніцы дэпартамента, часцей за ўсё едуць у Беларусь па таннае паліва і цыгарэты.
«Мы пытаем у жыхароў, з якой мэтай яны ездзілі ў суседнюю краіну, яны звычайна нам так адказваюць. У рэдкіх выпадках наведваюць сваякоў, звычайна едуць закупіцца палівам і цыгарэтамі», — сказала Delfi прадстаўніца літоўскай мытні.
Выгада ёсць, бо ў Польшчы, Латвіі і Літве паліва каштуе каля 1,5—1,7 еўра за літр, у той час як у Беларусі каля 0,80—0,85 еўра. Розніца ў цэнах на цыгарэты яшчэ больш заўважная. Пачак цыгарэт у гэтых еўрапейскіх краінах каштуе ад 3,5 да 5—6 еўра.
Хто часцей за ўсё едзе ў Беларусь?
Згодна з афіцыйнымі данымі, часцей за ўсё да нас едуць з Літвы — амаль 300 тысяч чалавек. На другім месцы жыхары Латвіі — амаль 130 тысяч чалавек. Менш за ўсё бязвізам цікавяцца палякі: менш за 30 тысяч візітаў за восем месяцаў.
Больш нізкую цікавасць да паездак у Беларусь з боку палякаў можна патлумачыць тым, што на бягучы момант на беларуска-польскай мяжы працуе толькі адзін пункт пропуску для легкавога транспарту «Брэст — Тарэспаль», але і да таго пункты пропуску былі вельмі перагружаныя, і час чакання ў чарзе не апраўдваецца коштам вывезенага паліва і цыгарэт.
Але трэба разумець, што лічба 300 тысяч не азначае, што кожны дзявяты жыхар Літвы, уключна з дзецьмі і інвалідамі, пабываў у Беларусі. Проста лічбы, якімі аперуюць лукашэнкаўцы, азначаюць не «колькасць унікальных наведнікаў», а «колькасць перасячэнняў мяжы». Добрая частка гэтых візітаў будзе прыпадаць на долю некалькіх тысяч жыхароў памежжа, якія круцяцца ў Беларусь штодзень — туды з пустым бакам, а назад з поўным і з цыгарэтамі, якія пасля ідуць у ценявы абарот.
Каментары
Жуе Летва ! )