«Скарысталіся добрай воляй Чавеса». Экс-міністр Венесуэлы пацвердзіў, што Мінск не вярнуў яго краіне каля 1,5 млрд даляраў
Беларусь вінная Венесуэле каля 1,5 мільярда даляраў за нафту, набытую ў часы кіравання Чавеса. Гэтую інфармацыю ў інтэрвʼю ОCCRP пацвердзіў Рафаэль Рамірэс, які з 2002 па 2013 гады займаў пасаду міністра нафты і горназдабыўнай прамысловасці Венесуэлы.
Учора Беларускі расследавальніцкі цэнтр выпусціў расследаванне аб тым, што Беларусь вінаватая Венесуэле за пастаўкі нафты, якія былі яшчэ ў часы Уга Чавеса, каля 1,5 мільярда даляраў. Пры гэтым пры вывучэнні дакументаў расследавальнікі прыйшлі да высновы, што беларускія ўлады і не збіраліся вяртаць Венесуэле гэтыя грошы.
Цяпер былы венесуэльскі міністр пацвердзіў запазычанасць і распавёў, што кантракт на пастаўку нафты Беларусі быў нявыгадны для Венесуэлы, але яго ўсё роўна падпісалі, паколькі Лукашэнка хацеў стаць незалежным ад расійскай нафты.
«Перш за ўсё, Лукашэнка сказаў Чавесу, што ён хоча стаць незалежным ад расіян, таму што расіяне да гэтага моманту пастаўлялі яму ўсю нафту, у якой ён меў патрэбу, і рабілі гэта ў асноўным па трубаправодзе. У прамове аб незалежнасці ён сказаў, што яму патрэбная венесуэльская нафта, якая будзе паступаць да яго праз Балтыйскае мора. Мне гэта падалося не вельмі добрым [варыянтам], бо гэта было нявыгадна для Венесуэлы. Мы не маглі канкураваць з расіянамі. Urals і азербайджанская нафта значна бліжэй да гэтага рынку. Але што ж… Гэта было ўзгоднена», — заявіў Рафаэль Рамірэс.
Па словах былога чыноўніка, ідэя заключалася ў тым, каб частку аплаты за нафту абмяняць на працу, якую беларусы выконвалі ў Венесуэле: будавалі будынкі ў Фуэртэ-Цівуна, прывозілі абсталяванне для звадкаванага газу для аўтамабіляў і іншыя рэчы.
У нейкі момант, па словах Рамірэса, беларусы не выканалі гэтае патрабаванне.
«Я лічу, што яны скарысталіся добрай воляй Чавеса, у нас было шмат праблем з працай у Венесуэле, таксама была праблема назапашвання даўгоў. Тое, што вы кажаце пра суму 1,4 мільярда, для мяне гучыць хутчэй як 2 мільярды, менавіта гэтая сума ў мяне ў галаве.
Я памятаю гэта, таму што я пачаў скардзіцца спадару Сямашку (Уладзімір Сямашка ў тыя гады быў віцэ-прэмʼерам Беларусі — Рэд.). Ён быў чалавекам, які адказваў за кантакты.
У нейкі момант яны пачалі адмаўляцца плаціць. Асабліва калі прэзідэнт Чавес быў хворы. Калі Чавес памёр, першае, што я сказаў Нікаласу Мадура, гэта тое, што ёсць абавязак Беларусі перад Венесуэлай, ён задакументаваны, ёсць дакументы, і вы, як прэзідэнт, павінны аказаць ціск. Мадура нічога не зрабіў. Я памятаю, як падчас турнэ Мадура паехаў у Беларусь і не пусціў мяне на сустрэчу, бо ведаў, што я збіраюся спагнаць гэты доўг. Не толькі таму, што гэта быў доўг на разумную суму, але і таму, што цана на нафту падала, і мы былі не ў тым становішчы, каб пазычаць камусьці грошы», — распавядае Рамірэс.
Экс-міністр адзначае, што з венесуэльскага боку Мадура не патрабаваў ад беларускага калегі выплаціць гэты доўг.
«Беларусы сказалі нешта незвычайнае… Што гэта была дамоўленасць паміж Чавесам і Лукашэнкам, і што, калі Чавес памрэ, яны не будуць плаціць (…)
Калі беларускі ўрад не хоча падпарадкавацца, бо яны так і кажуць, тады дарэчы падаць у суд на гэтую беларускую кампанію, назву якой я не памятаю», — сказаў Рамірэс.
Каментары
Тогда о чём речь вообще?!